Міністэрства нацыянальнай адукацыі і навукі Польшчы запусціла праграму, у рамках якой знаёміць вучняў з месцамі, звязанымі з польскай культурай, гісторыяй, навукай і традыцыямі. Летась праграмай «Пазнаёмся з Польшчай» скарысталіся 215 тысяч польскіх вучняў.
1 красавіка Міністэрства нацыянальнай адукацыі і навукі запусціла праграму «Пазнаёмся з Польшчай», у рамках якой адбудзецца амаль 6 тысяч паездак па Польшчы, якія дазволяць вучням пазнаёміцца турыстычнымі прываблівасцямі краіны. Ведамства спадзяецца, што ў рамках праекта, экскурсіямі скарыстаецца каля 300 тысяч дзяцей, кажа міністр Пшэмыслаў Чарнэк(Przemysław Czarnek):
- Агулам, гаворка ідзе пра амаль 5 700 экскурсіяў. Паводле нашых ацэнак, прыкладна 300 тысяч дзяцей і падлеткаў адправяцца ў падарожжа па Польшчы, каб пазнаёміцца з ёй дзякуючы праграме Міністэрства нацыянальнай адукацыі і навукі. Вясной, на праект «Пазнаёмся з Польшчай», мы выдзяляем 50 млн злотых, а восенню – наступныя 50 млн. Усяго сёлета гэта будзе 100 млн злотых.
Міністр Чарнэк выказаў надзею, што амаль бясплатнымі, бо ў 80% фінансаванымі дзяржавай паездкамі, скарыстаецца больш за паўмільёна дзяцей.
Ад пачатку набору заявак да сёлетняй праграмы, то бок ад 1 да 4 сакавіка былі зарэгістраваныя амаль 5 600 заявак на суфінансаванне паездак на агульную суму больш за 46 млн злотых.
Кіраўнік ведамства адукацыі адзначыў, што праграма дае моладзі магчымасць пазнаёміцца з месцамі, звязанымі з польскай культурай, гісторыяй, навукай і традыцыямі:
- Усё гэта для таго, каб захапляцца Польшчай і ганарыцца ёю.
Да праграмы «Пазнаёмся з Польшчай», у якасці партнёра, далучаецца чыгуначны перавозчык PKP Intercity.
«Мэта экскурсіі важная, але на месца таксама трэба нейкім чынам дабрацца. PKP Intecity дазволіць бяспечнага перамяшчацца па Польшчы», – сказаў міністр Чарнэк. Ён падзякаваў за гэтую «надзвычай прывабную ініцыятыву», і дадаў, што школы вельмі зацікаўленыя праектам Міністэрства нацыянальнай адукацыі і навукі.
«Я рады, што мы можам сумесна рэалізаваць такі праект, які мае на мэце заахвоціць маладое пакаленне падарожнічаць чыгуначным транспартам і пазнаёміцца з Польшчай», – сказаў старшыня праўлення PKP Intercity Марэк Хранюк. Ён падкрэсліў, што кампанія пастаянна пашырае сетку злучэнняў. «У 2016 годзе ў нас было 300 чыгуначных прыпынкаў, а ў цяперашні час іх 420», – дадаў, старшыня PKP Intercity.
Кампанія таксама падрыхтавала для школ адмысловыя зніжкі на праезд у выпадку групавых паездак. Гаворка ідзе пра групы з не менш чым 11 чалавек, кажа Марэк Хранюк (Marek Chraniuk):
- У будныя дні квіткі будуць каштаваць 20 працэнтаў танней, плюс традыцыйная зніжка для вучняў, якая складае 37 працэнтаў. У сваю чаргу, калі гаворка ідзе пра выходныя, то маем 15 працэнтую базавую зніжку, плюс згаданыя 37 працэнтаў зніжкі, прадугледжанай законам. Акрамя таго, калі група складае больш за 20 чалавек, то апякун можа скарыстацца бясплатным квітком.
Як паведамляе Міністэрства нацыянальнай адукацыі і навукі, заяўкі на групавую паездку можна падаваць праз падстаронку: przejazdgrupowe.intercity.pl. Гэта можна зрабіць нават за 90 дзён да тэрміну планаванай экскурсіі. Колькасць месцаў ахопленых прапановай абмежаваная, таму варта браніраваць групавую паездку, як мага раней. Зрабіць гэта можна не пазней, як за 14 дзён да запланаванай даты экскурсіі.
PKP Intercity нагадвае, што ва ўсіх цягніках кампаніі асобы, якіх датычаць індывідуальныя статутныя зніжкі, таксама могуць імі карыстацца. Нагадваем, напрыклад, навучэнцы пачатковых і сярэдніх школаў могуць карыстацца сваёй зніжкай, якая складае 37% на цягнікі PKP Intercity. Інфармацыю пра прапанову для школ можна знайсці на старонцы intercity.pl/poznajpolske.
У першым паўгоддзі 2022 года Міністэрства нацыянальнай адукацыі і навукі выдзеліць на рэалізацыю праграмы «Пазнаёмся з Польшчай» 51 мільён злотых. Школьныя ўлады могуць прэтэндаваць на фінансаванне ў памеры 80% кошту паездкі, у тым ліку фінансаванне кошту транспарту. Гаворка ідзе пра паездкі ў музеі, мемарыялы, культурныя аб'екты і ўстановы, якія прасоўваюць навуковыя дасягненні ў Польшчы. Сродкі будуць падзелены паміж ваяводствамі прапарцыйна колькасці вучняў.
Максімальнае дафінансаванне аднадзённых школьных экскурсіяў складае 5 тысяч злотых, двухдзённых – 10 тысяч злотых і трохдзённых – 15 тысяч злотых. Паездка можа адбыцца з удзелам не менш за 10 вучняў, а агульны кошт пражывання і харчавання ўдзельніка не можа перавышаць 150 злотых у суткі.
Паездкі павінны ўключаць пэўную колькасць «адукацыйных пунктаў», у рэшце рэшт, яны маюць адукацыйную мэту. Міністэрства нацыянальнай адукацыі і навукі апублікавала спіс месцаў, якія летась найбольш ахвотна наведвалі ўдзельнікі школьных экскурсіяў. У спісе лідзіруе Варшава. Сярод найбольш папулярных аб’ектаў апынуліся, між іншым: Цэнтр навукі «Капернік», Каралеўскі замак, Музей Варшаўскага паўстання. Іншыя папулярныя сярод школьнікаў гарады – Торунь і Вроцлаў.
Ведамства таксама паведамляе, што найбольш часта на такія экскурсіі выязджалі вучні школаў з Падкарпацця і Малапольшчы.
У 2021 годзе ў рамках праграмы было арганізавана амаль 5 тысяч школьных паездак, у якіх прынялі ўдзел 215 тысяч вучняў.
PAP/IAR/аз