Беларуская Служба

Выйшла кніга пра даваенны польскі курорт Друскенікі, у гісторыі якога ёсць і беларускі акцэнт

11.05.2023 16:21
Кніга Яна Складоўскага Druskieniki. Kurort przedwojennej Polski, выдадзеная пры падтрымцы інстытута Polonika, зацікавіць і беларускага чытача.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Я.Складоўскі пра Друскенікі.
   Druskieniki. Kurort przedwojennej Polski,           Polonika.
Кніга Яна Складоўскага Druskieniki. Kurort przedwojennej Polski, выдадзеная пры падтрымцы Нацыянальнага інстытута польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika.https://polonika.pl/wydawnictwo/wydawnictwa-popularnonaukowe/druskieniki

Адзін з першых паэтаў, якія ў ХІХ ст. пісалі па-беларуску, Ян Чачот пахаваны ў Ратніцы (Ратніча). Цяпер гэта частка Друскенік (Друскінінкай), вядомага курорта ў Літве. Ёсць тут яшчэ адзін вядомы беларускі акцэнт — санаторый Belorus, гісторыя якога ўзыходзіць да 1939 г., калі гэта месца было далучана да СССР і БССР, а ў 1940 г. перададзена Літоўскай ССР. Але беларускі савецкі санаторый тут застаўся дагэтуль.

Фатограф, пісьменнік і падарожнік Ян Складоўскі на працягу многіх гадоў даследуе ўсходнія землі былой Рэчы Паспалітай. Ён ажыццявіў больш за 60 навукова-інвентарызацыйных паездак у Літву, Латвію, Славакію, Украіну.

Выйшла 11 кніг і альбомаў, больш за 100 артыкулаў Складоўскага. Новая кніга — Druskieniki. Kurort przedwojennej Polski («Друскенікі. Курорт даваеннай Польшчы»), несумненна, зацікавіць і беларускага чытача. Яна выдадзена пры падтрымцы Нацыянальнага інстытута польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika.

Ян Складоўскі:Гэта мясцовасць ляжыць на мяжы двух этнасаў — літоўскага і беларускага. Я тут маю на ўвазе вясковае насельніцтва. А ў самім горадзе пражывалі пераважна яўрэі, палякі.

Аднак па паўднёвы ўсход ад Друскенік, у кірунку Гродна, пераважалі беларусы. Праўда, да іх павольна даходзіў прагрэс. Людзі жылі на працягу стагоддзяў у адным рытме — апрацоўвання зямлі, ткацтва.

І гэта вясковае жыццё паказана ў даваенных турыстычных даведніках, напрыклад, Тадэвуша Кулешы. Там прадстаўлены здымкі, якія адлюстроўваюць і мясцовае насельніцтва, і яго быт — дамы, дарогі, каплічкі, якія аздабляліся вельмі характэрным чынам.

Мова тамтэйшых людзей адчувала польскія, беларускія, літоўскія ўплывы. Гэта не класічная мова, якою мы цяпер карыстаемся. Людзі там гаварылі не на чыстай польскай, ні на чыстай беларускай мове, а на своеасаблівай для таго рэгіёна мове.

Назва Друскенік паходзіць ад літоўскага слова druska — соль. Менавіта солі ў тутэйшай крынічнай вадзе і зрабілі гэта месца курортам.

У ХІХ-ХХ стагоддзях Друскенікі наведвалі многія вядомыя асобы. Сярод іх быў, напрыклад, вядомы кампазітар, ураджэнец Міншчыны Станіслаў Манюшка. У 1920-я гады, калі мясцовасць належала Польшчы, тут шмат разоў бываў кіраўнік РП Юзаф Пілсудскі.

Ян Складоўскі сведчыць, што ў Друскеніках дагэтуль захавалася нямала з тых часоў.

Ян Складоўскі:Гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі з’яўляюцца старыя вілы і пансіянаты. Хаця іх засталося ўжо не так і многа ў параўнанні з ранейшымі часамі. Гэта звязана з тым, што яны былі пераважна драўляныя і таму досыць хутка нішчацца. Гэта можа адбывацца і па прычыне адсутнасці належнага рамонту. Часам яны становяцца ахвярамі пажараў.

Сярод элементаў, якія патрабуюць асаблівага клопату, гэта аздабленні веранд, знешнія ўсходы, разьба на фасадзе. Калі гэта ўсё не рэстаўрыруецца, то хутка парахнее і гніе. Усё гэта тады трэба аднаўляць.

Яшчэ адной прычынай знішчэння гэтых будынкаў з’яўляецца адмоўны ўплыў савецкага перыяду. У той час гэтыя аб’екты страцілі сваіх уласнікаў, былі перададзены ў карыстанне выпадковым жыхарам, якія іх не рамантавалі.

А некаторыя аб’екты з “буржуазных” часоў не адпавядалі патрэбам перыяду “развітага сацыялізму”. Таму некаторыя старыя дамы разбіралі. Па гэтай прычыне яны і не захаваліся...

Але тое-сёе яшчэ можна ўбачыць. Напрыклад, гэта віла “Маўрытанка”, якая нядаўна была рупліва адноўлена, а ўвогуле захавалася ў добрым стане яшчэ з даваенных часоў. Цяпер там прыватны пансіянат.

Адна з найпрыгажэйшых — віла Linksma на беразе возера Друсконіс. Па-літоўску яе назва значыць “Вясёлая”. Гэты прыгожы будынак быў збудаваны для сям’і Ліпшыцаў, затым ім валодалі Керсноўскія. А цяпер тут размешчаны Друскеніцкі гарадскі музей.

Гэта віла была прапанавана для пражывання кіраўніку РП Юзафу Пілсудскаму, які ў 1924-1931 гг. часта наведваў Друскенікі. Але маршал быў сціплым чалавекам, і таму не хацеў жыць у такім прадстаўнічым месцы і выбраў для пражывання вілу “На Паганцы”. Гэта быў невялікі домік на асобным агароджаным участку. У доме было некалькі пакояў, ён быў сціпла мэбляваны, з плеценымі з лазы, драўлянымі сталамі, іншымі прадметамі. Там быў пакой для працы, месца, дзе маршал абедаў, кухня, памяшканне для ўрача, веранда, а вакол раскінуўся вялікі сад.

Побач цячэ рака Нёман, любімая рака маршала, бо маршал быў літоўцам паводле паходжання, і таму ён любіў і Нёман, і літоўскі краявід, прагулкі і адпачынак на беразе Нёмана.

Нягледзячы на досыць добры тэхнічны стан, віла “На Паганцы” была разабрана прыкладна ў сярэдзіне 1960-х гг. А цяпер там нейкія іншыя будынкі.

Ян Складоўскі прыадкрыў яшчэ адну цікавую старонку з гісторыі Друскенік. Калі сёння гэты літоўскі горад ляжыць недалёка ад граніцы з Беларуссю і Польшчай, то да 1939 г. гэта быў сапраўдны пагранічны горад Польшчы з Літвою.

Ян Складоўскі:Граніца ішла па цячэнні ракі. А пасярэдзіне Нёмана ляжыць востраў Кахання. Востраў таксама быў падзелены граніцай: з пагранічнымі слупамі і дратамі. На польскай палове быў пляж, да якога вёў масток з высокага берага Нёмана. Пад мастком можна было плаваць. І ў рацэ можна было купацца. Вада была чыстая, таму можна было сабе гэта дазволіць.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Адам Міцкевіч і Роман Афтаназы натхнілі Гжэгажа Ранкоўскага на напісанне трохтомніка пра замкі і палацы Беларусі і Літвы

16.03.2023 14:40
Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы выдаў даведнікі Kresowe rezydencje. Zamki, pałace i dwory na dawnych ziemiach wschodnich II RP — па трох ваяводствах даваеннай РП: Віленскім, Навагрудскім і Беластоцкім.