Беларуская Служба

Гомельскі «Цім Тэатр», які зачынілі ў 2020 годзе, аднавіў працу ў Варшаве

24.09.2022 12:51
Калектыў прымусілі выехаць з Беларусі, даўшы выбар – замежжа ці турма. У гэтыя выходныя ён выступае з атмасферным спектаклем «Верасковы мёд».
Аўдыё
  • Гомельскі «Цім Тэатр», які зачынілі ў 2020 годзе, аднавіў працу ў Варшаве
.
.фота: «Цім Тэатр»

Беларускі «Цім Тэатр», які працаваў у Гомелі, быў зачынены пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе ў выніку грамадзянскай пазіцыі актораў. Больш таго, калектыў прымусілі выехаць з Беларусі, даўшы выбар – замежжа ці турма. Гэты час для актораў быў няпростым, але ім удалося аднавіць сваю творчую дзейнасць у Варшаве. У гэтыя выходныя яны выступаюць з атмасферным спектаклем «Верасковы мёд».

Заснавальнікамі «Цім Тэатру» з'яўляюцца Андрэй і Алеся Бардухаевы-Арол. Яны працавалі ў Гомельскім маладзёжным тэатры. У 2016 годзе памяняўся ідэолаг у выканкаме, бачанне тэатру якога не супадала з бачаннем тэатральнага калектыву, расказвае рэжысёр Андрэй Бардухаеў-Арол.

-Ён сказаў, што ўсё, што мы намагаліся рабіць, нікому не патрэбна, асабліва яму. Мы з жонкай з ім пасварыліся і сышлі з тэатру, бо нічога з тэатру ў тэатры не засталося. Па прафесіі нас не бралі ні ў адзін іншы тэатр Беларусі. І мы зрабілі свой тэатр. У нас атрымалася ўсё, аб чым мы марылі. Гэта быў цяжкі шлях, але патроху мы дайшлі да таго, што тэатр атрымаўся. Пасля 4,5 гадоў у нас быў рэпертуар, было шмат перамог, між іншым, мы перамаглі ў конкурсе сацыяльных праектаў «Social Weekend». Кожны наш спектакль быў незвычайным, кожны раз было нешта новае. Мы рабілі атмасферныя спектаклі для невідучых, вялікі адсотак нашай працы – гэта былі сацыяльныя праекты. Было шмат планаў, але ў 2020 годзе ўсё памянялася. Мы ўжо з траўня хадзілі на маршы, выказвалі ў сацсетках тэатра сваю пазіцыю. У верасні 2020 году нас выклікаў дырэктар памяшкання і сказаў, што мы дагуляліся, нас зачыняюць. Гэты былі цяжкія шэсць месяцаў, але мы надалей змагаліся да моманту, пакуль нам адкрытым тэкстам сказалі: ці вы абодва з’язджаеце, ці мы вас закрываем. Нам далі два тыдні, а ў нас як раз рыхтавалася прэм’ера спектаклю. Яна павінна была быць праз два дні ад тэрміну, які нам далі. Мы ўсё ж вырашылі застацца, сыграць прэм’еру, потым з’ехаць. Так мы апынуліся ў Варшаве.

Шлях у Варшаве быў нялёгкім. Першыя паўгода трэба было наладжваць жыццё, але прага далей займацца тэатрам не знікла. Дзякуючы Польскаму тэатральнаму інстытуту «Цім Тэатр» трапіў на творчую рэзідэнцыю ў варшаўскі TR Teatr. На яго базе «Цім Тэатр» аднавіў свае спектаклі. Да Аляксандра і Алесі далучыліся акторы з мінскага РТБД Андрэй і Даша Новікі. На другую творчую рэзідэнцыю прыехалі Максім Шышко і Маша Пятровіч, таксама былыя акторы РТБД.

-Атрымалася, што нас ужо шэсць чалавек. Мы вырашылі, што хочам займацца творчасцю, вырашылі аднавіць тэатр. Першая пастаноўка ўжо была, гэта той жа самы спектакль для невідучых «Верасковы мёд».

«Верасовы мёд» – гэта атмасферны спектакль-паглыбленне – гэта спектакль, які ўплывае на пачуцці слыху, паху і дотыку. Гледачы ўспрымаюць відовішча з завязанымі вачыма.


«Верасковы мёд» «Верасковы мёд»

9 стагоддзе. Вёска Піктау захоплена шатландскімі воінамі. Выжылыя хаваюцца ў гарах, але вымушаныя пакінуць часовы прытулак, каб пахаваць памерлых, а потым пакінуць родныя землі, уцякаючы ад ворагаў. Сямʼя Медаварава змяшчае сакрэтны рэцэпт, якім зацікавіўся шатландскі кароль. Бацька і сын Медавары, якія трапілі ў рукі шатландцаў, захоўваюць гэтую таямніцу цаной уласнага жыцця.

Сцэнар напісана на падставе аднайменнай балады Р.Л. Стывенсана «Heather Ale» (1880). Праўда, рэжысёр памяняў фінал, каб даць людзям надзею.

Андрэй Бардухаеў-Арол адзначае, што дзеі адбываліся даўно, але складаецца ўражанне, што балада напісана ў нашыя няпростыя часы.

слухайце аўдыё

ав