Беларуская Служба

Модавая індустрыя адказвае за 10 працэнтаў парніковых газаў

08.07.2022 16:18
Мода цяпер – гэта таксама экалогія, устойлівае развіццё і якасныя матэрыялы. 
Аўдыё
  • Модавая індустрыя адказвае за каля 10% парніковых газаў
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:jarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Экамысленне – гэта сусветная тэндэнцыя ў архітэктуры, мастацтве і модзе, якая характарызуецца выкарыстаннем экалагічных метадаў вытворчасці і выкарыстаннем экалагічна чыстых матэрыялаў. Змены ўсё больш заўважальныя, нават у падыходзе праектантаў.

Мода цяпер – гэта таксама экалогія, устойлівае развіццё і якасныя матэрыялы. Маладыя дызайнеры ўсё часцей прымаюць пад увагу ідэю «less» ці «zero waste» пры праектаванні. Па дадзеных ААН, модавая прамысловасць адказвае за каля 10% парніковых газаў.

На Тыдні моды ва Уроцлаве, акрамя заслужаных вядомых праектантаў, свае працы маглі паказаць праектанты-студэнты, якія клалі націск на экалагічныя трэнды.

Наталля Будзіньска з Fashion Revolution адзначае, што павольна сярод праектантаў адбываюцца змены ў падыходзе да праблемы экалогіі.

-Грамадская думка вельмі рэдка спалучае моду з экалогіяй. Таму наша задача, як Fashion Revolution, ствараць такі нарратыў, каб людзі аднак звярталі ўвагу на экалагічны аспект, таксама этычны. Экамода – гэта не толькі матэрыялы, якія робяцца з бананавага лісця. Найбольш экалагічная і ўстойлівая вопратка – гэта тая, што вісіць у нас у шафе. Экалагічная мода – гэта абмен рэчамі, калі мы пазычаем ад іншых, дзелімся вопраткай. Другім пунктам з’яўляецца пакупка ўжываных рэчаў, пакупка ад вытворцаў, якія вырабляюць рэчы з перапрацаваных матэрыялаў, а таксама пакупка ад лакальных марак.

Сучасная экалагічная мода карыстацца пазітыўным развіццём сучасных тэхналогій, дадае Наталля Будзіньска.

-З аднаго боку, мы знаходзімся ў сталым развіцці, што мае свае наступствы ў экалагічным плане. Але ёсць другі бок карыстання гэтым. Ствараюцца інавацыйныя матэрыялы, якія не шкодзяць, а наадварот дапамагаюць нам гэтыя шкоды зменшыць.

Сярод маладых праектантаў ва Уроцлаве былі Артур Рыба і Анжэліка Ажыньска:

-Гэта калекцыя, пашытая выключна мною. Я засяроджваюся на тым, каб гэтыя праекты рабіць даслоўна slow. Многія рэчы зробленыя ўручную, таму іх нельга выпусціць масава. Другая справа, мне ўдалося зрабіць матэрыял з нітак, які быў выкарыстаны для шыцця цэлай калекцыі.
-Калекцыя часткова – экалагічная. 50% тканін узятая з папярэдняй калекцыі.

Магдалена Кэнскевіч са Школы мастацкай вопраткі ў Кракаве адзначае, што індустрыя моды з'яўляецца другой найбольш разбуральнай для планеты, таму пры стварэнні новых прадуктаў у гэтай індустрыі варта думаць экалагічна. Гэтаму яна і вучыць сваіх студэнтаў.

-Сёння немагчыма праектаваць і думаць пра моду без адказнага і этычнага падыходу, паколькі мы ўсе павінны думаць пра нашу планету. Модавая галіна знаходзіцца на другім месцы сярод прамысловасцяў, якія планету нішчаць. Мы стараемся вучыць новых праектантаў так, каб яны праектавалі добрыя рэчы на гады, а не думалі пра хуткія трэнды і масавае спажыванне. Былі спробы праектавання з паперы, праектавання са смецця, каб навучыць думаць не толькі пра масавае праектаванне, з дарагіх матэрыялаў, бэз сэнсу і без мэты. Гэтыя маладыя людзі маюць большы шанец паказацца, праектучы з умоўна кажучы смецця. Дзе з нуля трэба стварыць матэрыял, цікавую форму, гэта для іх крэатыўны выклік.

Індустрыя моды мае нямала на сумленні. Гэта адна з самых вадаёмкіх галін. Для прыкладу – для вытворчасці адной цішоткі неабходна ажно 2700 літраў вады, што складае запас пітной вады для аднаго чалавека на два гады.

Вытворчасць адзення таксама адказная за каля 20% глабальнага забруджвання паверхневых вод у выніку фарбавання і аздаблення, таму што на выраб адной цішоткі выкарыстоўваецца 100 грам хімічных рэчываў.
Але забруджванне звязана не толькі з хімікатамі. Гэта таксама мікрапластык, атрыманы з сінтэтычнага мыцця. Штогод у мора і акіяны сыходзіць 0,5 мільёна тон мікравалокнаў. Гэта складае 35% усяго мікрапластыку, які трапляе ў навакольнае асяроддзе.

Негатыўны ўплыў тэкстыльнай прамысловасці звязаны не толькі з вадой, але і са зменамі клімату. Вытворчасць адзення і абутку адказвае за 10% выкідаў парніковых газаў у свеце. Гэта больш, чым авіяперавозкі і марскія перавозкі разам узятыя.

У Польшчу штогод на сметніцу трапляе каля 2,5 мільёнаў тон адзення. Ва ўсім свеце 87% вырабленага тэкстылю выкідваецца або спальваецца.

ав


Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце