Сёння я прадстаўлю вашай увазе кампазіцыю музыканткі, якая ўзяла сабе сцэнічны псеўданім Паўля Рома. Сапраўднае імя і прозвішча – Паўліна Раманюк-Ясіньска (Paula Roma – Paulina Romaniuk-Jasińska).
Нядаўна Паўля выдала свой новы альбом – «Cholerne pragnienie» (Праклятая прага або смага). Як адзначыла спявачка ў эфіры Першага каналу Польскага радыё, гэта чарговы крок на шляху да ажыццяўлення яе музычных мар. Яна таксама распавяла, што з ранняга дзяцінства яе суправаджалі музыка і спевы. «Мама казала, што я пачала спяваць раней, чым гаварыць. І сапраўды, у мяне першыя ўспаміны з дзяцінства пра тое, што ў 4 гады я ехала з бацькамі ў Іспанію на аўтобусе і спявала», – распавяла музыкантка.
Паўля належыць да маладога пакалення польскіх заваёўнікаў музычнай сцэны. Праўда, пакуль што інфармацыі пра яе ў сеціве няшмат, нават не ўдалося мне знайсці звесткі, калі яна нарадзілася, але, думаю, што праз невялікі адрэзак часу яна стане значна больш вядомай асобай. А пачалася сцэнічная кар’ера Паўлі ў 2014 годзе, калі яна ўзяла ўдзел у праграме «Голас Польшчы». Праўда, ёй не ўдалося перамагчы, але ўжо сам удзел у праграме, дзе яна дайшла да чвэрцьфіналу, быў важным этапам у жыцці маладой дзяўчыны. Дарэчы, яна сама кажа, што гэта была выдатная школа, якая дала ёй вельмі шмат. А паколькі музыка – гэта важнейшая справа для выканаўцы, яна можа яшчэ шмат дасягнуць на гэтай ніве. Яна сама гаворыць, што заўсёды верыла, што музыка будзе на пешым месцы, не будзе толькі хобі, а стане тым інструментам, які дазволіць атрымліваць задавальненне з працы і матэрыяльныя рэсурсы для жыцця.
А я ўжо прапаную паслухаць кампазіцыю з аднайменнага альбому пясняркі, якая называецца «Праклятая прага».
Chcemy więcej
Chcemy szybciej
Chcemy sprawniej
Byle cel uświęcał środki
I choć parzy nas sumienie
Chcemy więcej
Całe cholerne pragnienie
Na zmęczonych w dzień powiekach
Patrzysz w słońce
I bez filtra nie chcesz przestać
Zerkasz prosto
W nie świecące
Przez potężne
Niepojęte ludzkie żądze
Stoję w sumie tu samotnie
Odprawiając ceremonię
Na nerwową modłę
Chcemy więcej...
Całe to cholerne Pragnienie
Мы хочам больш. Мы хочам хутчэй. Мы хочам больш эфектыўна. Каб мэта апраўдвала сродкі яе дасягнення. І хоць паліць нас сумленне, мы хочам больш. Гэтая праклятая прага. На стомленых днём вейках. Ты глядзіш у сонца, без фільтра не хочаш перастаць пазіраць. Пазіраеш наўпрост у сонца, якое свеціць. Праз магутную людскую пажадлівасць я стаю тут агулам у адзіноце. Ладзячы цырымонію ў нервовай манеры. Мы хочам больш. Мы хочам больш. Мы ўсе па-чартоўску хочам больш... Усё гэтае праклятае жаданне.
Cholerne pragnienie – прыметнік cholerne вельмі часта можна пачуць з вуснаў палякаў. Праўда, гэта не парламентарны выраз, але і не цалкам нецэнзурны, канешне. Таму ў гутарковай мове яго часта сустракаем. Ён, як правіла, выражае моцныя эмоцыі, а перакладаецца на беларукую мову як „пракляты”. У сваю чаргу іншы аднакарэнны выраз – cholernie – можна перакласці як «жахліва, чортава». Напрыклад:
Te cholerne drzwi nie zamykają się – гэтыя праклятыя дзверы не зачыняюцца.
Dzisiaj jest cholernie gorąco – сёння жахліва горача.
Chcemy więcej – мы хочам больш. Вось такі лозунг спажывецкага ладу жыцця паявіўся ў дадзенай песні, але дзеля таго, каб яго асудзіць, а не ўсхваляць.
Chcemy sprawniej – мы хочам больш эфектыўна (эфектыўней).
Byle cel uświęcał środki – каб толькі мэта апраўдвала інструменты яе дасягнення. Гэта адвечная дылема філосафаў ды палітыкаў – ці мэта апраўдвае сродкі. На маю думку, не, не апраўдвае, але шматлікія людзі, асабліва тыя, хто займаецца палітыкай або бізнесам, мяркуюць, што апраўдвае.
Ludzkie żądze – людская пажадлівасць або юрлівасць, калі гаворка ідзе пра сексуальную пажадлівасць.
Na nerwową modłę – нервовай манерай або «у нервовай форме».
нг