Храм Божага Провіду ў Варшаве запрашае наведвальнікаў у Маўзалей прэзідэнтаў Польшчы ў выгнанні і на прысвечаную ім Мемарыяльную выставу. 12 лістапада тут адбудзецца цырымонія перапахавання астанкаў прэзідэнтаў Уладзіслава Рачкевіча, Аўгуста Залескага і Станіслава Астроўскага. Разам з імі ў маўзалеі будзе спачываць і апошні прэзідэнт Польшчы ў выгнанні Рышард Качароўскі з жонкай. Урачыстасці 12 лістапада завяршаюць чатырохгадовае святкаванне 100-годдзя аднаўлення незалежнасці Польшчы.
Маўзалей прэзідэнтаў Польшча ў выгнанні/PAP/Albert Zawada
Урачыстае адкрыццё Маўзалея прэзідэнтаў Польшчы ў выгнанні і Мемарыяльнай выставы ў Храме Божага Провіду ў Варшаве – гэта беспрэцэдэнтная справа, падкрэслівае старшыня Фонду «Дапамога палякам на Усходзе» Мікалай Фалькоўскі(Mikołaj Falkowski). Мы ўшаноўваем польскім патрыётаў, якія сваім стаўленнем і дзеяннямі даказалі, што мелі рацыю ў гэтых прынцыповых пытаннях адносна гістарычнай праўды, падкрэсліў Фалькоўскі:
- Дзякуючы ім і брытанскай эміграцыі гэтая пераемнасць была захаваная. Дарэчы, палякі, якія не маглі вярнуцца ў Польшчу, пражывалі ў многіх краінах на Захадзе, дзе ангажаваліся ў грамадскую дзейнасць. Гэтае месца з’яўляецца доказам нашай удзячнасці для ўсёй лонданскай эміграцыі, з якой паходзілі чарговыя польскія прэзідэнты ў выгнанні.
Маўзалей прэзідэнтаў Польшчы ў выгнанні/PAP/Albert Zawada
Прывезеныя з Вялікабрытаніі труны з прахам трох прэзідэнтаў будуць змешчаныя ў адмысловых мармуровых саркафагах. Кусташ Храма Божага Провіду ксёндз Тадэвуш Александровіч(Tadeusz Aleksandrowicz) звяртае ўвагу на мэтанакіраваную прастату інтэр’еру маўзалея:
- Мы не ставім тут, скажам так, «каралеўскіх» саркафагаў, але сціплыя саркафагі ў памяць аб тых, якія столькі зрабілі для Польшчы. Паводле мяне, нашыя дзеянні, гэта запаўненне «белай пламы» ў нашай гісторыі.
Ксёндз Тадэвуш Александровіч нагадаў, што «ў сакавіку 1921 года польскі Сейм прыняў, так званую сакавіцкую Канстытуцыю і акт аб выкананні абяцання Чатырохгадовага Сейма (1788-1792 гадах) Рэчы Паспалітай пабудаваць у Варшаве Храм Божага Провіду.
Маўзалей прэзідэнтаў Польшчы ў выгнанні/PAP/Albert Zawada
У законе, між іншым, гаворыцца, што ў сутарэннях гэтага храма – сімвала ўдзячнасці нацыі, знойдуцца магілы палякаў, заслужаных для аднаўлення свабоды краіны. «Можна сказаць, што цяпер мы працягваем гэтую працу, якая была распачатая больш за 200 гадоў таму», – сказаў кусташ Храма Божага Провіду.
Упаўнаважаны прэм'ера па ахове месцаў памяці Войцех Лябуда(Wojciech Labuda), нагадаў, што Маўзалей прэзідэнтаў Польшчы ў выгнанні пацвярджае, што місія прэзідэнтаў была паспяховай, нягледзячы на нягоды:
- Гэта паспяховая місія. Місія прэзідэнтаў, якія паўстагоддзя змагаліся за свабодную Польшчу, была завершаная ў 1990-х гадах. Зараз мы пражываем у свабоднай, незалежнай краіне. Таму трэба нагадваць, што місія была паспяховая.
Маўзалей прэзідэнтаў Польшчы ў выгнанні/PAP/Albert Zawada
Побач з Маўзалеем прэзідэнтаў Польшчы ў выгнанні была створаная Мемарыяльная выстава, падрыхтаваная Інстытутам нацыянальнай памяці. Яна нагадвае пра постаці прэзідэнтаў Польшчы ў выгнанні, пра часы, у якія ім даводзілася дзейнічаць, і выклікі, з якімі яны спрабавалі змагацца, кажа намесніца дырэктара Бюро нацыянальнай адукацыі Інстытута нацыянальнай памяці Эльжбета Дуда(Elżbieta Duda):
- Мы паказваем прэзідэнтаў пры дапамозе розных артэфактаў, дакументаў, якія нам удалося атрымаць. Мы атрымалі іх ад семʼяў і розных установаў, як напрыклад, Інстутут Сікорскага ў Лондане.
На выставе паказаны таксама гістарычны фон і карта, на якой пазначаныя асноўныя цэнтры польскай дыяспары ў свеце.
Маўзалей прэзідэнтаў Польшчы ў выгнанні/PAP/Albert Zawada
У вітрынах з постацямі чарговых прэзідэнтаў Польшчы ў выгнанні можна ўбачыць арыгінальныя фотаздымкі і дакументы, як перыяду знаходжання на пасадзе кіраўніка дзяржавы, так і перыяду іх папярэдняй дзейнасці. Там можна паглядзець на іхныя твары і паслухаць іхныя галасы, сказаў стваральнік выставы Яраслаў Клапут(Jarosław Kłaput):
- Наведвальнікі могуць «паглядзець ім у твар». Яны таксама змогуць паслухаць іх галасы. Гэта вельмі цікавае. Такім чынам кожны з прэзідэнтаў можа з намі «кантактаваць» сваім голасам. Важна таксама, што прэзідэнты стаяць пад сцягам, які цягам многіх гадоў іх суправаджаў.
Сярод прадстаўленых на выставе артэфактаў можна будзе паглядзець, сярод іншага, сувеніры, звязаныя з прэзідэнтам Ігнацыем Масціцкім, пашпарт і пасведчанне афіцэра з 1944 года Станіслава Астроўскага, пячатку прэзідэнта Казімежа Сабата і гаржэт, ахвяраваны 4 верасня 2004 года Рышарду Качароўскаму з нагоды 85-х угодкаў з дня яго нараджэння.
Маўзалей прэзідэнтаў Польшчы ў выгнанні/PAP/Albert Zawada
Асобнае месца на Мемарыяльнай выставе займае копія прэзідэнцкага сцяга Польшчы, арыгінал якога лунаў над Каралеўскім замкам з 1926 па 1939 год, а затым быў вывезены прэзідэнтам Масціцкім у Лондан.
У сваю чаргу на мультымедыйным экране прадстаўлены кадры, прысвечаныя ўсім прэзідэнтам Польшчы ў выгнанні.
Парэшткі польскіх прэзідэнтаў у выгнанні былі эксгумаваныя на пачатку лістапада на могілак польскіх лётчыкаў у Ньюарк-он-Трэнт у Вялікабрытаніі.
Маўзалей прэзідэнтаў Польшчы ў выгнанні/PAP/Albert Zawada
Акрамя саркафагаў прэзідэнтаў Рачкевіча, Залескага, Астроўскага і Качароўскага, які раней быў пахаваны ў храме Божага Провіду, у маўзалеі знойдуцца таксама два сімвалічныя саркафагі, гэтак званыя кенатафы, якія ўшаноўваюць памяць прэзідэнтаў Эдварда Рачынскага, пахаванага ў сямейнай магіле ў Рагаліне і Казімежа Сабата, які спачывае на могілках Ганнерсберы ў Лондане.
Маўзалей прэзідэнтаў Польшчы ў выгнанні/PAP/Albert Zawada
Праект знаходзіцца пад патранатам прэзідэнта Анджэя Дуды і прэм’ера Матэвуша Маравецкага, а яго рэалізацыя праходзіць у рамках 100-годдзя аднаўлення незалежнасці Польшчы. Ініцыятыву рэалізуе Фонд «Дапамога палякам на Усходзе» ў супрацоўніцтве, між іншым, з Інстытутам нацыянальнай памяці. Праект суправаджаўся інфармацыйна-асветніцкай кампаніяй «Місія: Свабодная Польшча».
IAR/aз