Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: Павел Тур з песняй пра вясну

23.02.2023 17:52
Музыкант запісвае песні, якія заваёўваюць вялікую папулярнасць у сеціве. 
Аўдыё
Paweł Tur
Paweł Turmat.promocyjne

Заканчваецца зіма, ужо апошнія дні лютага. У гэтым годзе зімнія месяцы, здавалася, цягнуліся даўжэй, чым звычайна, паколькі перад зімою існавала меркаванне, што ад таго, якой будзе гэтая зіма – марознай ці мяккай, залежыць лёс Украіны ды, пасярэднім чынам, таксама і нас. На шчасце, зіма была адносна мяккай, і вось-вось у дзверы пагрукае вясна. І песню я выбрала адпаведную – яна так і называецца – вясна. Але перад гэтым яшчэ некалькі словаў пра выканаўцу.

Госць сённяшняй музычна-моўнай рубрыкі – Павел Тур (Paweł Tur). Павел родам з Быстшыцы-Клодзкай. На сайце артыста ёсць звесткі, што з Паўлам здарыўся нешчаслівы выпадак, праўда, не напісана, які і калі, але пасля гэтага ён яшчэ больш стаў цаніць жыццё. Не знайшла я таксама даты яго нараджэння, яму 30 з нечым гадоў. А музыка – вялікае захапленне Паўла, хаця музыкант скончыў факультэт журналістыкі, але таксама музычную школу. Больш за ўсё ён любіць граць на гітары, але таксама спяваць і пісаць музыку. Артыст пачынаў сваю кар'еру ў гурце Centrala 57, з якім запісаў больш за сто кампазіцый. А ўжо нейкі час Павел працуе на музычнай эстрадзе ў якасці саліста.

Першы сольны альбом Паўла выйшаў восенню 2020 года. У яго музыцы, безумоўна, дамінуе гітара. Музыкант запісвае песні, якія заваёўваюць вялікую папулярнасць у сеціве. Усе запісы можна знайсці на яго афіцыйным YouTube-канале. Найбольшую колькасць праглядаў у сеціве набраў кліп Tanki, прэмʼера якога адбылася ў лютым 2020 года. На дадзены момант кліп сабраў больш за 1,5 мільёна праглядаў. А я вам прапаную песню пра вясну з аднайменным назовам, якую праслухалі і праглядзелі ўжо звыш мільёна разоў.

Trochę nas złamał ten świat prawie pokonał,

Ale istnieje Twój raj w moich ramionach.

Jeszcze ptak się do lotu poderwie, pobiegniemy, gdzie wiatr.

Kiedy nieba mniej, o spokój walcz, może trafi się nadzieja,

Spadając tam z gwiazd.

Lubię, gdy siedzimy godzinami i świta za oknami.

Może lepiej zostań, przyjdzie wiosna, będzie znów długi dzień.

Wolę, gdy na niebie liczysz gwiazdy, nie robi tego każdy.

Byliśmy beztroscy, tak teraz w nas hałas,

Ale gdy przytulam cię, on się oddala.

Jeszcze ptak się do lotu, poderwie pobiegniemy gdzie wiatr.

Kiedy nieba mniej, o spokój walcz.

Może trafi się nadzieja spadającą nam z gwiazd.

Lubię gdy siedzimy godzinami i świta za oknami,

Może lepiej zostań przyjdzie wiosna będzie znów długi dzień.

 

Крыху нас зламаў гэты свет, ён амаль што перамог, але існуе твой рай у маіх абдымках. Яшчэ адна птушка адправіцца ў палёт, а мы пабяжым, куды вецер, калі неба менш, змагайся за спакой, можа, трапіцца надзея, упадзе з зорак.

Я люблю, калі мы сядзім гадзінамі, а за вокнамі світае, можа, лепш застанься, вясна прыйдзе зноў, зноў будзе доўгі дзень. Лепш, калі ты на небе лічыш зоркі, не кожны гэта робіць.

Мы былі бесклапотныя, а цяпер у нас шум, але калі я цябе абдымаю, ён аддаляецца. Я люблю, калі мы сядзім гадзінамі, застанься, прыйдзе вясна, зноў будзе доўгі дзень...

Trochę nas pokonał ten świat – крыху нас перамог гэты свет. Я не буду закранаць стылістычны бок гэтай канструкцыі, хаця на маю думку, нельга сказаць, што хтосьці крыху перамог, але засяроджу ўвагу на граматыцы, а дакладней, на займенніку ў гэтым сказе. Тэн свят – гэты свет. З гэтым займеннікам няма вялікіх праблем, але вось з аналагам жаночага роду здараюцца цяжкасці. Ta książka, а ў вінавальным склоне – tę książkę – так казаць правільна, але ў польскай гутарковай мове вельмі распаўсюджаная няправільная форма – tą książkę. Гэта памылка, якую ў Польшчы можна пачуць вельмі часта. Так што правільна казаць:

Weź tę gazetę, oddaj tę książkę, ale przyjdź z tą książką, z tą gazetą.

W moich ramionach – у маіх абдымках. Ramię – гэта плячо, а ramiona – плечы. Але ж мы не можам сказаць, што хтосьці трымае кагосьці ў плячах, таму тут не можа быць даслоўнага перакладу. Але можа быць пераклад у другі бок: у маіх абдымках – w moich objęciach.

Wolę, gdy na niebie liczysz gwiazdy – я пераклала гэты сказ «Я люблю, калі ты лічыш зоркі», хаця прамы пераклад – я аддаю перавагу, калі ты лічыш зоркі. Канструкцыя «Я аддаю перавагу» не рамантычная, яна не падыходзіць да гэтага верша.

Byliśmy beztroscy – мы былі бесклапотнымі. Troska – гэта клопат пра кагосьці, troszczyć się – клапаціцца аб кімсьці або аб чымсьці.

нг

 

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы