3 чэрвеня арцыбіскуп Тадэуш Войда, Мітрапаліт Гданьскі, здзейсніў персанальныя змены ў архідыяцэзіі. На сустрэчы з духавенствам ён уручыў дэкрэт ксяндзу Пятру Врубелю паводле якога святар стаў душпастырам cупольнасці беларусаў, якія жывуць на тэрыторыі Гданьскай архідыяцэзіі (Польшча), піша Catholic.by.
Супольнасць беларусаў-католікаў у Гданьску збіраецца на Еўхарыстыю на роднай мове з 2019 года. З верасня 2021 года святыя Імшы па-беларуску пачалі адбывацца кожную нядзелю і ў вялікія ўрачыстасці.
З цягам часу з’явілася Рада супольнасці, якая актыўна займаецца развіццём душпастырства, адбываюцца рэкалекцыі і дні засяроджання, для дзяцей ладзяцца «Канікулы з Богам», распачаліся сустрэчы для міністрантаў і катэхезы для дзетак.
Прызначаны душпастырам супольнасці ксёндз Пётр Врубель шмат гадоў служыў у Беларусі: у Лучаі, Дунілавічах, Глыбокім (Віцебская дыяцэзія), а таксама ў Заслаўі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).
Сёння душпастырствам беларусаў-католікаў Гданьска займаецца таксама ксёндз Андрэй Бульчак, які шмат гадоў нёс служэнне ў Віцебскай дыяцэзіі.
Як адзначаюць самі гданьскія вернікі, для іх гэта вялікая радасць. Яны вельмі ўдзячныя пастыру Касцёла ў Гданьску і адначасова адчуваюць адказнасць за далейшае развіццё супольнасці беларусаў. Але яны ўпэўненыя, што з душпастырскай апекай ксяндза Пятра змогуць рэалізаваць сваё хрысціянскае пакліканне праз служэнне Касцёлу і бліжнім. Святыя Імшы на беларускай мове ў Гданьску кожную нядзелю ў 14.30 у касцёле святога Юзафа па адрасе: Elżbietańska 9/10.
ав