Польскі сучасны выканаўца ўзяўся за агучванне верша, які немагчыма разглядаць без гістарычнага кантэксту. Гаворка ідзе пра творчасць паэта ваеннага пакалення, які загінуў у вельмі маладым узросце – Кшыштафа Каміля Бачыньскага. 2021 год, дарэчы, аб’яўлены ў Польшчы Годам гэтага паэта, які пражыў кароткае жыццё, але пакінуў пасля сябе вершы. Яго творчасць, вершы, хоць напісаныя каля 80 гадоў таму, не страцілі сваёй актуальнасці, яны перадаюць актуальную для ўсяго чалавецтва праўду, што жыццё чалавека – самая вялікая каштоўнасць, якую не заўсёды і не ўсе цэняць так, як павінны. А найгоршае, што можа здарыцца – гэта вайна, калі жыццё чалавек перастае цаніцца амаль цалкам.
За нялёгкую творчасць Бачыньскага ўзяўся польскі музыкант, паэт і кампазітар Дам’ян Укэе (Damian Ukeje). Як прозвішча, так і выгляд музыкі сведчаць пра яго часткова неславянскае паходжанне. Сапраўды, маці Дам’яна – полька, а бацька – ураджэнец Нігерыі.
Дам’ян нарадзіўся ў Шчэціне ў 1986 годзе. Музычную кар’еру ён пачынаў у гурце, што граў музыку ў стылі блюз – Jerry’s Hole Band. У 2009 годзе ўзяў удзел у перадачы «Шанец на поспех», якая дае магчымасць таленавітым выканаўцам паказаць сябе шырокай публіцы. Праграму глядзелі музыканты шчэцінскага калектыву Fat Belly Family, якія запрапанавалі Укэе да іх далучыцца. Такім чынам ён стаў вакалістам гэтай групы. У 2012 годзе музыкант выдаў свой першы сінгл, а двума гадамі пазней ён быў намінаваны да прэстыжнай узнагароды Фрыдэрык у катэгорыі «Дэбют году».
А зараз коратка пра паэта Кшыштафа Каміля Бачыньскага. Нарадзіўся ў Варшаве ў 1921 годзе, быў салдатам Арміі Краёвай, загінуў у часе Варшаўскага паўстання, на чацвёрты дзень пасля пачатку змагання жыхароў Варшавы з нямецкімі акупантамі. Яму было толькі 23 гады. У першы дзень паўстання загінула таксама жонка Бачыньскага Барбара.
Падчас нямецкай акупацыі Кшыштаф Каміль Бачыньскі напісаў чатыры зборнікі паэзіі. Яго творы былі выдадзеныя ўжо пасля вайны. Паэт лічыцца самым выбітным прадстаўніком літаратурнай паэтычнай плыні часоў акупацыі. А я прапаную вашай увазе песню на верш Кшыштафа Бачыньскага «Без імені», якую спявае Дам’ян Укэе. Твор быў напісаны зімой 1941 году.
Oto jest chwila bez imienia:
drzwi się wydęły i zgasły.
Nie odróżnisz postaci w cieniach,
w huku jak w ogniu jasnym.
Wtedy krzyk krótki zza ściany;
wtedy w podłogę – skałą
i ciemność płynie jak z rany,
i w łoskot wozu – ciało.
Oto jest chwila bez imienia
wypalona w czasie jak w hymnie.
Nitką krwi jak struną – za wozem
wypisuje na bruku swe imię.
15 XI 41 r.
Śpiew z pożogi, 1947
Вось момант без імені: дзверы надзьмуліся і пагаслі. Немагчыма разгледзець постаці ў ценях. У грукаце – як у агні яркім. Потым кароткі крык з-за сцяны; тады на падлогу – скалой. І цемра цячэ, як з раны. І ў грукат фурманкі – цела.
Вось момант без імені, выпалены ў часе, як у гімне. Ніткай крыві як струнай – за фурманкай піша на бруку сваё імя.
Кароткі верш, які аказвае на чытача большае ўражанне, чым іншыя доўгія, тэарэтычныя разважанні пра жахі вайны.
Bez imienia – без імені. Тут я хачу звярнуць увагу на граматычную асаблівасць якраз беларускай, а не польскай мовы. Гаворка ідзе пра назоўнік імя, паколькі яго скланенне часам выклікае ў беларусаў цяжкасці. Гэты выраз належыць да групы рознаскланяльных назоўнікаў, магчымыя розныя варыянты яго скланення. Напрыклад, у родным склоне ёсць дзве формы – імя і імені. А вось у польскай мове са словам imię няма праблем. У родным склоне ёсць толькі адна форма – imienia.
Drzwi się wydęły і zgasły – дзверы надзьмуліся і пагаслі. Адно слова – wydęły паказвае дынаміку і вялізную разбуральную сілу выбуху, якім, відаць, акупанты адчынілі дзверы памяшкання. Цяжка ўявіць у мірныя часы, калі не адбываецца нічога надзвычайнага, каб дзверы маглі надзьмуцца.
Huk, łoskot – гэтыя два словы таксама трапна, вобразна перадаюць увесь драматызм сітуацыі – абодва яны называюць нейкі выключна гучны грукат, вельмі моцны гук.
нг