Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: песня Наташы Урбаньскай

03.12.2021 17:22
Наташа Урбаньска – вядомая ў Польшчы акторка і пяснярка, хаця не заўсёды яе творчасць успрымаецца адназначна пазітыўна.
Аўдыё
Natasza Urbańska w studiu Czwórki
Natasza Urbańska w studiu CzwórkiCzwórka/Magdalena Żelazowska

Сёння я распавяду пра музыкантку, у якой не толькі прыгожы голас, але і класічнай прыгажосці знешнасць. Гаворка ідзе пра Наташу Урбаньскую – пяснярку, танцорку, актрысу ды тэлевядучую. Нарадзілася Наташа ў 1977 годзе, яна пачынала сваю музычную кар’еру ў музычным тэатры Studio Buffo, дзе выступала ў шматлікіх спектаклях і музычных прадстаўленнях. Двойчы ўдзельнічала ў нацыянальным адборы на Конкурс песні Еўрабачанне. Грала невялікія ролі ў некалькіх кінафільмах.

Наташа Урбаньска – вядомая ў Польшчы акторка і пяснярка, хаця не заўсёды яе творчасць успрымаецца адназначна пазітыўна. Праўда, кажуць, што негатыўная рэклама – таксама рэклама, і, магчыма, Наташа карыстаецца таксама крытыкай дзеля будавання сваёй славы. Напрыклад, за ролю ў фільме «1920 – Варшаўская бітва», дзе Урбаньска грала даваенную пяснярку, яна атрымала намінацыю анты-узнагароды «Вужы» у трох катэгорыях: найгоршая акторка, найгоршая пара і найгоршая сцэна. Гэта, аднак, не перашкодзіла ёй далей выступаць, запісваць песні і быць папулярнай.

Нядаўна выйшла новая кружэлка Наташы Урбаньскай, якая называецца «Рэйд 44». Як казала сама пяснярка, рэйд – гэта яе мастацкі шлях, так яна падстаўляе гэтую кружэлку. Праўда, большасць песняў былі запісаныя яшчэ перад пандэміяй, але ўдалося выдаць кампакт-дыск толькі цяпер. Чаму дыск называецца «Рэйд-44»? Магчыма, гэта звязана з узростам Наташы, якой у жніўні 2021 года споўнілася 44 гады.

Jadę dalej przed siebie poobijana wchodzę w kolejny zakręt i znowu za szybko chmury wloką się za mną jak psy bezdomne a ja pędzę, uciekam a może gonię już się nie zatrzymam nie chce i nie mogę w księżycowym świetle

jadę samotnie już się nie zatrzymam chce przebić się przez ścianę uśmiecham się do siebie zatykam oczy jeszcze kilka zakrętów i mnie odnajdziesz znowu boleśnie rozbita liżę rany

Я працягваю ехаць наперад, уся пабітая, заходжу ў наступны паварот і зноў занадта хутка хмары цягнуцца за мной, як бяздомныя сабакі, і я кідаюся, бягу, а можа, ужо ганюся, але не спынюся, не хачу і не магу ў святле месяца.

Я еду ў адзіноце, ужо не спынюся, я хачу прабіцца праз сцяну я ўсміхаюся сама сабе, заплюшчваю вочы, яшчэ некалькі паваротаў, і ты зноў знойдзеш мяне. Балюча, я разбітая, залізваю раны.

Пачну разгляд песні з імя выканаўцы – Наташа ў палякаў – гэта асобнае імя, у адрозненні ад беларускай мовы, дзе гэта разнавіднасць імя Наталля.

Jadę przed siebie – я еду наперад, прама. Калі паляк кажа przed siebie, гэта значыць, што ён не паставіў сабе канкрэтнай мэты падарожжа, а едзе, куды вочы глядзяць, проста наперад.

Poobijana – пабітая. Гэтае слова можа мець як прамое значэнне – кагосьці пабілі ў фізічным значэнні, але таксама пераноснае – чалавек, пабіты жыццём, цяжкімі выпрабаваннямі. І тут хутчэй за ўсё гаворка ідзе менавіта пра такое збіццё складаным жыццём.

Kolejny zakręt – зноў жа назоўнік zakręt можа быць як у прамым значэнне – паварот на дарозе, так і zakręt w życiu – паварот у жыцці, нейкія важныя змены, якія адбываюцца ў дадзенага чалавека, пра якога ідзе гаворка.

Za szybko chmury wloką się – а тут цікавы стылістычны прыём, які часта выкарыстоўваюць паэты, каб павялічыць моц уздзеяння словаў на чытача або слухача. Выраз wlec się азначае цягнуцца, валачыся, плесціся, адным слова – рухацца павольна або вельмі павольна. А вось тут хмары занадта хутка цягнуцца за аўтаркай. Можа, яны агулам павінны стаяць у месцы.

Boleśnie rozbita – балюча разбітая. Слова rozbity адрозніваецца па значэнні ад выразу poobijany. Праўда, у такім стане таксама чалавек сябе адчувае як пабіты, але тут гаворка ідзе хутчэй пра дрэннае самаадчуванне ў выніку фізічнай хваробы або нейкага псіхалагічнага расстройства.

нг

 

 

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы