Пераможца будзе абраны сярод 16 дрэў, якія перамаглі ў нацыянальных спаборніцтвах у розных частках Еўропы.
Дуб Дунін мае 15 супернікаў. Сярод іншых – адно з найстарэйшых мамантавых дрэў з Харватыі, ліпа з Чэхіі, у якой нібыта ў 17 стагоддзі былі схаваныя забароненыя псалмы, і ліпа Цілія з Нідэрландаў, якая з'яўляецца першым дрэвам у гісторыі, якое мае профіль у Інстаграме.
Дуб знаходзіцца ў вёсцы Пшыбудкі. Солтыс вёскі Уладзімеж Аўласюк кажа, што сама мала дуб мае 450 гадоў. Але дакладны ўзрост вызначыць немагчыма. Мясцовыя жыхары ганарацца дрэвам.
-Дуб вельмі прыгожы. Ён расце адзін, не ў самой пушчы, таму яго дасканала бачна. Ён невысокі, паколькі пару разоў у яго ўдарыла маланка, спаліла верх, таму ён разросся па баках. Цяпер ён у абхваце амаль сем метраў. Спецыялістка дэндролаг казала, што ён яшчэ расце, што гэта здаровае дрэва. Нічога страшнага, што ў дрэве дупло. Гэта нармальная зʼява. Часамі, калі сухія гады, то дрэвам не хапае харчавання і яны харчуюцца ўласнай сэрцавінай, а таму ўзнікаюць дуплы.
У 2021 годзе дуб Дунін перамог у агульнанацыянальным конкурсе на дрэва году. Гэта дало яму мандат прэзентаваць цэлую краіну ў конкурсе на дрэва Еўропы. Солтыс Уладзімеж Аўласюк прызнае, што белавежскі дуб мае моцных супернікаў.
-Вельмі моцны конкурс. Спачатку так не было, але бачу, што кожная краіна прыклала шмат намаганняў, каб гэта яго дрэва перамагло. Цяпер я запрашаю ўсіх палякаў далучыцца і прыкласці ўсе намаганні, каб наш дуб перамог. У Белавежскай пушчы ёсць вельмі шмат дубоў, вельмі старых. Але Дунін перажыў многіх. Ён стаіць на ўскрайку пушчаў Белавежскай, Ляцкай і ўжо неіснуючай Бельскай. Таму ён прэзентуе гісторыю, якая тут была. Ён усё памятае. Напалеон ішоў на Расію ў 1812 годзе і адпачываў пад гэтым дубам. Сюды прыязджаюць мастацкія варштаты, каля яго здымаюць фільмы, нават з Галівуду прыязджалі. Таму гэты дуб сапраўды выключны. Хто б ні прыехаў з любога кутка Польшчы не можа паверыць, што тут расце такое дрэва.
На дуб Дунін можна галасаваць да 28 лютага на старонцы treeoftheyear.org/PL. Пераможца стане вядомы 22 сакавіка.
У выпадку перамогі акрамя сусветнай вядомасці можна разлічваць на фінансавую ўзнагароду, якая можа быць прызначана на ўтрыманне і захаванне дрэва. У такім узросце дрэвам патрэбная апека адмыслоўцаў.
-Самае важнае ўжо было зроблена. З Варшавы прыехала найлепшая дэндролаг і вельмі акуратна наш дуб падвязала, не так як, напрыклад, дуб Бартэк падпёрты палкамі. Галіны Дуніна вельмі добра падвязаныя на версе, шнуроў амаль не бачна. Гэтыя шнуры могуць утрымаць нават 10 тон. Першыя ўраганы дуб ужо перажыў, бо мы баяліся, каб дрэва не раздвоілася. Але папулярнасць часамі і шкодзіць дубу. Самае дрэннае, што падʼязджаюць пад сам дуб і знішчаюць коламі карэнні.
Пра спецыфічнасць дуба Дунін расказвае Міраслаў Сцепанюк, спецыяліст па ахове ландшафту, актывіст па культывацыі традыцыйнай падляшскай архітэктуры. Ён тлумачыць, што дуб расце на полі перад пушчай. Ён з самага пачатку рос на адкрытай прасторы, таму і яго форма нетыповая для дубоў, якія растуць у сярэдзіне Белавежскай пушчы.
-Гэта не высокі, тыповы дуб, як у сярэдзіне пушчы, з урадлівай глебы. Гэта дрэва, якое расло без іншых дрэваў побач, таму і яго форма такая. Невысокі, шмат разгалінаванняў. Гэта такі казачны дуб. Агулам дуб заўсёды быў вельмі важным гатункам, напрыклад, у традыцыйным будаўніцтве. Гэта была аснова, дуб быў найлепшым для будовы дамоў. Дуб таксама зʼяўляецца сімвалам сілы. Калі каля дому рос дуб, нават калі ён часамі перашкаджаў, то яго і так пакідалі. Бо гэта быў апякун.
Мэта конкурсу на Еўрапейскае дрэва году – прыцягнуць увагу да цікавых старых дрэў як важнай прыроднай і культурнай спадчыны, якую неабходна зберагаць.
Вырашальным фактарам зʼяўляецца не прыгажосць, памер і ўзрост дрэва, а яго гісторыя і сувязі з людзьмі. Вылучаюцца дрэвы, якія сталі неад’емнай часткай супольнасці.
За 11 гадоў конкурс сабраў ужо больш за 1,1 тысяч дрэваў, і ў ім удзельнічала больш за 3 мільёны чалавек. Арганізатарам конкурсу «Еўрапейскае дрэва года» зʼяўляецца Асацыяцыя экалагічнага партнёрства.
ав