Вельмі папулярны ў 80-ыя і 90-ыя гады ў Польшчы гурт Budka suflera аб’явіў пра свой самароспуск яшчэ ў 2014 годзе, але праз некалькі гадоў пасля гэтага паявіліся чуткі аб узнаўленні яго дзейнасці. І сапраўды, калектыў зноў выйшаў на сцэну, пачаў запісваць новыя кампазіцыі, а перад смерцю адзін з яго важнейшых членаў – кампазітар і музыкант Рамуальд Ліпка (Romuald Lipko) пакінуў шмат песень, якія раней нідзе не публікаваліся.
Пасля смерці Ліпкі ў 2020 годзе здавалася, што наступіць таксама і канчатковы канец дзейнасці групы. Аднак двое даўніх удзельнікаў Будкі: басіст Мечыслаў Юрэцкі і бубнач Томаш Зэлішэўскі не здаліся, яны імкнуліся працягнуць працу гурту. У 2021 годзе да іх далучылася Ірэна Міхальска, а ў 2022 годзе быў прадстаўлены новы вакаліст – ім стаў Яцэк Кавалец (Jacek Kowalec).
Пад канец 2022 года на польскі музычны рынак выйшаў альбом «Skaza» (Загана) Будкі суфлёра. У яго склад увайшлі песні на словы выканаўцаў, якія шмат гадоў супрацоўнічаюць з гуртом. Гэта пераважна тэксты Багдана Алевіча (Bogdan Olewicz), але таксама іншых аўтараў. А музыка была напісана яшчэ Рамуальдам Ліпкам, якога няма ўжо ў жывых. Кампазітар пакінуў шмат ніколі не публікаваных твораў свайго аўтарства.
У чэрвені гэтага года гурт плануе пачаць канцэртны тур. Па словах удзельнікаў калектыву, якія пабывалі нядаўна ў эфіры Першай праграмы Польскага радыё, канцэрты – гэта самая выдатная ўзнагарода для музыканта, самая вялікая мара кожнага музыкі. А я прапаную вашай увазе кампазіцыю, якая носіць аднайменны назоў, як і кружэлка – «Skaza» (Загана).
Dźwięki rwą ciszę
Kiedy je słyszę
Puls wariuje mi
Nie mogę w miejscu stać
Czego chcieć więcej?
Mamy swe miejsce
Gdzie udaje się
Skosztować szczęścia smak
Nad nami roje gwiazd
Wyobraźni kres
Przed nami drogi szmat
Co w nieznane gna
Bóg jeden wie gdzie
Wiem, jest taka skaza w nas
I każdy by chciał
Zostawić swój ślad
Czy tego chcesz, czy nie
Nocą i dniem
Świat zmieniasz i tak
Więzi mnie ciało
Czasu tak mało
Może świat to żart
Lub ewolucji test
Tańczą za tobą
Smoki nad wodą
Kto wie, czemu raj
Wciąż niedostępny jest
Nad nami roje gwiazd
Wyobraźni kres
Przed nami drogi szmat
Co w nieznane gna
Bóg jeden wie gdzie
Wiem, jest taka skaza w nas
I każdy tu chce
Zostawić swój ślad
Ja proszę, kochaj mnie
Tak długo jak pozwoli Ci czas
Гукі ірвуць цішыню. Калі я іх чую, мой пульс вар'юе. Я не магу стаяць на месцы. Што яшчэ можна жадаць? У нас ёсць сваё месца, дзе нам удаецца пакаштаваць шчасця смак.
Над намі роі зорак, уяўлення канец. Наперадзе ў нас доўгі шлях, які вядзе ў невядомасць, адзін бог ведае куды. Я ведаю, што ў нас ёсць загана, кожны б хацеў пакінуць свой след.
Хочаш ты гэтага, ці не, ноччу і днём ты ўсё роўна мяняеш свет. Звязвае мяне цела, часу так мала, магчыма, свет – гэта жарт або тэст эвалюцыі.
Танцуюць за табой цмокі над вадой. Хто ведае, чаму рай усё яшчэ недаступны. Я ведаю, што ў нас ёсць недахоп, кожны хоча пакінуць свой след. Я прашу, калі ласка, кахай мяне, пакуль дазваляе час тут быць.
Skaza – гэта нейкі недахоп, як фізічны, так і псіхічны (псіхалагічны), таксама можам перакласці выразам «загана, вада», а człowiek bez skazy – гэта бездакорны чалавек. Ёсць таксама медычныя тэрміны з гэтым словам: skaza alergiczna – дыятэз, skaza artretyczna – артрытычны дыятэз, а таксама skaza krwotoczna – гэта сып у выглядзе невялікіх чырвоных плям (дробнага кровазліцця) пад скурай, інакш – пурпура.
Puls – ён і па-беларуску пульс, але на польскай мове ёсць уласнае акрэсленне, якое называе тэмп біцця сэрца – tętno – дакладна тое ж самае, што і пульс.
Skosztować – не памыляйце, калі ласка, гэты дзеяслоў з выразам каштаваць у значэнні цаны тавару (kosztować). Гэта амонімы – словы, якія гучаць і пішуцца аднолькава, але маюць іншае значэнне. Skosztować азначае спрабаваць, але і па-беларуску ёсць выраз пакаштаваць.
W nieznane gna – нясецца ў невядомае. Gnać – вельмі хутка бегчы, несціся.
Nocą i dniem – ноччу і днём. Ёсць у каноне польскай літаратуры выдатны раман "Noce i dnie" аўтарства Марыі Дамброўскай. Часам узнікаюць пытанні, ці форма множнага ліку dnie – гэта правільная форма, ці не павінна быць dni, як цяпер кажуць палякі. Dnie – гэта старапольская форма, яна ўжо адносна рэдка сустракаецца, але не лічыцца памылковай. Толькі нельга яе спалучаць з лічэбнікамі – нельга сказаць dwa dnie, trzy dnie – толькі dwa dni, trzy dni.
Więzi mnie ciało – трымае мяне ў няволі цела. На беларускай мове ёсць слова вязніца, але няма «вязніць» (трымаць у турме, у няволі), а ў польскай мове ёсць – więzić.
нг