Беларуская Служба

Для музыкантаў «Будкі суфлёра» жыццё з'яўляецца падарожжам і прыгодай

22.07.2021 15:51
«Будка суфлёра» – рок-група, якая стала ўжо легендай польскай музычнай сцэны.
Аўдыё
Budka Suflera jeszcze w starym składzie
Budka Suflera jeszcze w starym składzieWojciech Kusiński/PR

Гэтым разам у перадачу «Урок польскай мовы», якая рыхтуецца на падставе музычных кампазіцый, я выбрала песню гіганта музычнай сцэны Польшчы, гурту «Будка суфлёра». Гэта ўжо не першая кампазіцыя калектыву, якая гучыць у нашым эфіры, я рэгулярна вяртаюся да творчасці выдатных музыкантаў, паколькі, прызнаюся, гэта мой любімы польскі гурт.

«Будка суфлёра» – рок-група, якая стала ўжо легендай польскай музычнай сцэны. Заснаваны яшчэ ў далёкія 70-ыя, гурт на працягу чатырох дзясяткаў гадоў вызначаў стандарты рок-музыкі ў Польшчы. У 2014 годзе група аб’явіла пра канец сваёй сцэнічнай дзейнасці, у сувязі з чым адбылася развітальная канцэртная траса, але ў 2019 годзе музыканты зноў сышліся і пачалі выступаць, хаця ўжо без удзелу свайго вакаліста і фронтмэна Кшыштафа Цугоўскага. У 2020 годзе не стала Рамуальда Ліпкі, які быў менеджарам і кіраўніком гурту, а таксама аўтарам музыкі большасці кампазіцый.

Калі б я хацела распавесці больш падрабязна пра гісторыю групы і яе музычную творчасць, гэта заняло б не адну такую перадачу, а як мінімум некалькі. Трэба сказаць, што папулярнасць гурту пачалася з таго, як восенню 1974 года музыканты запісалі адну са сваіх самых вядомых кампазіцый – «Цень вялікай гары», прысвечаную трагічнай падзеі – смерці польскіх альпіністаў у Гімалаях. Песня хутка стала вялікім хітом.

За часы існавання ў групе змяніліся многія ўдзельнікі, хаця тварам калектыву застаецца Кшыштаф Цугоўскі. Група запісала 15 студыйных альбомаў, давала канцэрты не толькі ў Польшчы, але таксама за мяжою. А я прапаную вашай увазе кампазіцыю «Piąty bieg» (Пятая перадача).

 

Czy to tak tęskny dźwięk aż serce skacze

Czy tylko struna tak pęknięta płacze

Ile prawdy jest w piosence, gdy się śpiewać chce

Nigdy mnie nie pytaj więcej, nie

Ref: Nie czując dni, godzin i lat

Nie licząc zysków, ani strat

Okrążamy, opływamy wokół świat

A jeśli drugi widać brzeg

Muzyka to najlepszy lek

Ona jest jak w długiej trasie piąty bieg

Pogasną światła nim się czegoś dowiesz

W trzech zwrotkach życia nigdy nie opowiesz

Z tej, czy z tamtej strony sceny rezygnacji gest

Jednakowo mało wiemy czym ta podróż jest

 

Ці гэта такі журботны гук, што сэрца скача, ці проста струна сарваная так плача. Колькі праўды ў песні, калі хочацца спяваць. Ніколі не пытайся ў мяне больш, не.

Не адчуваючы дзён, гадзін і гадоў, не лічачы прыбытку ці страты, мы плывем навокал свету. А, калі другі відаць бераг, музыка – найлепшае лякарства. Яна падобная на пятую перадачу ў доўгай трасе. Святло пагасне, перш чым ты што-небудзь даведаешся. У трох строфах жыцця ты ніколі не раскажаш. З аднаго або з другога боку сцэны жэст адрачэння. Мы аднолькава мала ведаем, што гэта за падарожжа.

 

Тэкст песні напісаў Анджэй Магельніцкі, музыку – Рамуальд Ліпка. Для выканання гэтай кампазіцыі гурт запрасіў былых вакалістаў «Будкі суфлёра» – Рамуальда Чыстава і Феліцыяна Анджэйчака.


Nie licząc zysków ani strat – не лічачы прыбыткаў і стратаў. Гэтая лексіка пераважна выкарыстоўваецца ў эканамічнай галіне, напрыклад, бухгалтарамі, але гутарковая мова яе ўжо пераняла, і ў штодзённым жыцці таксама можна казаць пра bilans zysków i strat – баланс прыбыткаў і стратаў – гэта значыць, чаго будзе больш ад нейкага мерапрыемства – дабра ці зла.

Opłynąć świat – гэта праплыць навокал свету. Поўная форма гэтага словазлучэння – opłynąć dookoła świata, а скарочаны варыянт – вось такі.

W długiej trasie piąty bieg – у гэтай фразе заключаецца найважнейшы сэнс дадзенай кампазіцыі. Тут, у сваю чаргу, лексіка ўзятая не з бухгалтарскай мовы, як тое, пра што я казала раней, а з мовы аўтамабілістаў. Пяты бег – гэта пятая перадача, гэта значыць, самая высокая перадача ў большасці аўтамабіляў, у якіх неабходна ўручную мяняць перадачы. Як правіла агулам ёсць шэсць перадачаў, у тым ліку пяць – каб ехаць наперад, і адна – назад, – так званы wsteczny bieg – задняя перадача.

Pogasną światła, nim się czegoś dowiesz – пагасне святло перад тым, як ты нешта даведаешся. Nim – гэта кароткая форма выразу zanim, якая азначае тое ж самае – перад тым, як.

Rezygnacji gest – жэст адрачэння. Rezygnacja азначае, што чалавек ад чагосьці адмаўляецца, адракаецца, вырашае далей не ісці, перастаць дзейнічаць.

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы