Беларуская Служба

Варшаўскія «Павонзкі» – рэзюмэ польскай гісторыі

26.05.2023 09:14
Надоечы вядомыя сталічныя могілкі адзначалі 231 гадавіну адкрыцця.
Аўдыё
  • Павонзкаўскія могілкі ў Варшаве
Павонзкаўскія могілкі ў ВаршавеAutorstwa Aw58 - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=28602551

231 год таму (20 траўня 1792 года) былі ўрачыста адкрытыя Павонзкаўскія могілкі ў Варшаве. Некропаль быў заснаваны амаль два гады раней, 4 лістапада 1790 года. Зараз «Павонзкі» – гэта гістарычнае рэзюмэ Варшавы – месца знакавых падзеяў і пахавання вядомых і найбольш заслужаных палякаў.

Павонзкаўскія могілкі былі заснаваныя на ўчастку, ахвяраваным сям’ёй Шыманоўскіх. Для гэтага ахвяравальнікі выдзелілі тэрыторыю, якая, паводле сённяшняй меры, складала 2,6 гектара. Назва некропаля паходзіць ад вёскі, ля якой ён быў заснаваны. Выбар месца быў абумоўлены санітарнымі меркаваннямі. У той час могілкі па ўсёй Еўропе пачалі ладзіць далей ад гарадской забудовы.

Праз некалькі месяцаў пасля адкрыцця могілак быў таксама асвечаны аднанефавы касцёл –могілкавая капліца святога Карла Барамеа, а таксама былі пабудаваныя катакомбы, якія сталі месцам спачыну сям’іі караля Станіслава Аўгуста і многіх іншых, заслужаных перад краінай дзеячаў. Тут пакояцца, між іншым, астанкі суаўтара Канстытуцыі 3 траўня Гуга Калантая, вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага, каралеўскага архітэктара Дамініка Мерліні і прымаса Міхала Панятоўскага.

«Павонзкі» – гэта другі горад, канстатавала варшаўскі экскурсавод Ганна Вількоўска(Hanna Wilkowska):

- Два стагоддзі Варшава хавала тут астанкі сваіх жыхароў. Тут пахаваны мільён людзей – бедных і багатых; тых, хто за яе змагаўся і будаваў яе. Як калісьці сказаў стваральнік Краязнаўчага таварыства Аляксандр Яноўскі: «Павонзкі» – гэта жалобнае рэзюмэ гісторыі сталіцы.

Цікава, што варшавяне, якія прызвычаіліся да пахаванняў на невялікіх могілках побач з касцёламі, першапачаткова неахвотна прынялі некропаль, распаложаны далёка ад тагачасных межаў сталіцы. Аднак пасля закрыцця ў 1836-1838 гадах Свентакшыскіх і Кошыцкіх могілак, «Павонзкі» сталі адзіным месцам пахавання каталікоў у левабярэжнай Варшаве.

Цягам сваёй гісторыі «Павонзкі» выконвалі не толькі рэлігійную ролю. Падчас Паўстання Касцюшкі тут праходзілі жорсткія баі з прускім войскам, якое абложвала Варшаву. Падчас Другой сусветнай вайны могілкі былі зонай ваенных дзеянняў Арміі Краёвай. Тут размяшчаўся склад зброі. Праз «Павонзкі» праходзіў шлях транспарту прадуктаў харчавання ў Варшаўскае гета.

У часе падзелаў Польшчы «Павонзкі» былі прасторай выяўлення супраціву і патрыятычных пачуццяў. Пахавальныя ўрачыстасці вядомых людзей, нягледзячы на супраціў царскіх уладаў, ператвараліся ў патрыятычныя мерапрыемствы.

Калі ў 1884 годзе былі адкрытыя могілкі ў раёне Брудна, колькасць пахаванняў на «Павонзках» рашуча зменшылася, а сам некропаль набыў элітарны характар. Свае сямейныя магілы тут будавалі заможная буржуазія, арыстакратыя і памешчыцкі.

Часткай «Павонзкаў» з'яўляюцца Вайсковыя могілкі, заснаваныя ў 1912 годзе. Зараз тут знаходзіцца шмат помнікаў, напрыклад, Маўзалей палякаў, забітых у канцэнтрацыйных лагерах, помнік Gloria Victis, Маўзалей Выклятых жаўнераў, Помнік ахвярам Смаленскай авіякатастрофы.

У 1925 годзе ўздоўж паўднёвай сцяны катакомбаў была створаная Алея Заслужаных. Зараз тут можна паглядзець, між іншым, магілу лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Уладзіслава Рэйманта, сімвалічную магілу даваеннага мэра Варшавы Стэфана Старжынскага, прэзідэнта Ігнацыя Масціцкага і кіраўнікоў Польскай падпольнай дзяржавы іг.д.

Вайна і час не ашчаджалі гістарычнага некропаля. З мэтай выратавання каштоўных надмагілляў штогод на «Павонзках» праходзіць акцыя збору ахвяраванняў, ініцыятарам якой быў Ежы Вальдарф(Jerzy Waldorff). Музычны крытык, так распавядаў (1979) пра ідэю акцыі:

- Пачынаючы акцыю «Павонзкі» я згадаў пра «Ляльку» Баляслава Пруса і кірмашы, якія ў часе Вялікага посту праходзілі ў касцёлах. Гаворка ідзе пра сцэну, калі Ізабела Лэнцка збірае ахвяраванні ў касцёле Святога Крыжа. Вакульскі, які хоча дабіцца прыхільнасці Ізабелы, ахвяруе ёй жменю залатых імперыялаў.

Ежы Вальдарф казаў таксама пра свае любімыя магілы на «Павонзках»:

- Магіла Манюшкі – адна з найбольш кранальных на «Павонзках». Гэта буйных памераў чорная дошка з адным словам: «Манюшка». Паводле мяне, гэта намёк да таго, што польскаму народу не трэба нагадваць пра значэнне кампазітара ў польскай культуры. Таму хопіць адно слова -«Манюшка».

Уся тэрыторыя могілак, лічыцца скарбніцай скульптуры і малой архітэктуры і знаходзіцца пад строгай аховай. З 2014 года «Павонзкі» зʼяўляюцца помнікам гісторыі.

Каб наведвальнікам было лягчэй дабрацца да найбольш цікавых помнікаў, на працягу многіх гадоў ствараюцца новыя мапы з інфармацыяй пра тэматычныя і гістарычныя маршруты, у тым ліку інтэрактыўныя, кажа прафесар Малгажата Карпіньска(Małgorzata Karpińska) з Інстытута гісторыі Варшаўскага ўніверсітэта:

- Гаворка ідзе пра тое, каб падчас шпацыру па «Павонзках» вывучаць польскую гісторыю – не толькі гістарычныя даты і вядомыя прозвішчы, але таксама пачуцці звычайных людзей – іх мастацкі густ, стаўленне да свету, сямейныя сувязі іг.д.

З развіццём сталічнага горада і павелічэннем колькасці яго жыхароў тэрыторыя некропаля таксама павялічвалася, сёння яна налічвае каля 43 гектараў. Мяркуецца, што на ёй пахаваны мільён чалавек.

IAR/PAP/аз

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Музей Фрыдэрыка Шапена паказвае шэдэўры са сваіх фондаў

19.05.2023 12:01
Музейная ўстанова, прысвечаная выдатнаму кампазітары запрашае пасля грунтоўнага рамонту.