У гэтай рубрыцы я часта прадстаўляю новыя або адносна новыя твары польскай музычнай сцэны, але сёння, для раўнавагі, хачу вярнуцца да «дыназаўраў» эстрады, якія выступаюць ужо дзясяткі гадоў, але не збіраюцца адмаўляцца ад творчасці. Гэта гурт BAJM з вакалісткай Бэатай Казідрак.
Калектыў быў заснаваны ў 1978 годзе ў Любліне. Ён выконвае песні на памежжы поп- і рок-музыкі. Адзінай асобай, якая выступае ў гэтым гурце ад самага яго пачатку, з’яўляецца Бэата Казідрак, а іншыя музыканты час ад часу мяняюцца. І, трэба сказаць, менавіта дзякуючы Бэаце калектыў захоўвае сваю папулярнасць, паколькі яна – сапраўдны лідар і твар гурту. А пачынала яна сваю прыгоду з музыкай у гурце разам з братам Яраславам. Назоў Байм – гэта акронім ад першых літар імён заснавальнікаў.
Даволі хутка група пачала заваёўваць папулярнасць. Яшчэ ў ’78 годзе музыканты выступілі на 16-ым Фестывалі Польскай песні ў Аполі. З таго часу гурт падрыхтаваў ужо 10 альбомаў, запісаных у студыі гуказапісу, не лічачы канцэртныя кампакт-дыскі. Агулам іх кружэлкі былі прададзеныя тыражом звыш 2,5 млн экзэмпляраў.
На працягу звыш 40 гадоў дзейнасці гурту, яго творчасць была раўнамерна папулярнай ва ўсе часы. Дагэтуль музыканты выступаюць з канцэртамі, ладзяць трасы не толькі па Польшчы, але і за мяжой. Напрыклад, яны арганізавалі турнэ па Злучаных Штатах Амерыкі, Канадзе і Вялікбарытаніі. У 2020 годзе, па зразумелых прычынах, ім прыйшлося прытармазіць свой тэмп працы, але і тады яны здолелі выступаць, напрыклад, давалі віртуальныя канцэрты.
Расказваючы пра гурт BAJM, немагчыма не згадаць яго вакалісткі Бэаты Казідрак. Калі гурт быў заснаваны, ёй было толькі 18 гадоў, так што ўсё яе дарослае жыццё прайшло на сцэне разам з музычным калектывам. Яна, несумненна, з’яўляецца адной з самых вядомых польскіх вакалістак, іконай. Яе вобраз быў ацэнены рэкламнымі кампаніямі ў 338 тыс. злотых у 2008 годзе (55-ае месца), а ў 2013 – ужо на 450 тыс (30-ае месца). Дзякуючы канцэртным трасам яна зарабляе мільёны злотых за год, таму па праву лічыцца адной з самых багатых польскіх музыкантак. Пра яе здымаюць фільмы і на падставе яе біяграфіі рыхтуюць тэатральныя спектаклі.
А вашай увазе песня ў выкананні гурту BAJM «Шклянка вады».
Szklanka wody nim przestaniesz brać
Obiecałeś sobie – to był ostatni raz
Spojrzysz matce w oczy całkiem wolny tak
Ołowianą chmurę pokonałeś sam
Nie, nie, nie, nie, nie, nie, nie, nie, nie,
Nie obchodzi mnie jak na imię masz
Nie obiecam Ci, że lepszy będzie świat
Ważny jest oczu Twoich blask
Nie obiecam Ci, że czas ukoi ból
Ważne, że jesteś tu...
Słuchasz kiedy śpiewam, jesteś blisko mnie
Gdy Ci podam rękę musisz wiedzieć, że
Nic już nie jest ważne, nic już nie jest snem
Spróbuj mi uwierzyć – życie piękne jest
Nie, nie, nie, nie, nie, nie, nie, nie, nie,
Nie obchodzi mnie jak na imię masz...
Шклянку вады перад тым, як ты перастанеш прымаць. Ты абяцаў сабе – гэта быў апошні раз, калі ты паглядзіш маці ў вочы, такі цалкам свабодны, так, ты перамог свінцовую хмару ў адзіноце. Не, не, не, не, не, не, не, не, не, мяне не цікавіць, як цябе завуць.
Я не буду абяцаць табе, што свет будзе лепшым. Важны бляск тваіх вачэй. Я не абяцаю табе, што час супакоіць боль. Важна, што ты тут... Слухаеш, калі я спяваю, ты блізка са мной. Калі я табе падам руку, ты павінен ведаць, што нічога не важна, нішто ўжо – не сон.
Паспрабуй мне паверыць – жыццё цудоўнае. Не, не, не, не, не, не, не, не, не, мяне не цікавіць, як цябе завуць... Важна, што ты тут...
Як распавядала сама Бэата Казідрак, тэкст песні «Шклянка вады» быў напісаны пасля яе сустрэчы з маладым наркаманам, які аднойчы пасля канцэрту падышоў да яе па аўтограф. «Я бачыла сляды ад уколаў на яго руцэ. Страшнае пачуццё. Яму было 14, можа 15 гадоў. Я пачала з ім размаўляць, бачыла, што яму гэта трэба. Неўзабаве я рыхтавала альбом... З таго часу, спяваючы «Шклянку вады», я думаю пра гэтую праблему» – сказала Бэата.
Nim przestaniesz brać – перад тым, як перастанеш прымаць. Наркотыкі ў Польшчы «бяруць», а не прымаюць (przyjmować). Праўда, бяруць не толькі наркатычныя сродкі, але таксама, напрыклад, лякарствы. Беларусы лекі п’юць, а палякі бяруць – Biаłorusini leki piją, a Polacy – biorą.
Ołowianą chmurę pokonałeś sam – свінцовую хмару ты перамог сам. Pokonać можна не толькі цяжкую хмару, якой з’яўляюцца наркотыкі, але і strach або lęk (боязь).
Jak na imię masz – як цябе завуць, як тваё імя.
Czas ukoi ból – час зменшыць боль, час супакоіць боль. Кажуць, што czas leczy rany, але тыя, хто перажыў нейкую страту ў сваім жыцці, часта гавораць, што час, праўда, прытупляе боль, але яго не лечыць.