Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: Блажэй Круль з кампазіцыяй «Надта добра ў цябе выходзіць»

07.10.2021 14:45
Круль – лаўрэат прэстыжнай узнагароды Фрыдэрык, а таксама атрымаў так званы Пашпарт выдання «Палітыка» – гэта прэміі, што ўручаюцца выдатным маладым творцам і навукоўцам.
Аўдыё
  • Блажэй Круль у Музычным уроку польскай мовы
Błażej Król
Błażej KrólAleksander Makowski

Сёння я распавяду пра музыканта, у якога цікавыя як імя, так і прозвішча. Завуць яго Блажэй Круль (Błażej Król), дзякуючы сваім ініцыялам Блажэя лёгка запомніць, паколькі імя Блажэй вельмі рэдка сустракаецца ў Польшчы, а Круль (Кароль) – таксама нячастае прозвішча.

Круль – музыкант, аўтар тэкстаў кампазіцый, кампазітар ды вакаліст. Разнавіднасць музыкі, якую ён спявае, называецца альтэрнатыўнай. Сам Блажэй гаворыць, што ён пастаянна выконвае, так сказаць, шпагат, паколькі яму падабаецца як альтэрнатыўная музыка, так і папулярная, і ён ніяк не можа рашыцца і выбраць адзін від.

Блажэй Круль нарадзіўся ў 1984 годзе ў горадзе Гожаў Вялікапольскі. Доўгі час ён выступаў у калектыве альтэрнатыўнай музыкі «Kawałek Kulki», пазней разам з Маўрыцы Кебзакам-Гурскім стварыў групу Ul-KR, а ў 2014 годзе выдаў першы сольны кампакт-дыск. У сольнай кар’еры ён карыстаецца сваім прозвішчам у якасці сцэнічнага псеўданіму, пішучы яго вялікімі літарамі.

Круль – лаўрэат прэстыжнай узнагароды Фрыдэрык, а таксама атрымаў так званы Пашпарт выдання «Палітыка» – гэта прэміі, што ўручаюцца выдатным маладым творцам і навукоўцам, якія могуць дасягнуць шмат у жыцці. Блажэй кажа, што яго гэтыя ўзнагароды не папсавалі, але пры гэтым ён хоча яшчэ шмат дабіцца ў галіне музычнай сцэны, і спадзяецца, што яму гэта ўдасца.

Песня, якую я вам сёння прапаную, была напісана Блажэем Крулям разам з Гжэгажам Скавіньскім. Блажэй адзначае, што яму хочацца пісаць песні, якія людзі, слухачы, будуць напяваць яшчэ доўгі час. На маю думку, гэтая кампазіцыя можа стаць такой песняй. Яна называецца «Надта добра ў цябе выходзіць» (Zbyt dobrze Ci idzie).

Zbyt dobrze Ci idzie Więc teraz przez chwilę pobłądzisz Nie zapomnij drogi powrotnej O to jedno Cię proszę Dochodzi wpół do końca U Ciebie za moment ostatnia Oczy sklejone ropą Nie opłaca się już kłaść Chcę poczuć dłoń na czole Nagrodę choć nie zasłużyłem Nie myśleć ale nie zapomnieć Tak dużo albo tylko tyle Nie jesteś z tego dumna Ale za to szczęśliwa tak I chociaż to poważny temat To pora niepoważna

Надта добра ў цябе выходзіць, і таму ты зараз крыху паблукаеш. Не забудзь шлях назад. Пра гэта адно я цябе прашу. Набліжаецца палова канца. У цябе зараз апошняя. Вочы склееныя гноем. Не варта ўжо класціся спаць. Я хачу адчуць далонь на лбе. Узнагароду, хаця я не заслужыў. Не думаць і не забыць. Так шмат або толькі столькі. Ты не ганарышся гэтым, але затое ты шчаслівая, так. І, хоць гэта сур’ёзная тэма, то час несур’ёзны.

Тэкст песні вельмі просты, але тут ёсць шмат словаў ды словазлучэнняў, якія характэрныя для гутарковай польскай мовы, але не заўсёды зразумелыя чалавеку, які толькі пачынае вучыць мову.

Zbyt dobrze ci idzie – надта (занадта) добра ў цябе атрымліваецца, у цябе выходзіць.

Chwilę pobłądzisz – крышку (хвілінку) паблукаеш. І тут выраз pobłądzisz зусім неабавязкова азначае, што хтосьці даслоўны згубіць дарогу, не зможа трапіць туды, куды ён накіроўваўся (хаця і такая магчымасць існуе).

Pobłądzić можа мець таксама пераноснае значэнне – калі чалавек не можа разабрацца ў нейкай тэме, справе.

Droga powrotna – шлях (дарога) назад, якая паказвае, як вярнуцца туды, адкуль хтосьці прыйшоў ці прыехаў. Тут, таксама, канешне ж, магчымае пераноснае значэнне.

Dochodzi wpół do końca – а тут лексічны прыём, які стварае неалагізм. Wpół do – гэта азначэнне часу (wpół do drugiej – палова на другую (гадзіну), wpół do piątej – палова на пятую (палова пятай) і г.д.). А тут wpół do końca – можна перакласці як «палова канца».

Oczy sklejone ropą – вочы, залепленыя (склееныя) гноем. Выраз ropa мае некалькі значэнняў – гэта гной, але таксама ropa naftowa – што азначае проста «нафта».

Nie opłaca się już kłaść – не варта, даслоўна – не аплачваецца класціся (спаць). Тут маецца на ўвазе час, які застаўся на сон – яго надта мала, каб выспацца, таму ўжо лепш агулам не класціся спаць.

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы