У Музеі бурштыну ў Вялікім Млыне ў Гданску на гэтым тыдні прайшло ўзважванне самага вялікага ў свеце, то бок 68-кілаграмовага камяка бурштыну. Пацвярджэнне згаданай вагі дазволіць унесці гданскі бурштын у Кнігу рэкордаў Гінэса. Кіраўнічка Музея бурштыну Рэната Адамовіч(Renata Adamovicz) тлумачыць, што экспанат – гэта суматранскі бурштын:
- Гэта крыху маладзейшы за балтыйскі бурштын, паколькі яму ўсяго толькі 20 мільёнаў гадоў. Ён цёмна-карычневы і крыху нагадвае метэарыт. Можна сказаць, што зусім не нагадвае балтыйскага бурштыну. Аднак, гэта яго каштоўная адметнасць.
Самы цяжкі ў свеце камяк бурштыну знаходзіцца ў Гданску даўно. Музей знайшоў яго на міжнародным бурштынавым кірмашы AMBERIF, а затым купіў у сваю калекцыю.
Бурштын сустракаецца на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Балтыйкі мінерал узнік больш за 40 мільёнаў гадоў таму. Бурштын з Суматры маладзейшы, а яго ўзрост ацэньваецца ў 17-30 мільёнаў гадоў. Спроба пабіць рэкорд Гінэса прайшла ў Сусветны дзень бурштыну, які адзначаецца 28 чэрвеня.
IAR /аз