Беларуская Служба

Музей гісторыі Аўгустоўскага канала (ФОТА)

20.08.2022 10:30
Ва ўстанове прадстаўлены экспанаты, звязаныя з будаўніцтвам і выкарыстаннем унікальнага воднага шляху.
Аўдыё
  • Музей гісторыі Аўгустоўскага канала
   ,
Музей гісторыі Аўгустоўскага канала, АўгустаўAnna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Сёння я запрашаю ў Аўгустаў – гарадок на паўночным усходзе Польшчы, у прыватнасці ў Музей гісторыі Аўгустоўскага канала. Установа з'яўляецца філіялам Аўгустоўскага краязнаўчага музея і размяшчаецца ў былым будынку адміністрацыі мясцовага порта. Гэты непрыкметны будынак з сярэдзіны XIX стагоддзя захоўвае багатую інфармацыю пра гісторыю будаўніцтва знакамітага воднага шляху і яго галоўнага праектанта – генерала інжынера Ігнацыя Прандзыньскага(Ignacy Prądzyński).

Музей гісторыі Аўгустоўскага канала. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музей гісторыі Аўгустоўскага канала. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Аўгустоўскі канал – гэта фенаменальны інжынерны праект з XIX стагоддзя і галоўная турыстычная славутасць рэгіёна. Канал злучае басейны Віслы і Нёмана і праходзіць па тэрыторыі Польшчы і сённяшняй Беларусі. Даўжыня канала складае каля 103 кіламетраў, з якіх 80 у Польшчы, 3,5 у памежнай зоне і 18,5 кіламетра ў Беларусі. На канале былі пабудаваныя 18 шлюзаў – 14 у Польшчы, адна ў памежнай зоне, тры на тэрыторыі Беларусі, а таксама 23 вадазлівы.

Музей гісторыі Аўгустоўскага канала. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музей гісторыі Аўгустоўскага канала. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Падчас рэалізацыі гэтага буйнога інжынернага праекта былі ўзмоцненыя 35 кіламетраў рэк Нета(Netta) і Чорная Ганча (Czarna Hańcza); пабудаваныя больш за 40 кіламетраў траншэй. Усё гэта з мэтай ліквідацыі розніцаў ва ўзроўні вады.

Каменна- цагляныя суднаходныя шлюзы мелі прыгожае архітэктурнае афармленне ў нацыянальных колерах. Камеры былі абкладзены чырвонай цэглай. У сцяну кожнага шлюза была ўмураваная каменная дошка з датай і прозвішчам кіраўніка будоўлі. Дарэчы большасць з іх захаваліся па сённяшні дзень. Адзін шлюз будавалі каля двух гадоў. У працах удзельнічала ад 5 да 7 тысяч чалавек.
Дзеля стварэння воднага шляху інжынеры выкарысталі не толькі ўчасткі рэк Нета і Чорная Ганча, але таксама 12 азёр.

Музей гісторыі Аўгустоўскага канала. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музей гісторыі Аўгустоўскага канала. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Пачатак канала знаходзіцца на вышыні 111 метраў над узроўнем мора і падымаецца да 129, а затым паступова апускаецца да 86,5 метра над узроўнем мора ля вусця ў Нёман.

Розніца ва ўзроўняў вады паміж асобнымі вадаёмамі вагаецца ад 0,8 да амаль 10 метраў і, чым яна большая, тым больш складаныя шлюзы трэба было пабудаваць. Менавіта таму шлюз «Нямнова» (Niemnowo), першапачаткова быў трохкамерны, а шлюз «Панева» (Paniewo) – двухкамерны. Астатнія 16 шлюзаў – аднакамерныя.

Аўгустоўскі канал Аўгустоўскі канал

Прычынай будаўніцтва Аўгустоўскага канала былі прускія мытныя абмежаванні, якія ўскладнялі транспарт польскіх тавараў па Вісле ў Гданьск. Аўгустоўскі канал павінен быў злучыць прытокі Віслы, Нарвы і Бебжы з Нёмнам. У сваю чаргу ад ракі Нёман да Балтыйскага мора планавалася пабудаваць злучэнне праз Відаўскі канал у абыход тэрыторыі Прусіі.

Будаўніцтва канала па праекце генерал-інжынера Ігнацыя Прандзыньскага пачалося ў 1824 годзе і было завершанае ў 1838. Годам пазней было адкрытае суднаходства па канале.

Музей гісторыі Аўгустоўскага канала. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музей гісторыі Аўгустоўскага канала. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Нягледзячы на велізарную працу, фенаменальны праект польскіх вайсковых інжынераў ніколі не выконваў сваёй стратэгічнай ролі воднага шляху, які злучае Віслу з Балтыйскім морам. Прусія адмовілася ад высокіх пошлін на віслінскім шляху, а расейцы перапынілі будаўніцтва Відаўскага канала.

У цяперашні час Аўгустоўскі канал выкарыстоўваецца як маляўнічы турыстычны водны маршрут – адзін з найпрыгажэйшых байдарачных маршрутаў у Польшчы. У 1968 годзе канал быў унесены ў рэестр помнікаў, а ў 2007 годзе, рашэннем прэзідэнта Польшча, стаў помнікам гісторыі.

Музей гісторыі Аўгустоўскага канала. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музей гісторыі Аўгустоўскага канала. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У Музеі гісторыі Аўгустоўскага канала працуе пастаянная экспазіцыя, якая распавядае пра гісторыю будаўніцтва і эксплуатацыі ўнікальнага воднага шляху. Шмат месца яна прысвячае галоўнаму стваральніку канала – генерал-інжынеру Ігнацыю Прандзыньскаму (1792-1850). Экспазіцыю дапаўняе цікавы фільм пра гісторыю будаўніцтва канала.

На выставе можна паглядзець розныя артэфакты, дакументы, іканаграфічныя матэрыялы, а таксама прылады, якія выкарыстоўваліся падчас яго будаўніцтва. Невялікая экспазіцыя размешчаная ў чатырох памяшканнях. У першым мы зможам даведацца, чаму наогул Аўгустоўскі канал быў пабудаваны, і як праходзіла падрыхтоўка да яго будаўніцтва.

Музей гісторыі Аўгустоўскага канала. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музей гісторыі Аўгустоўскага канала. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Матэрыялы сабраныя ў другім памяшканні распавядаюць пра будаўнікоў канала і людзей, звязаных з гэтай велізарнай інвестыцыяй. У трэцім памяшканні закранаюцца тэхнічныя пытанні, звязаныя з будаўніцтвам воднага шляху. Тут, між іншым, абмяркоўваюцца пытанні шлюзаў, вадазліваў іг.д. Апошні, чацвёрты пакойчык нагадвае пра працу канала з 1840 года да Другой сусветнай вайны.
Сам будынак Музея гісторыі Аўгустоўскага канала, які быў пабудаваны ў сярэдзіне XIX стагоддзя, выкарыстоўваўся адміністрацыяй порта. У 1980-я гады ён прайшоў капітальны рамонт. Побач з ім знаходзіцца гістарычны палац былога воднага ўпраўлення.

Аўгустоўскі канал.  Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Аўгустоўскі канал. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Музей гісторыі Аўгустоўскага канала змястоўна і сумленна распавядае пра фенаменальны праект, аўтарства польскіх інжынераў XIX стагоддзя. Экспазіцыя дазваляе зразумець маштаб працы над яго рэалізацыяй; падкрэслівае цяперашняе значэнне Аўгустоўскага канала, як сапраўднай жамчужыны сярод водных шляхоў Еўропы.

Аўгустоўскі канал.  Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Аўгустоўскі канал. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Таму, каб правільна ацаніць значэнне гэтага папулярнага турыстычнага маршруту, мы раім пачаць знаёміцца з ім менавіта з наведвання музея, прысвечанага гісторыі яго ўзнікнення.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Замак у Ліве запрашае на Міжнародны рыцарскі турнір

29.07.2022 15:31
Ужо 19-ы раз лепшыя рыцары-рэканструктары будуць змагацца за званне «Ліўскаага фехтавальшчыкa»» і «Пярсцёнак княгіні Анны».