Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: гурт Mikromusic прапануе песню «Так мне не хочацца»

02.02.2023 09:40
Гэта выдатная ілюстрацыя некаторых нашых мэтаў на новы год. 
Аўдыё
Za stronę wokalną Mikromusic odpowiada Natalia Grosiak
Za stronę wokalną Mikromusic odpowiada Natalia Grosiak W. Kusiński/ PR

Сёння я прадстаўлю вам, дарагія слухачы, песню, якая з’яўляецца выдатнай ілюстрацыяй некаторых нашых пажаданняў. Многія з нас пад канец старога года і на пачатку новага вызначаюць сабе мэты на новы год. Часцей за ўсё людзі вырашаюць, што ў новым годзе яны пачнуць займацца бегам, часцей хадзіць у спартзал, эканоміць больш грошай і спажываць менш мяса. Гэта статыстыка. А на колькі хапае нашага энтузіязму? Прыкладна на месяц. Пад канец студзеня наш запал амаль цалкам знікае. Напрыклад, у канцы студзеня – на пачатку лютага фітнес-клубы паведамляюць пра найбольшую колькасць адмоваў ад абанементаў.

Персанальныя трэнеры і коўчы звяртаюць увагу на тое, што нам цяжка захаваць энтузіязм, калі ставім перад сабой вельмі амбітныя мэты. Лепш пачынаць з малых крокаў і паступова падымаць планку, тады прасцей дасягнуць поспеху. І не паддавацца песімізму, а шукаць пазітыўныя моманты ў тым, што робім. Наш мозг так збудаваны, што ён заўсёды шукае прыемнасці, таму вельмі важна знайсці крыніцу задавальнення ў сваёй дзейнасці.

А цяпер добрая ілюстрацыя навагодніх мэтаў і таго, што з імі часта адбываецца, - кампазіцыя калектыву Mikromusic «Так мне не хочацца».

Mikromusic – гэта польскі гурт, які быў заснаваны ва Уроцлаве ў 2002 годзе. Заснавальнікі групы – Наталля Гросяк (Natalia Grosiak) і Давід Карбачыньскі (Dawid Korbaczyński). Яны выконваюць галоўным чынам поп-музыку, а дакладней называюць сваю творчасць avant art pop – авангардная поп-музыка. Да 2020 года музыканты запісалі разам ужо 7 прафесійных кампакт-дыскаў. А заснавальніца групы – Наталля Гросяк – добра падрыхтаваная да такой творчасці. Яна вучылася ў музычнай школе па класе скрыпкі, але закончыла таксама факультэт юрыспрудэнцыі і факультэт славянскай філалогіі ва ўніверсітэце ва Уроцлаве. Сама піша тэксты песняў. У каментарах пад гэтай кампазіцыяй – «Так мне не хочацца» – хтосьці напісаў, што гэты твор трэба абавязкова слухаць перад кожнай трэніроўкай.

Tak mi się nie chce, tak bardzo nie chce, lecz kiedyś jeszcze będę seksi. Tak mi się nie chce, tak bardzo nie chce, lecz kiedyś jeszcze będę seksi. Obiecuję sobie szczerze, że z popiołów wyskoczę w kieckę.

Tak mała wola, jak w morzu kropla, lecz kiedyś jeszcze będę seksi. Bez siły leżę w pościeli zwiędłej, lecz kiedyś jeszcze będę seksi. Róż, czerwień ust flirtów i bóstw. Perły przed wieprze, to wszytko pieprzę. Tak mi się nie chce, tak bardzo nie chce, lecz kiedyś jeszcze będę seksi...

Tак мне не хочацца, так моцна не хочацца, але калі-небудзь я зноў буду сексі. Я абяцаю сабе шчыра, што выскачу з попелу ў сукенку.

Такая маленькая воля, як кропля ў моры, але калі-небудзь я зноў буду сексі. Без сілы я ляжу ў вялай пасцелі, але калі-небудзь я зноў буду сексі. Руж, чэрвень вуснаў, фліртаў і багоў. Жэмчуг перад свіннямі, на хрэн гэта ўсё. Так мне не хочацца, так моцна не хочацца, але калі-небудзь я зноў буду сэксі.

Będę seksi – буду сексуальнай, буду прывабнай (у сексуальным плане). Гэтае слова з’яўляецца цікавым прыкладам спольшчанага ангельскага выразу. Справа ў тым, што па-ангельску яно пішацца праз х і у ў канцы (sexy), а польская версія, якая ёсць у тэксце песні, пішацца па-польску – праз кс ды і ў канцы. У слоўніках польскай мовы, прынамсі ў адным з іх – SJP (электронная версія) прыводзіцца дадзены варыянт як дапушчальны.

Z popiołów wyskoczę w kieckę – з попелу я выскачу ў сукенку. Аднакарэннае слова з попелам – беларускае Папелушка, а вось на польскай мове гераіню казкі завуць Kopciuszek (таму што яна закопчаная).

Tak mała wola jak w morzu kropla – такая малая воля, як кропля ў моры. Па-польску гаворыцца mam silną wolę, mam siłę woli, але нельга сказаць mam słabą siłę woli, паколькі сіла сама па сабе не можа быць слабой, у такім выпадку лепш сказаць mam słabą wolę.

Perły przed wieprze, to wszystko pieprzę – жэмчуг перад свіннямі. Жэмчуг перад свіннямі (кідаць) – гэтая прымаўка існуе таксама і ў польскай, і ў беларускай мове. Так гавораць, калі нейкі вялікі высілак не варты выніку, які ён можа даць. А дзеяслоў pieprzyć мае два значэнні – перчыць (пасыпаць перцам) а другое, менш цэнзурнае – азначае сексуальнае дзеянне, але ў бытавой мове ўжываецца таксама ў значэнні «напляваць» (не цікавіць), інакш – chrzanić (на хрэн гэта ўсё). Прыклад:

Pieprzę to wszystko – мне на ўсё напляваць.

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы