Беларуская Служба

Тыднёвік беларускай нацменшасці на Падляшшы піша пра цуд пад іх вокнамі

16.01.2023 16:17
Перад намі – адзін з самых цудоўных нумароў «Нівы» на працягу яе шасцідзесяці васьмі гадоў ад выдання першага нумара ў сакавіку 1956 года!
Аўдыё
  • Тыднёвік беларускай нацменшасці на Падляшшы піша пра цуд пад іх вокнамі
Архіўныя нумары «Нівы» Фота: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Бо пачынаецца ўжо з першай старонкі – «Цудам пад вокнамі «Нівы». Пад дзвярыма дому, дзе месціцца рэдакцыя «Нівы», два дамы да клінікі, пры падтрымцы мінакоў нарадзілася Антанінка. Гэта магічна – заўважыў Дар'юш Шада. – Побач Нівы па вуліцы Заменгофа да вайны месцілася дабрачыннае таварыства «Лінас Хацэдэк», якое медычна дапамагала ўсім патрабуючым незалежна ад веравызнання і нацыянальнасці. А сваячка Ганны Кандрацюк, якая апісвае падзею, сцвердзіла: Калі ў такім месцы і часе нарадзілася дзіця, то штось добрае спаткае вашу «Ніву»! Мабыць і ў мастацкім плане.

Далей на старонках святкуем каляды – Марыя Кужалеўская ўспамінае «Каляды ўчора і сёння», у «Зорцы» – святкаванні Божага Нараджэння ў Залуках на Гарадоччыне, Уршуля Шубзда расказвае пра творчасць Ежы Навасельскага ў сувязі з годам яго памяці ў тэксце «Год у Польшчы, у Гарадку вечна» – бо ў гарадоцкай царкве, між іншым, навечна захаваліся рэалізацыі рэлігійных задум вялікага жывапісца – паліхроміі напісаныя ў 1950 гады.

На суседняй старонцы «Нівы» – пра творчасць непрафесійных масткоў Гайнаўшчыны, на выставе якіх пабываў Аляксей Мароз. Прадстаўляе ён творчасць пераможцаў конкурсу – Яцка Некраша, Камілі Мусько-Парфенюк, скульптара Міхала Коца, народнага разьбяра Мікалая Ягадніцкага і Марка Сапёлкі. Выбраны былі працы ў розных тэхніках, а паглядзець іх можна ў Беларускім музеі ў Гайнаўцы.

У сённяшняй «Ніве» – вельмі літаратурнай – падборка новых вершаў «белавежца» Юрыя Баены з Мокрага на Бельшчыне, вершы лаўрэаткі конкурсу Дэбют Веры Масайла з Гайнаўкі, а ў Зорцы працяг размовы з Уладзімірам Арловым, якую правялі вучні з майстар-класаў «Сустрэчы Зоркі». Ёсць абʼёмістае і багатае эсэ краязнаўцы, гісторыка і калекцыянера Лявона Карповіча з Луннай – «Нацыянальная самасвядомасць у святле маралі міласэрнасці і любові». Да гэтага твора будзем вяртацца неаднойчы, знаходзячы прыклады канкрэтных людзей і ўстаноў, якія змагаюцца за ўтрыманне і развой беларушчыны.

У «Даце з календара» Уладзіміра Хільмановіча – 135 гадоў з дня нараджэння Язэпа Каранеўскага – беларускага дзяржаўнага дзеяча і педагога, які нарадзіўся ў 1888 годзе ў мястэчку Заслаўе Мінскага павета, расстралянага 28 кастрычніка 1937 года, арыштаванага і замардаванага неабгрунтавана. Прысуд быў скасаваны. Памяць пра Каранеўскагга ніяк не ўшанавана. Аляксандр Вярбіцкі на 12 старонцы працягвае свой багаты агляд выяў-ікон Багародзіцы. Сёння прадстаўлены паходжанне і перыгрынацыі ікон Гадышэўскай Адзігітрыі, Ружанастоцкай, Белськай і Аўгустоўскай ікон Багародзіцы. Даследчык піша: «Варта цяпер заглянуць да тых нашых святынь, якія, як і мясцовае насельніцтва, бывалі па розных баках нашай візантыйска-лацінскай цывілізацыйнай мяжы». Чакаем новых даследаванняў і роспытаў нашага ніўскага следапыта.

А на старонках «Нівы» яшчэ – што ўбачыў «Сваімі вачыма» галоўны рэдактар Яўген Вапа, які таксама распавядае пра цуды, які даводзяць да таго, што «хочацца ў спеве выкрычаць на поўныя грудзі радасць душы, нават у такіх людзей (як ён), якія мабыць не ўмеюць зусім спяваць. Але найважнейшае – «адкрыць нашы сэрцы і душы перад Нованароджаным». Пра іншы цуд – ажыўленне быццам бы памерлай пісьменніцы, хаця ў віртуальным свеце, распавядае ў сваім фельетоне Уладзімір Хільмановіч. Тут, у сучасным невіртуальным свеце ёсць такія тэндэнцыі, калі рэальныя падзеі і зʼявы падменены прыдуманымі і фальшывымі». А пра спосаб каб схавацца самому і свае думкі піша філосаф з-пад мястэчка Нарва на Гайнаўчышне Міраслаў Грыка. Справа ў бародах, за якімі вучоныя мужы хавалі свае абліччы і думкі. Не абыдзецца, як у Грыкі, шчырага пакеплівання з палітыкаў, польскіх і сусветных.

Няма цудаў, мусіць закарцець вам заглянуць у цудоўны нумар «Нівы», да чаго заахвочвае вас Міра Лукша, якая верыць у цуды і стараецца іх прадбачваць у справядлівым гараскопе для кожнага беларуса. Загляньце і туды, на адзінаццатую старонку!

слухаце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы