3 студзеня пайшоў з жыцця прафесар, доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс. Ён нарадзіўся 7 жніўня 1932 г. у в. Расолы, на тэрыторыі сучаснага Астравецкага раёна Беларусі — тады, калі гэта тэрыторыя ўваходзіла ў склад Польшчы. Яго продкі гаварылі на літоўскай мове. Гэта мова дагэтуль гучыць у гэтым кутку Беларусі — разам з беларускай і польскай.
Гэты куток на граніцы Беларусі і Літвы быў, можна сказаць, мініяцюрнай Рэччу Паспалітай. Там закансерваваўся ўнікальны свет, дзе мова далёкіх продкаў тутэйшых людзей — літоўская яшчэ гучала ў некаторых вёсках, але для многіх пакаленняў «роднай» была беларуская, а для некаторых — польская.
Адам Мальдзіс сведчыў, што так было і ў яго сям’і. Ад літоўскай спадчыны ў яго засталося толькі прозвішча. Але яшчэ нешта большае: разуменне, што няма ніякай беларускай, літоўскай або польскай гісторыі, а ёсць агульная мінуўшчына, якая варта таго, каб яе даследаваць і захоўваць. У гэтым сэнсе Мальдзіс стаіць у адным радзе з такімі выдатнымі землякамі як Чэслаў Мілаш, Ежы Гедройць, Міхал Ромэр і інш.
У 2016 г. у пасольстве Польшчы ў Минску прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання беларусаў польскімі ўзнагародамі. Ганаровы знак МЗС РП Bene merito (у перакладзе з лаціны «Варт узнагароды») атрымаў Адам Мальдзіс.
Дарэчы, сваякі Адама Мальдзіса дагэтуль жывуць у Польшчы.
***
Адам Мальдзіс стаў кандыдатам філалагічных навук у далёкім ад нас 1963 г., абараніўшы дысертацыю на тэму «Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў другой палове ХІХ ст.». Кніга Мальдзіса «Творчае пабрацімства» (1966) пра беларуска-польскія літаратурныя сувязі змяшчае мноства новых фактаў, здабытых у польскіх архівах. У кнізе «Падарожжа ў XIX стагоддзе» (1969) вучоны прадставіў партрэты пісьменнікаў, музыкаў, падарожнікаў, звязаных як з Беларуссю, так і з Польшчай. Беларуска-польскія сувязі адлюстраваны ў пазнейшых кнігах Мальдзіса: «Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1972), «Таямніцы старажытных сховішчаў» (1974), «На скрыжавані славянскіх традыцый» (1980), «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.: нарысы быту і звычаяў» (1982, 2001), «З літаратуразнаўчых вандраванняў» (1987) і інш.
Сумесна з літоўскай даследчыцай Алмай Лапінскене Мальдзіс выдаў манаграфію «Перазовы сяброўскіх галасоў» (1988), дзе ўпершыню паказаў літаратурнае ўзаемадзеянне двух народаў ад старажытнасці да нашага часу.
У 1986 г. Мальдзіс стаў доктарам філалагічных навук. Сярод манументальных прац, якія выйшлі пад яго рэдакцыяй у 1990-я гг., — біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі».
***
Сюжэты беларуска-польскай гісторыі адлюстраваны ў гістарычнай аповесці Мальдзіса «Восень пасярод вясны» (1984), у якой на аснове мясцовай легенды ён звёў разам, на роднай Астравеччыне, Вінцэнты Канстанты Каліноўскага, Уладзіслава Сыракомлю, актрысу Хэлену Маеўскую-Кіркор і іншых герояў беларуска-польска-літоўскай гісторыі.
Кніга Мальдзіса «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» (1990) — гэта расказ пра яго сябра пісьменніка Уладзіміра Караткевіча: не толькі як пра творцу. Дзякуючы Мальдзісу мы знаем Караткевіча лепш і больш глыбока менавіта як жывога чалавека, а не толькі як выдатнага майстра беларускага слова і гістарычнага дэтэктыва.
***
З 1987 года Мальдзіс з’яўляўся старшынёй камісіі «Вяртанне» Беларускага фонду культуры, якая займалася пошукам помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, вывезеных з краіны ў мінулым.
У 1991-2005 гадах Адам Мальдзіс узначальваў Міжнародную асацыяцыю беларусістаў, ля вытокаў якой таксама стаяў.
Кнігі і рукапісы Адама Мальдзіса з бібліятэкі і архіва Віктара Корбута.
***
У сувязі са смерцю Адама Мальдзіса многія людзі ўспамінаюць яго добрым словам.
Пісьменнік Адам Глобус расказаў, што некалі даўно, калі ён прынёс у выдавецтва «Мастацкая літаратура» рукапіс сваёй самай першай кнігі вершаў «Дзесяць на дзесяць», рэдактар з аддзела паэзіі Рыгор Яўсееў яму сказаў: «Хлопцы тлумачылі, чый ты сваяк, але я забыўся. Згадвалі Валодзю Караткевіча, згадвалі Вячаслава Адамчыка, згадвалі яшчэ нейкіх людзей… Я так разумею, што ты сын Адама Мальдзіса!»
«Рыгор Яўсееў па-заўсёднаму нападпітку, таму я не стаў аспрэчваць сваё сваяцтва з Мальдзісам, — успамінае Адам Глобус, сын Вячаслава Адамчыка. — Недзе цягам года я заставаўся для Рыгора Яўсеева сынам Адама Мальдзіса. З Адамам Іосіфавічам Мальдзісам мы не аднойчы згадвалі такое дзіўнае сваяцтва. Шкада, што сваё сыноўства і ягонае бацькоўства я згадваю ўжо без яго…»
***
Амерыканскі сацыёлаг, ураджэнка Беларусі Алена Гапава таксама знала Адама Мальдзіса асабіста. І хаця цяперашняе пакаленне помніць яго сівым дзядулем, у сп-ні Гапавай ёсць іншыя, ранейшыя ўспаміны: «Помню яго рудым (ён лічыў, што ён руды і хітры, як мой хамяк Кузя, а ў эсэ пра паездку ў Польшчу ўвекавечыў нашага сабаку Бульку, які здаўся яму анёлам у параўнанні з сабакам у сям'і, дзе ён жыў). Яго (часта «практычнае») пачуццё гумару было паўсядзённым і штохвілінным спосабам пражывання жыцця. Ён адзін з тых, хто перапрыдумаў беларускую культуру. Грамадзянін ВКЛ. І пранкер, вядома».
***
Дырэктар выдавецтва «Кнігазбор» Генадзь Вінярскі ўспамінае, што пазнаёміўся з Адамам Мальдзісам на другім курсе геафака БДУ ў 1988 годзе: «Пасля, у 1995 г., прафесар Мальдзіс быў сярод заснавальнікаў МФ «Беларускі кнігазбор». З 1998 г. мы працавалі ў адным будынку на вуліцы Рэвалюцыйнай, 15».
Тут знаходзіўся Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны, а ў 1920-я гг. — Інстытут беларускай культуры, цяпер жа — пасольства Швецыі. Адам Іосіфавіч стаяў ля вытокаў цэнтра імя Скарыны, а ў 1991-1998 гадах яго ўзначальваў.
«Цэнтр знаходзіўся на другім паверсе, а «Беларускі кнігазбор» арандаваў пакой на першым, — расказвае Генадзь Вінярскі. — Да прафесара Мальдзіса, навукоўца з энцыклапедычнымі ведамі і памяццю, штодня прыязджалі за кансультацыямі людзі не толькі з усіх куткоў Беларусі, але і замежныя беларусісты. Адам Восіпавіч прымаў актыўны ўдзел і ў працы «Беларускага кнігазбору». А з 1999 г. сын Адама Восіпавіча — Яраслаў працаваў у «Кнігазборы».
***
Дыпламат, былы пасол РБ у Швейцарыі Павел Мацукевіч напомніў не толькі аб культуралагічным скадальніку жыццяпісу Адама Мальдзіса, але і аб сацыяльным — асабліва апошніх год яго жыцця. 6 верасня 2020 года адбылася першая і апошняя сустрэча Мацукевіча з Мальдзісам. Ён успамінае, што яго ўразіла беднасць, у якой жыў той, хто, паводле дыпламата, «усё жыццё ўзбагачаў нацыю», збіраючы яе спадчыну: «…Гавораць, што сышла эпоха — гэтак значныя працы Мальдзіса для Беларусі. Не пішуць, што эпоха сышла ў галечы. Напэўна, беднасць нацыянальнай эліты ў парадку рэчаў і аб гэтым не прынята гаварыць услых, але няўжо ў краіны па імені Беларусь ёсць іншае багацце, акрамя такіх людзей і такіх імён як Адам Мальдзіс?»
«Узровень развіцця краіны трэба ацэньваць па якасці жыцця такіх як прафесар Мальдзіс. Кавалер ордэна імя Францыска Скарыны Адам Іосіфавіч Мальдзіс жыў і памёр у галечы», — падкрэслівае ў сваіх успамінах Павел Мацукевіч.
Мікалай Нікалаеў, ураджэнец Беларусі, даследчык беларускай кніжнай культуры, загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу, лічыць, што трагедыя не ў тым, што Адам Мальдзіс памёр на 89 годзе жыцця: «Добра пажыў, шмат зрабіў, памёр на руках сына, дагледжаны. Трагедыя ў тым, наколькі чалавек быў недацэнены, наколькі недавыкарыстаны быў яго патэнцыял. Гэта не яго, гэта наша трагедыя».
***
Журналіст і выдавец Віктар Хурсік адзначае, што Мальдзіс быў «вялікім эрудытам, які не шкадаваў той інфармацыі, якой валодаў сам».
Сапраўды, Адам Іосіфавіч меў веды і ўмеў іх перадаваць іншым. Увогуле, ён быў адным з тых, хто бачыў сэнс жыцця ў тым, каб шукаць веды і дзяліцца з іншымі. Ён не змарнаваў свайго жыцця.
***
5 студзеня ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены адбылося развітанне з Адамам Мальдзісам. Імшу адслужыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які сказаў: «Адам Мальдзіс – чалавек заслужаны, якога добра ведае Беларусь. Ведаюць не толькі літаратары, не толькі гісторыкі, не толькі пісьменнікі, але ведаюць і простыя грамадзяне. Гэта быў грамадзянін нашай краіны і верны сябар каталіцкага касцёла, той, хто фарміраваў беларускую культуру, даследаваў яе, і той, хто пакінуў трывалы след на нашай зямлі».
Адама Мальдзіса пахавалі на яго бацькаўшчыне, на могілках вёскі Задворнікі Астравецкага раёна.
Адам Іосіфавіч Мальдзіс пражыў нямала. І зрабіў многа. Светлая памяць!
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё