Беларуская Служба

Урок польскай мовы: кранальны польска-беларускі музычны праект

21.04.2022 16:17
Песня гучыць на трох мовах, а польская ў ёй – не самая важная.
Аўдыё
"Абдымі мяне"фота: YouTube.com

Сённяшні Урок польскай мовы будзе адрознівацца ад іншых перадач з гэтага цыклу. Песня, якую я прапаную сёння вашай увазе, гучыць на трох мовах, а польская ў ёй – на самой справе не самая важная. Але гэта важны музычны праект, пра як я хацела б распавесці ў гэтай цыклічнай рубрыцы.

Польскі гурт IRA і аркестр Collective Orchestra Яна Стаклосы спалучылі свае сілы з украінскім гуртом «Океан Ельзи» і стварылі ўнікальную кампазіцыю пад назваю «Абдымі». Увесь даход, які ўдасца атрымаць ад продажу дадзенай песні, пойдзе ў дабрачынны фонд, які дапамагае ўкраінскім ахвярам вайны Расіі супраць Украіны. Music Of Freedom – міжнародная ініцыятыва, створаная для падтрымкі ўкраінцаў, якія ўцякаюць ад вайны са сваёй краіны. Першая песня, створаная ў рамках праекту, – гэта новая версія кампазіцыі «Абдымі» вядомага ўкраінскага гурта «Акіян Эльзы». Новую версію песні стварылі музыканты гурта IRA – Пётр Конца і Себасцьян Пекарэк. Тэкст Святаслава Вакарчука пераклаў і праспяваў Артур Гадоўскі. Удзельнікі гурта «Акіян Эльзы» моцна ангажаваліся ў праект і перадалі вакальныя запісы з арыгінальнай версіі песні, якія ўдалося выратаваць са студыі гуказапісу.

Песня вельмі эмацыйная, я не буду яе перакладаць лінейка за лінейкай, як заўсёды раблю, калі прадстаўляю вашай увазе польскія кампазіцыі. Польскага тэксту ў ёй няшмат, і ён не самы важны. Самыя важныя – эмоцыі, якія нясе музыка, кадры дакументальнай хронікі з карцінамі разбурэння часткі Украіны, і заклік ратаваць дзяцей, якія штодня гінуць на ўкраінскай зямлі з-за расійскага ўварвання. З гэтым заклікам аўтары звяртаюцца перш за ўсё да замежнікаў, таму ён гучыць на ангельскай мове.

Відэакліп да песні запісаў калектыў «Боска». У кліпе выступаюць польскія і ўкраінскія танцоры, гэта ўкраінскія бежанцы, якія выехалі, уцякаючы ад ваенных дзеянняў. Усе ўдзельнікі праекту адмовіліся ад ганарараў. Ва ўмовах трагічных падзей ва Украіне ўсе стараюцца падтрымаць суседзяў Польшчы. Уся акцыя накіраваная на збор сродкаў для дапамогі як тым, хто застаўся ва Украіне, так і бежанцам у Польшчы.

«Kiedy nastanie dzień i minie wojny czas, w niej zagubiłem się, sięgnąłem aż do dna. Obejmij mnie. Łagodnie tak i mocno tak. Obejmij mnie, niech wiosna twa zakwitnie w nas» – такімі словамі пачынаецца песня. «Калі настане дзень і пройдзе вайны час, я ў ёй згубіўся, дайшоў аж да дна. Абдымі мяне, мякка і моцна так. Абдымі мяне, хай твая вясна зацвіце ў нас». Пазней па-ангельску ідзе гаворка аб тым, што кожны дзень Расія забівае ўкраінскіх дзяцей. «Яны робяць гэта штодзённа. І свет не можа іх выратаваць».

У кампазіцыі ёсць таксама прыпеў на ўкраінскай мове, якога няма сэнсу перакладаць. Думаю, беларусы разумеюць, пра што ідзе гаворка. Дарэчы, самі словы не надта важныя ў гэтым тэксце. Важны эмацыйны зарад, які нясе кампазіцыя. І гэты эмацыйны зарад трапляе практычна да кожнага паляка. Украінцы ўражаныя тым вялізным маштабам дапамогі, якую аказваюць жыхары Польшчы ды ўлады краіны бежанцам з Украіны, ахвярам гэтай бессэнсоўнай вайны. Найгорш баліць сэрца і душа, калі ахвярамі баявых дзеянняў становяцца нявінныя дзеці, якіх загінула ва Украіне ўжо некалькі соцень.

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы