Беларуская Служба

У 1920 г. Пілсудскі хацеў стварыць «трэцюю Беларусь»

20.01.2022 10:02
У 1920 г. Станіслаў Булак-Балаховіч з дапамогай Юзафа Пілсудскага абвясціў у Мазыры яшчэ адну БНР, але яму не хапіла рэсурсаў, каб замацаваць сваю ўладу.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Я.Героўская-Калаўр пра Булак-Балаховіча.
.   . 1919 .
Ю. Пілсудскі ў Мінску. 1919 г. Commons.wikimedia.org/Adam Dulęba/Public domain

Вядомы польскі гісторык Яанна Героўская-Калаўр, якая даследуе гісторыю Польшчы і Беларусі перыяду Першай сусветнай і польска-савецкай вайны, расказвае, што кіраўнік адноўленай у 1918 г. польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі ў імкненні аднавіць Рэч Паспалітую у «сучаснай» мадэлі, адаптаванай да ХХ стагоддзя, на працягу 1919-1920 гг. безвынікова спрабаваў супрацоўнічаць з беларускімі дзеячамі. Пілсудскаму, аднак, не ўдалося наладзіць плённага супрацоўніцтва, бо ён недаацаніў ступень пранікнення ў беларускі рух тых асоб, якія яны звязвалі свае надзеі на нацыянальную дзяржаўнасць не з Варшавай, а з Масквой, Каўнасам і Берлінам.

У 1920 годзе Пілсудскі шукаў апошнія выхады з беларускага “тупіка”. Пра гэта Яанна Героўская-Калаўр піша ў артыкуле „Jak miała powstać i wyglądać Białoruś Wiaczesława Adamowicza i Stanisława Bułak-Bałachowicza?” у выданні „Polacy na Białorusi od Powstania Styczniowego do XXI wieku. Tom V. Traktat ryski i jego konsekwencje dla Polaków i Białorusinów” (Варшава, 2021) і расказала на міжнароднай навуковай канферэнцыі “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI ст.”, якую 3-5 лістапада 2021 г. арганізавалі ў Вільні Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта, МЗС РП, пасольства РП у Літве.

Яанна Героўская-Калаўр:Я тут прадстаўлю толькі апошні акт той вялікай палітычнай ігры Юзафа Пілсудскага, мэтай якой было — і тут вельмі важнае слова: таксама — узнікненне лаяльнай і прыязнай да Польшчы беларускай дзяржавы.

Яанна Героўская-Калаўр разглядае такую дзяржаву як “трэцюю Беларусь”, г.зн. не праект Каўнаса і Берліна, і не праект Масквы. Прычым яна павінна была ўзнікнуць у выніку інтрыгі з расійскім Белым рухам. У студзені 1920 г. на сустрэчы з Пілсудскім у Варшаве дзеячы Белага руху Мікалай Чайкоўскі і Барыс Савінкаў прапанавалі лозунг стварэння расійскай федэрацыі з народаў, якія змагаюцца з савецкай Расіяй. Якая ж была дасягнута згода “белых” рускіх з Пілсудскім?

Яанна Героўская-Калаўр:Польшча адмаўлялася ад граніц (Рэчы Паспалітай. — Рэд.) 1772 г., а Расія — ад граніц 1914 г. (Расійскай імперыі да Першай сусветнай вайны. — Рэд.). А лёс Літвы — увага: Літвы, якая з 11 лістапада 1918 г. мела ўрад! — і Беларусі павінен быў вырашацца падчас плебісцыту. Украіна павінна была стаць незалежнай дзяржавай. І што было самае важнае для “белых” рускіх — у Польшчы павінны былі стварыць расійскія вайсковыя часці для змагання з Чырвонай Арміяй.

Яанна Героўская-Калаўр адзначае, што Пілсудскі хацеў выкарыстаць у 1920 годзе жаданне расійскіх “белых” (Мікалая Чайкоўскага, Барыса Савінкава і інш.) скінуць бальшавізм з дапамогай рускіх войск, сфарміраваных за польскія пазыкі на польскай зямлі. Таксама Пілсудскі збіраўся выкарыстаць расчараванне Станіслава Булак-Балаховіча, які называў сябе «беларусам», дзейнасцю ў структурах БНР пад кіраўніцтвам Каанстанціна Езавітава на тэрыторыі Латвіі. Такім чынам, усе расійскія вайсковыя часці на тэрыторыі РП былі падпарадкаваны Савінкаву, які збіраўся збудаваць “трэцюю Расію” — не царскую і не бальшавіцкую. Пры гэтым Булак-Балаховіч павінен быў дзейнічаць пад камандай Савінкава. І толькі пасля ўступлення на “расійскую” тэрыторыю, а дакладней, беларускую, Булак-Балаховіч павінен быў стварыць органы мясцовага самакіравання.

Яанна Героўская-Калаўр:Хто каго выкарыстаў для сваёй справы? Ці Савінкаў Пілсудскага, ці Пілсудскі Савінкава? 28 жніўня 1920 г., амаль праз два тыдні пасля кульмінацыйнага моманту, калі Польшчы пагражала Чырвоная Армія (15 жніўня адбылася бітва пад Варшавай, у выніку якой бальшавікі былі адкінуты ад сталіцы РП. — Рэд.), на загад вышэйшага камандавання (польскай арміі. — Рэд.) быў заключаны дагавор паміж Савінкавым і Булак-Балаховічам. Яны дамовіліся, што ў змаганні з бальшавікамі часці Булак-Балаховіча выступяць пад агульнымі лозунгамі з часцямі Савінкава — увага: на тэрыторыі Польшчы. І — увага! — абодва павінны былі імкнуцца да склікання ў будучыні ўстаноўчага сходу з патрабаваннем зямлі для народа, дэмакратыі і г.д. Аднак Булак-Балаховіч неахвотна падпарадкаваўся Савінкаву як кіраўніку палітычнага цэнтра.

Савінкаў і Булак-Балаховіч павінны былі дзейнічаць разам. Але тут узнікала супярэчнасць.

Яанна Героўская-Калаўр:Для Савінкава Беларусь была бясспрэчна расійскай тэрыторыяй. Але не для Балаховіча. Для Балаховіча Беларусь таксама не была польскай.  

Расійскі “белы” бок усведамляў, што паход з Польшчы на Расію ляжыць праз беларускія землі іх вызваленне ад бальшавікоў.

Яанна Героўская-Калаўр:Пілсудскі вырашыў выкарыстаць Савінкава для будаўніцтва беларускай дзяржавы. Пасля заключэння (Польшчай. — Рэд.) прэлімінарнага міру (з Савецкай Расіяй. — Рэд.) у “белых” рускіх расплюшчыліся вочы. Генерал Махроў на пасяджэнні Расійскага палітычнага камітэта заявіў, што з’явілася “беларуская небяспека”. На гэтым пасяджэнні былі браты Булак-Балаховічы. Таму адносіны рускіх да будучыні беларускіх зямель не пакідаюць ніякіх сумненняў. У Варшаве ж у гэты час узнік Беларускі палітычны камітэт на чале з Паўлам Алексюком і Вячаславам Адамовічам. Гэты камітэт прыйшоў да паразумення з Булак-Балаховічам. Цяжка дапусціць, што гэта адбылося без ведама Белведэра (рэзідэнцыя Пілсудскага. — Рэд.). Беларускі палітычны камітэт павінен быў набіраць салдат у армію пад кіраўніцтвам  Булак-Балаховіча. Беларускаму палітычнаму камітэту павінна была перадавацца грамадзянская ўлада на этнаграфічна беларускіх тэрыторыях, якія займалі б часці Булак-Балаховіча.

У звароце Беларускага палітычнага камітэта да генерала Станіслава Булак-Балаховіча гаварылася: “Мы супрацоўнічаем з вамі, цвёрда верачы, што наша прысутнасць дадасць адвагі беларускім салдатам, якія змагаюцца за існаванне сваёй Радзімы”.

Яанна Героўская-Калаўр:16 лістапада 1920 г. у Мазыры Станіслаў Булак-Балаховіч паводле дамоўленасці з Беларускім палітычным камітэтам абвясціў Беларускую Народную Рэспубліку на чале з прэм'ер-міністрам — удзельнікам Першага Усебеларускага з'езда Вячаславам Адамовічам. Сябе Булак-Балаховіч абвясціў галоўнакамандуючым. Савінкаў пасля навіны аб гэтай дэкларацыі, як сведчыць рукапіс яго адкрытага ліста Станіславу Булак-Балаховічу, збіраўся крыкнуць яму ў твар: «Калі б я ведаў, што ўсё рабілася дзеля Беларусі, я б ніколі не пайшоў на гэту справу!» Юзаф Пілсудскі збіраўся выкарыстаць тэрытарыяльныя ўяўленні Булак-Балаховіча аб Беларусі і яго антыбальшавіцкі атавізм. У выніку размоў з Савінкавым, будаўніком “трэцяй Расіі”, пасля 6 сакавіка 1920 г. Пілсудскі прагматычна ўключыўся ў арганізацыйную і фінансавую падтрымку Расійскага палітычнага камітэта. Ён такім чынам хацеў выкарыстаць нерэальныя ў 1920 г. мары Савінкава для ўласнай мэты. Паводле задумы Пілсудскага, гэта павінна было паслужыць будаўніцтву Беларусі беларусамі. Пасля 12 кастрычніка 1920 г. пад палітычным прыкрыццём Расійскага палітычнага камітэта, ваюючы шаблямі Булак-Балаховіча, Пілсудскі хацеў стварыць “трэцюю Беларусь” — не ковенска-берлінскую, не савецкую, а “трэцюю Беларусь” — Беларусь прыязную Польшчы.

Урад БНР, які знаходзіўся на эміграцыі ў Каўнасе, не прызнаў легітымнасці Булак-Балаховіча. Савінкаў, відавочна, не меў намеру дзейнічаць на карысць «трэцяй Беларусі», бо такая дзейнасць сутыкнулася б з будаўніцтвам «трэцяй Расіі». А мэтай Савінкава быў толькі антыбальшавіцкі крыжовы паход і будаўніцтва дэмакратычнай Расіі.

Цікавым момантам з’яўляецца яўрэйскае пытанне ў кампаніі Булак-Балаховіча. Сам ён, як піша Яанна Героўская-Калаўр, пазней абвяргаў непраўдзівую, паводле яго слоў, інфармацыю аб тым, что яго часці мелі адносіны да пагромаў у канкрэтных мясцовасцях. Генерал даказваў, што ў раёнах, у якіх на армію Булак-Балаховіча былі пададзены іскі аб кампенсацыі шкоды з боку яўрэяў, яго часці не праходзілі. Генерал узяў на сябе адказнасць толькі за гібель яўрэяў, якія жылі ў Камені-Кашырскім (на Валыні ва Украіне) і стварылі ўзброены атрад, які дзейнічаў супраць салдат Булак-Балаховіча.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Гісторык: У 1919-1949 гг. беларусы служылі праваслаўнымі капеланамі ў Войску Польскім

16.12.2021 10:02
У Варшаве выйшла кніга Юрыя Грыбоўскага пра праваслаўных капеланаў у Войску Польскім у 1919-1949 гг.