Беларуская Служба

Польскі літаратуразнавец: Пушкін не быў сябрам Міцкевіча

12.01.2023 15:57
Вядомы польскі русіст, супрацоўнік Варшаўскага ўніверсітэта Пётр Глушкоўскі, расказвае пра праявы рускага імперыялізму ў рускай літаратуры XVIII-XIX стст.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". П.Глушкоўскі пра А.Пушкіна і А.Міцкевіча.
 ,  .   . . 1999 .
Беларуская марка, прысвечаная А. Пушкіну і А. Міцкевічу. 1999 г.Public domain

Не сакрэт, што беларусы ў часы Расійскай імперыі, у перыяд Савецкага Саюза і нават у Рэспубліцы Беларусь жывуць ва ўмовах дамінавання рускай мовы і культуры. Фактычна, унутры рускага свету. І гэта праяўляецца ва ўсіх сферах жыцця. Адной з форм агрэсіўнага ўплыву рускага свету на беларусаў з’яўляецца навязванне ім разам з рускай мовай рускай літаратуры, а значыць, і рускага ладу думак, мыслення.

Вядомы польскі русіст, супрацоўнік Варшаўскага ўніверсітэта Пётр Глушкоўскі — знаўца як сучаснай рускай літаратуры, так і літаратуры XIX ст. Напрыклад, ён грунтоўна вывучыў творчасць рускага пісьменніка, паляка, ураджэнца Беларусі Фадзея Булгарына. А разам з тым — і творчасць сучасніка Булгарына — Аляксандра Пушкіна і іншых літаратараў, якіх у абавязковым парадку вывучаюць у школах Беларусі, якім ставяць помнікі ў беларускіх гарадах.

А вось ва Украіне творы гэтых пісьменнікаў выключаюць са школьнай праграмы, а помнікі ім прыбіраюць з публічнай прасторы. І гэта невыпадкова. Руская літаратура была і з’яўляецца адным са сродкаў уплыву рускай імперскай ідэалогіі на рускамоўнае насельніцтва і нават нярускіх — усіх, хто так ці інакш сутыкаецца з рускай мовай і культурай. Гэта, зрэшты, натуральна. Пазнаючы тую або іншую культуру, пранікаешся ёю.
Наколькі чытач рускай літаратуры рызыкуе заразіцца рускім імперыялізмам?

Пётр Глушкоўскі: На маю думку, трэба перанесціся ў той час, калі руская літаратура пачала хутка развівацца — да рубяжа XVIII і ХІХ ст. І калі мы ўчытаемся ў вершы, іншыя творы, напісаныя ў часы расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ, — Кастровым, Дзяржавіным, то мы ўбачым, што ўсе яны праслаўляюць сваю любімую царыцу, якая здабывае чарговыя землі.

А сярод здабытых Кацярынай ІІ зямель былі і тэрыторыі сучасных Польшчы, Беларусі, Літвы, Латвіі і Украіны, у тым ліку Крым.

Пётр Глушкоўскі: Большасць гэтых твораў была напісана ў сувязі з падзеламі Рэчы Паспалітай. І ў іх гаварылася пра тое, што жыхары былой РП павінны радавацца таму, што зараз будуць кіравацца вялікай справядлівай царыцай. Нямнога знойдзецца рускіх аўтараў, якія глядзелі на гэтыя падзеі інакш.

Таксама варта напомніць пра медаль, выбіты ў тыя часы, на якім быў змешчаны надпіс: “Отторженная возвратихъ” — адабранае вярнула (на медалі двухгаловы арол трымае карты беларускіх і ўкраінскіх зямель, далучаных у 1772 і 1793 гадах да Расіі. — Рэд.). І так на гэта глядзела большасць рускіх. Яны лічылі, што ім гэтыя землі належалі, што яны — іх уласнасць, а яны складаюць вялікую імперыю.

Пётр Глушкоўскі лічыць красамоўным прыкладам такіх адносін да зямель былой Рэчы Паспалітай погляды рускага паэта Аляксандра Пушкіна.

Пётр Глушкоўскі: Пра Пушкіна часам памылкова гавораць, што ён быў сябрам Адама Міцкевіча. Паміж імі не было сяброўства, а была ўзаемная павага, узаемнае прызнанне.

А калі адбылося Лістападаўскае паўстанне (1830-1831 гг. — Рэд.), то Пушкін напісаў твор “Клеветникам России”, і ў ім ён дэманстраваў яднанне са сваім царом —  у той час Мікалаем І. Пушкін маляваў вобраз Расіі як імперыі, і сцвярджаў, што іншыя дзяржавы не павінны ўмешвацца ў тое, што адбываецца ў Расіі.

І гэта тэндэнцыя потым паўтаралася ў іншых пісьменнікаў падчас польскага Студзеньскага паўстання (1863-1864 гг. — Рэд.) і спроб вызвалення з Расійскай імперыі іншых народаў.

Але Пушкін гэта якраз цудоўны прыклад. Бо ў часы ПНР і СССР яго паказвалі як дзекабрыста, хаця ён не ўдзельнічаў у паўстанні дзекабрыстаў, як бунтаўніка. А на самай справе ён хацеў служыць Мікалаю І. Ён нават спрабаваў пачаць працу ў ІІІ аддзяленні (Уласнай Яго Імператарскай Вялікасці канцылярыі — вышэйшым органе палітычнай паліцыі Расійскай імперыі падчас кіравання Мікалая I і Аляксандра II (з 1826 да 1880 г. — Рэд.).

Пушкін хацеў выконваць ролю Мікалая Карамзіна, які ў свой час быў дарадчыкам імператара Аляксандра І, але адначасова і крытыкаваў Аляксандра І. Але Мікалай І не дазволіў Пушкіну (заняць гэта месца. — Рэд.).

Адзіным, хто супраціўляўся імперскай палітыцы Расіі ў той час, напамінае Пётр Глушкоўскі, быў рускі паэт Пётр Вяземскі.

Пётр Глушкоўскі: У яго былі сябры палякі. Ён пэўны час жыў у Варшаве і цудоўна ведаў польскую мову.

22 студзеня ў Польшчы будуць адзначаць 160-ю гадавіну Студзеньскага паўстання, якое з лютага ахапіла таксама Літву і Беларусь. Пётр Глушкоўскі лічыць паказальным, як на паўстанне ў той час адрэагавалі рускія пісьменнікі.

Пётр Глушкоўскі: Амаль усе пісьменнікі, у т.л. ліберальныя, якія раней заклікалі да таго, каб Расія адкрывалася свету, Захаду, пра Студзеньскае паўстанне гаварылі так, як ім загадваў Каткоў, ідэолаг Расійскай імперыі, які сцвярджаў, што палякі бунтаўнікі, што гэта не паўстанне, а бунт. І ўвогуле, гаварыў Каткоў, паўсталі не палякі, а шляхта і духавенства, бо “сапраўдныя” палякі — гэта сяляне, якіх можна будзе перарабіць у рускіх.

Але і тут знайшліся рэдкія выключэнні — Аляксандр Герцэн і Міхаіл Бакунін, напамінае Пётр Глушкоўскі. Праўда, яны знаходзіліся ў эміграцыі.

Пётр Глушкоўскі: З Англіі, з-за мора, яны падтрымлівалі палякаў у іх імкненнях да незалежнасці.

У той жа час нараджаецца тая руская літаратура, якая больш за ўсё вядома сучаснаму чытачу — у т.л. у Польшчы і далей, на Захадзе. Сярод іх найбольш яркай постаццю з’яўляецца Фёдар Дастаеўскі. Як адносіцца да Дастаеўскага, які вядома сваімі сімпатыямі да рускіх нацыяналістычных, клерыкальных ідэй?

Пётр Глушкоўскі: Тое, што адбывалася ў ХІХ ст., на вачах Дастаеўскага, на гэта Дастаеўскі меў уплыў. Аднак не варта абвінавачваць Дастаеўскага, рускую мастацкую літаратуру ў тым, што адбываецца ў ХХІ ст.

Сувязь паміж гэтымі з’явамі вельмі слабая, і, вядома, можна шукаць нейкіх агульных рыс. Можна ўспомніць, што Пуцін выдзеліў дадатковыя сродкі на музей Дастаеўскага ў Маскве, які на працягу многіх гадоў быў у заняпадзе.   

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Гісторык: Трэба хаця б некалькі соцень тысяч фанатычна нярускіх людзей, каб выйсці з «русского мира»

04.08.2022 16:03
Беларускі гісторык Аляксандр Белы лічыць, што сучаснае насельніцтва РБ – вынік ачышчэння Беларусі Расіяй ад нярускага элемента шляхам прымусу да эміграцыі і масавых забойстваў.