Беларуская Служба

Сітуацыя з беларускай кнігай у Беларусі горшая, чым была ў Савецкім Саюзе

16.05.2023 17:46
Рэпрэсіі нарасталі са жніўня 2020 года, яны яшчэ больш узмацніліся пасля шырокамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
Аўдыё
  • Беларускія выдаўцы пераносяць справу ў Польшчу
 .
Ілюстрацыйны здымак.фота: Pixabay.com/Kranich17

Польскі Пэн-клуб у супрацы з беларускім Пэн-клубам зладзіў сустрэчы, прысвечаную беларускім выдаўцам, якія падвяргаюцца рэпрэсіям. Дыскусія прайшла ў рамках цыклу «Гасцінная Варшава – беларуская літаратура». На яе былі запрошаныя выдавец Андрэй Янушкевіч і філосаф, арганізатар Фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» Павел Баркоўскі, якія распавялі пра пазіцыю ўладаў у дачыненні да беларускай кнігі, яе выдаўцоў і чытачоў. Як адзначае аўтарка цыклу Яанна Бернатовіч, арганізатары не хацелі канцэнтраваць увагу толькі на прыгнёце беларускай незалежнай культуры, але немагчыма не закрануць гэтай тэмы.

- Першая сустрэча была пра пераклады Уладзіслава Шленгеля на беларускую мову, у чэрвені будзе спатканне на тэму творчасці Васіля Быкава з нагоды публікацыі яго твору «Доўгая дарога дадому» на польскай мове. Будзе таксама тэматыка творчасці Мойшэ Кульбака, перакладаў яго на беларускую мову. Так што цыкл вельмі разнастайны і паказвае беларускую літаратуру з розных бакоў. Цяжка пра сённяшнюю сітуацыю гаварыць без гэтага кантэксту – прыгнёту. Нельга ўцячы ад гэтай балючай тэмы.

Усё больш беларускіх кніг выдаецца за мяжою. Цяжкае становішча беларускіх выдаўцоў хутчэй не зменіцца, пакуль пры ўладзе знаходзіцца Лукашэнка. На думку Паўла Баркоўскага, палітыка ўлады супраць беларускай культуры і мовы нагадвае кнігацыд. Цяпер сітуацыя значна горшая, чым была ў Савецкім Саюзе.

- Ёсць пісьменнікі, якіх беларуская ўлада прызнае экстрэмістамі, ёсць пісьменнікі, якія вымушаныя эміграваць. Для іх літаратурная дзейнасць абцяжарваецца жыццём у эміграцыі. Тыя, хто застаецца ў краіне, мусяць або працаваць у стол, або працаваць з невялікімі выдавецтвамі, якія яшчэ засталіся. Дзякуй Богу, паўстаюць беларускія выдавецкія праекты за мяжой, але агулам сітуацыя з распаўсюдам кніг няпростая. Але, нават калі дзяржава, як Паўночная Карэя, зачыніць усе межы, застанецца электронная кніжка, магчымасць купляць беларускія кнігі праз электронныя крамы. Дзяржава пакуль не кантралюе ўсяго, але не даць магчымасці працаваць беларускім кнігавыдаўцам – гэта ўлады могуць.

Роўна год таму, 16 траўня 2022 года была разгромлена кнігарня Андрэя Янушкевіча, якая ў гэты ж дзень толькі адкрылася. Крышку наіўна было меркаваць, што ўлады дазволяць прадаваць беларускія кнігі, калі ў іх няма палітычнага зместу, – кажа выдавец.

- Палітыкай мы не займаліся, мы займаліся культурай, хаця цудоўна разумелі, што любое культурнае дзеянне мае сацыяльна-палітычны змест, але ўсё-такі гэта культура. Ніколі ў нас не было мэты змешвання культуры і палітыкі. Калі нас абвінавацілі ў тым, што мы адкрылі публічнае месца, дзе будзе прадавацца беларуская кніга, то гэта быў пераварот у галовах. Гэта для выдавецтва была катастрофа.

Для самога Андрэя Янушкевіча гэтая катастрофа закончылася эміграцыяй у Польшчу. Тут ён наладжвае беларускую выдавецкую дзейнасць, ёсць ужо поспехі, напрыклад, дамова на выданне кніг Стывена Кінга. За мяжой, у прыватнасці, у Польшчы, цяпер вялікая беларуская дыяспара, якая цікавіцца беларускай мовай і беларускай кніжкай. Акрамя таго, польскія ўлады і такія арганізацыі, як Пэн-клуб, таксама стараюцца аказваць падтрымку беларускім праектам. Гаворыць Яанна Бернатовіч.

- Галоўная сіла – беларусы, якія тут жывуць, яны купляюць кнігі, яны прыходзяць на кніжныя кірмашы. Мы стараемся зрабіць сваю справу, але я бачу вялікую актыўнасць дыяспары. Я з захапленнем гляджу на тое, што беларусы так ангажаваныя ў сваю культуру.

Польскі Пэн-клуб разам з Беларускім Пэн-клубам ладзіць таксама праект «Вольнае беларускае слова», які прадстаўляе пісьменнікаў, журналістаў, перакладчыкаў і даследчыкаў літаратуры, якія адчулі пераслед з боку беларускага рэжыму.

нг