У Цэнтры сучаснай культуры ва Уяздоўскім замку ў Варшаве працуе выстава Марыі Алены Бонэт, выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і стыпендыяткі праграмы «Gaude Polonia».
Мастачка вывучае тэму распаду нацыянальнай тоеснасці, даследуючы гісторыю ўласнай сям’і. Вынікам з’яўляецца праект «Мая рака», які ахоплівае цыкл фатаграфій і фільмаў, кажа куратар Крыстына Ружаньска:
-Гэта тры фотацыклы ў старой тэхніцы цыянатыпія, вельмі характэрнай з-за блакітнага колеру. Гэта таксама два фільмы пра раку. У Марыі Алены гэта Нёман. З гэтай ракой была звязаная яе сям’я. Але гэтая рака таксама можа быць метафарай жыцця кожнага з нас. Жыцця, у якога ёсць пачатак, у якога свая хада, якое імкнецца да нейкай мэты. Фотаздымкі Марыі Алены пераносяць нас у свет ХІХ стагоддзя, але яны таксама надзвычай сучасныя, паколькі мастачка часта робіць фотамантаж, спалучае старыя і новыя здымкі. Цэлы цыкл распачаўся ад пытання Марыі Алены пра тоеснасць: хто я? Адкуль я?
Выстава беларускай мастачкі будзе працягвацца да 20 лютага.
ав