27 жніўня ў Музычным тэатры ў Познані адбудзецца прэм’ера мюзікла «Ірэна».
Аўтар і перакладчык лібрэта Пётр Піваварчык падчас прэс-канферэнцыі падкрэсліў, што гэта перш за ўсё гісторыя пра надзею:
-Мне здаецца, што гісторыя Ірэны Сэндлер, асабліва ў сённяшнія часы, такія трагічныя і няпэўныя, з’яўляецца нягледзячы ні на што гісторыяй надзеі. Надзеі на тое, што ў самай трагічнай сітуацыі звычайны чалавек, сацыяльны работнік, як кожны з нас, здольны быць вышэй за свой страх, і здольны зрабіць нешта, што нам здаецца геройствам. Але для яе гэта была філасофія яе жыцця – калі нехта тоне, то яму трэба падаць руку.
Рэжысёр мюзікла Браян Кайт растлумачыў, што гэта будзе не толькі гісторыя Ірэны Сэндлер, але і выратаваных ёю дзяцей і іх сем'яў:
-Гэтую гісторыю мы раскажам мовай мюзікла. Гэта дазволіць нам не толькі зразумець гэта і вучыцца дзякуючы ёй, але і быць у гэтай гісторыі і перажыць яе разам з Ірэнай Сэндлер і дзецьмі, якіх яна выратавала. Такім чынам, гледачы адчуюць гэтую гісторыю з пункту гледжання самой Ірэны, а таксама з пункту гледжання выратаваных дзяцей. Таксама будзе паказаны цяжкі выбар бацькоў, маці і татаў, якія дазволілі Ірэне Сэндлер даглядаць сваіх дзяцей.
Падчас Другой сусветнай вайны Ірэна Сэндлер дапамагала дзецям у варшаўскім гета. Яна арганізоўвала для іх фальшывыя пасведчанні аб нараджэнні, клапацілася аб пастаяннай матэрыяльнай і медыцынскай дапамозе, размяшчала іх у надзейных польскіх семʼях, у манастырах і ўстановах апекі. Разам з групай іншых сувязных і людзей, якія займаліся аказаннем дапамогі, яна выратавала з гета некалькі сотняў дзяцей. За гэта яна была ўдастоена звання Праведніка народаў свету.
ав