Беларуская Служба

Шэраг культурніцкіх мерапрыемстваў пройдзе ў рамках Году Віславы Шымборскай

10.02.2023 10:09
Многія з гэтых мерапрыемстваў завершацца 2 ліпеня, у 100-годдзе з дня нараджэння лаўрэата Нобелеўскай прэміі.
Аўдыё

Віслава Шымборская, Прага 2010 Віслава Шымборская, Прага 2010

План святкавання юбілею прадставіў у Кракаве Фонд Віславы Шымборскай разам з партнёрамі, якія арганізуюць мерапрыемствы. 

У Кракаве, дзе жыла польская паэтка, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры адкрыюць парк імя Віславы Шымборскай. Да святкавання Года Віславы Шымборскай далучыцца таксама Кракаўская бібліятэка, якая арганізуе вялікі пікнік.

Пройдзе і рэспубліканскі конкурс на калаж у выглядзе паштоўкі. У юбілейны год таксама адкрыецца выстава Фундацыі Віславы Шымборскай «Кірмаш цудаў». Выстава задуманая як пастаянная экспазіцыя ў Малапольскім садзе мастацтваў.

У лютым у Сенаце будзе прэзентаваная біяграфічная выстава «100 год! Віслава Шымборская», якая затым будзе даступная для такіх устаноў, як бібліятэкі, школы і культурныя цэнтры.

У Цэнтральным музеі тэкстылю ў Лодзі адкрыецца часовая выстава «Новы раздзел». У сваю чаргу выставу «Віслава Шымборска. Радасць пісання» рыхтуе італьянскі рэжысёр Серджыа Майфрэдзі. Ён жа падрыхтаваў спектакль «Паслухай, як хутка б'ецца для мяне тваё сэрца», выкарыстоўваючы «вершы, лісты і чарнавікі» Віславы Шымборскай, які будзе пастаўлены ў Рыме і Мілане. У Італіі паэзія Шымборскай карыстаецца вялікай папулярнасцю. Адзінаццаць гадоў таму, пасля смерці паэткі, падборка яе вершаў разышлася накладам 100 тысяч асобнікаў і трапіла ў спісы бестселераў.

У выдавецтве «Знак» выйдуць «Усе вершы» Віславы Шымборскай – 800-старонкавы том, у якім сабраны ўсе яе вершы з 1945 па 2011 гады, у тым ліку неапублікаваныя раней. Таксама чытачам будзе прадстаўлена біяграфія паэткі «Памятны хлам. Біяграфія Віславы Шымборскай» Ганны Біконт і Яанны Шчэнснай і «Шалік. Пра Віславу Шымборскую для дзяцей» Міхала Русінэка.

Віслава Шымборская нарадзілася 2 ліпеня 1923 года ў Вялікапольшчы ў мясцовасці Корнік. Аўтарка трынаццаці тамоў паэзіі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1996). У 2011 годзе ўзнагароджана ордэнам Белага Арла. Яе вершы перакладзены больш чым на сорак моваў, у тым ліку на беларускую.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры

Віслава Шымборская - патрон 2023 года ў Польшчы

02.02.2023 12:28
Яе вершы перакладзены больш чым на сорак моваў свету, у тым ліку на беларускую.