Беларуская Служба

Каралеўскі замак у Варшаве расказаў пра планы на 2022 год

04.01.2022 11:14
 У маі, праз больш чым 200 гадоў, кнігазбор караля Станіслава Аўгуста з Нацыянальнай бібліятэкі Украіны ў Кіеве прыедзе ў Польшчу
Каралеўскі замак у ВаршавеIwona_Olczyk/pixabay.com/CC)

Вялікія выставы, наступныя паказы з серыі «Шэдэўры ў замку» і насычаная адукацыйная праграма – вось планы Каралеўскага замка ў Варшаве на 2022 год. У маі, праз больш чым 200 гадоў, кнігазбор караля Станіслава Аўгуста з Нацыянальнай бібліятэкі Украіны ў Кіеве прыедзе ў Польшчу. Новая выстава стане спробай аднаўлення бібліятэкі караля, анансуе намеснік дырэктара Каралеўскага замка Эльжбета Офат.

-Мы хочам паказаць яе ў каралеўскай бібліятэцы. Сёння, калі госці прыйдуць у бібліятэку, то яна, на жаль, пустая. У ёй няма калекцыі караля, паколькі яе прадаў князь Панятоўскі. Мы хочам вярнуць атмасферу, пакласці кнігі так, каб кожны адчуў сябе як у каралеўскай бібліятэцы. Каб зразумець, якую калекцыю сабраў кароль Станіслаў Аўгуст.

Эльжбета Офат кажа, што ў гэтым месяцы ў рамках серыі «Шэдэўры ў замку» будзе прадстаўлена яшчэ адна праца.

-Ужо з 24 студзеня запрашаем усіх захапляцца чарговым шэдэўрам – гэта карціна Учэлы. У сваю чаргу ў сакавіку чакае карціна Ангелікі Каўфман. Карціна Учэлы і Кайфман былі купленыя ў калекцыю замка. Замак стала павялічвае сваю калекцыю. Мы штогод стараемся, каб калекцыя папаўнялася карцінамі і іншымі творамі мастацтва.

Летась Каралеўскі замак у Варшаве наведала больш за мільён чалавек. Да 10 лютага наведвальнікі могуць убачыць выставу «Караваджа і іншыя майстры. Шэдэўры з калекцыі Роберта Лонгі» з карцінай «Хлопчык, укушаны яшчаркай». Таксама да 20 лютага можна будзе палюбавацца яшчэ адным творам Караваджа «Нарцыс ля крыніцы». У сваю чаргу да 13 лютага карціна Пітэра Паўля Рубенса «Партрэт Ганны Аўстрыйскай» будзе даступная публіцы. Увесь студзень замак запрашае на найбуйнейшую ў гісторыі Варшавы выставу кракаўскіх батлеек.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры