Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: «На краю жыцця» групы Wilki

17.11.2022 15:43
Гэты калектыў існуе на польскай музычнай сцэне ўжо больш за 30 гадоў.
Аўдыё
Zespół Wilki w 2005 roku
Zespół Wilki w 2005 rokuForum/Artur Chmielewski

Польскі гурт Wilki (Ваўкі) існуе ўжо звыш трох дзясяткаў гадоў. Ён быў заснаваны ў чэрвені 1991 года музыкантам, кампазітарам і аўтарам тэкстаў Робэртам Гаўлінскім (Robert Gawliński). Праўда, нельга сказаць, што ўвесь гэты час калектыў дзейнічаў на полькай музычнай сцэне. Нямала было і складаных момантаў у працы музыкаў. Неўзабаве пасля заснавання групы раптоўна памёр ударнік, а ў 1995 годзе гурт прыпыніў сваю дзейнасць, нягледзячы на тое, што яго першая кружэлка, якая выйшла ў ‘92 годзе, хутка стала вельмі папулярнай. Агулам было прададзена звыш 200 тыс паасобнікаў дыску з песнямі аўтарства Робэрта Гаўлінскага. Пазней гурт рэгулярна вяртаўся да творчасці і запісваў новыя песні і альбомы.

Заснавальнік і фронтмэн «Ваўкоў» Робэрт Гаўлінскі надалей кіруе калектывам, хаця музыканты даўно ўжо не запісвалі новых кампазіцый. Дарэчы, сам Гаўлінскі ў 2020 годзе, калі пачалася пандэмія каранавіруснай інфекцыі і былі ўведзеныя розныя супрацьэпідэмічныя меры, якія ў найбольшай ступені закранулі менавіта эстрадны бізнес, пераехаў разам з сям’ёю жыць у Грэцыю. У яго двое сыноў, якія выступаюць разам з бацькам на сцэне.

Яшчэ важны эпізод з жыцця музыканта, які аказаў вялікі ўплыў на яго светапогляд – у маладым узросце Гаўлінскі захварэў на рак мозгу. На шчасце, лекарам удалося зрабіць паспяховую аперацыю. З таго часу Робэрт вельмі цэніць жыццё, і, як сам казаў у адным з інтэрв’ю, хвароба прымусіла яго, маладога бунтаўніка, пераасэнсаваць свой падыход да жыцця і працы. І песня гурту, якую я вам прапаную сёння, з’яўляецца добрай ілюстрацыяй лёсу Робэрта Гаўлінскага, але таксама сведчыць пра сілу і прагу перамагчы. Называецца кампазіцыя «Na krawędzi życia» (На краю жыцця).

Nie mam w sercu Boga, nie mam od lat

Nie mam też i diabła, nie jestem ich wart

Czuję w sobie pustkę, otchłań bez dna

J kontra ja

Na krawędzi życia tańczę jak na linie dziś

I nie umiem przegnać mroku, który we mnie tkwi

Jak upadły anioł chwytam każdą światła nić

Na krawędzi życia tańczę jak na linie dziś

Po nieprzespanej nocy – poranny chłód

Dzień porywa myśli, mniejszy jest ból

Zostają piosenki i dźwięki wśród słów

By zdarzył się cud 

У мяне няма Бога ў сэрцы, няма яго здаўна, у мяне таксама няма д'ябла, я іх не варты, я адчуваю сябе пустым унутры, бяздоннай прорваю. Я супраць сябе самога.

На краю жыцця я танцую як на канаце сёння. Я не ўмею прагнаць змрок, які ўва мне засеў. Як палы анёл, я хапаюся за кожную нітачку святла.

Пасля бяссоннай ночы – ранішні холад. Дзень забірае думкі, меншы ўжо боль. Застаюцца песні і гукі сярод слоў, каб здарыўся цуд.

Na krawędzi życia – на краю жыцця. Krawędź азначае канец чагосьці, нейкай паверхні, скажам, стала, таксама ўжываецца ў пераносным значэнні – канец жыцця. А kraj па-польску – гэта беларуская краіна. А вось польская kraina – гэта не асобная дзяржава, а толькі частка дзяржавы, якая ўяўляе сабою нейкі абшар, які адзначаецца акрэсленымі гістарычнымі або геаграфічнымі ўласцівасцямі, напрыклад, kraina jezior mazurskich – край мазурскіх азёраў.

Od lat – шмат гадоў, здаўна.

Nie jestem wart – я не варты (чагосьці або кагосьці). Прыклады выкарыстання на польскай мове:
Lepiej, żebyśmy się rozstali, nie jestem ciebie wart – лепш, каб мы рассталіся, я цябе не варты.
Ten zegarek nie jest wart 200 złotych – гэты гадзіннік не варты (не павінен каштаваць) 200 злотых.

Przegnać mrok, który we mnie tkwi – прагнаць змрок, які ўва мне засеў, які ў мяне ўнутры. Tkwić – гэта тарчаць, знаходзіцца ў чымсьці, захоўвацца (скажам, tkwić w pamięci – знаходзіцца доўга ў памяці), напрыклад, utkwiła drzazga – трапіла (засела ў скуры) стрэмка.

Dzień porywa myśli – дзень забірае думкі (калі карыстацца больш паэтычным вобразам, можна сказаць «бярэ ў палон мае думкі»), іншыя словазлучэнні з выразам porywać – porwanie samolotu, porwanie człowieka – гэта akt terroryzmu (тэракт) – захоп самалёта або чалавека.

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы