Беларуская Служба

Запрашаем на выставы з цыклу: «Не марнуйце незалежнасці – срэбра Фонду нацыянальнай абароны»

16.06.2023 11:01
У 16 музеях у Польшчы прэзентуюцца каштоўныя прадметы, ахвяраваныя палякамі на ўзбраенне арміі перад Другой сусветнай вайной.
Аўдыё
  • Запрашаем на выставы з цыклу: «Не марнуйце незалежнасці – срэбра Фонду нацыянальнай абароны»
    :    -
Запрашаем на выставы з цыклю: «Не марнуйце незалежнасьці - срэбра Фонду нацыянальнай абароны»PAP/Wojtek Jargiło

У 16 музеях і ўстановах культуры па ўсяе Польшчы можна паглядзець срэбраныя артэфакты з даваеннага Фонду нацыянальнай абароны краіны. У асноўным, гэта каштоўныя прадметы са срэбра, вырабленыя ў перыяд з XVII стагоддзя да апошніх месяцаў перад пачаткам Другой сусветнай вайны. Артэфакты былі адабраныя з 2,5-тоннай калекцыі прадметаў, якія палякі ахвяравалі на ўзбраенне арміі перад абліччам вайны з гітлераўскай Нямеччынай.

Фонд нацыянальнай абароны краіны быў заснаваны прэзідэнтам Ігнацыем Масціцкім у 1936 годзе. Палякі шчодра адгукнуліся на заклік уладаў. Яны пералічвалі ў фонд грошы; ахвяравалі не толькі каштоўнасці, напрыклад, срэбра, золата і грошы, але і нерухомую маёмасць, ураджай і нават жывёлу.

Пасля нямецкага ўварвання ў Польшчу ў верасні 1939 года нявыкарыстаныя ахвяраванні былі вывезены за мяжу. У амбасадзе Польшчы ў Бухарэсце іх падзялілі на «сярэбраную» і «залатую» часткі. 61 скрыня срэбра была перавезена з Румыніі ў Францыю. Каштоўнасці вярнуліся ў Польшчу ў 1976 годзе. Паказаныя на выставах экспанаты – гэта прадметы, якіх не ўдалося прадаць і памяняць на грашовыя сродкі. У рамках Фонду нацыянальнай абароны было сабрана каля 1 мільярда злотых, з якіх ахвяраванні палякаў складалі каля 37,7 мільёнаў злотых.

Калекцыя з больш чым 18 000 прадметаў з Фонду нацыянальнай абароны на пачатку бягучага года была перададзена ў Нацыянальны музей у Познані, які запусціў акцыю па распаўсюджванні ведаў аб гэтым бясцэнных фондзе ў форме выстаў, арганізаваных па ўсяе Польшчы, нагадаў дырэктар установы Тамаш Лэнцкі(Tomasz Łęcki):

- У 16 музеях і культурных установах па ўсяе Польшчы прэзентуюцца па некалькі дзясяткаў артэфактаў. Мы вырашылі, што гэта лепшая ідэя, чым адна мабільная выстава. Куратары паасобных выставаў так падабралі экспанаты, каб яны навязвалі да месца прэзентацыі. Мы хацелі, каб выставы адкрыліся яшчэ ў школьным годзе і працягваліся да сімвалічнага ў гэтым кантэксце верасня.

Цыкл выставаў пад загалоўкам: «Не марнуйце незалежнасці – срэбра Фонду нацыянальнай абароны» быў урачыста адкрыты ў Каралеўскім замку ў Варшаве. «Гэта незвычайная выстава», пераконвае дырэктар музея Войцех Фалкоўскі(Wojciech Fałkowski):

- Прадметы з хатняга посуду ахвяравалі палякі з-за любові да Радзімы, і каб дапамагчы польскай дзяржаве перад абліччам смяротнай пагрозы. Усё гэта мы можам зараз паглядзець і перажываць.

Срэбраныя артэфакты з даваеннага Фонду нацыянальнай абароны можна паглядзець, між іншым, у Музеі Юзэфа Пілсудскага ў Сулеюўку. Дырэктар гэтай установы Роберт Анджэйчык(Robert Andrzejczyk) кажа, што выстава паказвае шчодрасць польскага народа:

- Шчодрасць – гэта, можна сказаць, лейтматыў нашай выставы. Яна была важная, як падчас вяртання незалежнасці, так і падчас будавання польскай дзяржаўнасці. Гэтыя срэбры вельмі каштоўныя, але не з-за самога металу, але з-за клопату пра Польшчу.

У Нацыянальным музеі ў Любліне выстава мае падзагаловак: «Ад салону да штыкоў». Тут паказаныя каля 150 прадметаў, у тым ліку, ювелірныя вырабы або прадметы раскошы, кажа намеснік дырэктара люблінскай установы Барбара Аратоўска (Barbara Oratowska):

- Гэтыя артэфакты звязаныя з салонам. Гэта шкло, цукарніцы, посуд, жаночыя сумачкі, заколкі для валасоў… Гэтыя прыгожыя срэбраныя прадметы мы паказваем у кантэксце вайны, якая набліжаецца, то бок зброі. На замкавым дзядзінцу можна пабачыць гістарычны аўтамабіль хуткай дапамогі.

У Каралеўскім замку на Вавелі ў рамках выставы прэзентуецца больш за сотня ўнікальных манет, посуд і ювелірных вырабаў, кажа дырэктар музея Анджэй Бэтлей(Andrzej Betlej):

- Усе гэтыя прадметы спалучае адно слова – ахвярнасць. Ахвяраваныя палякамі прадметы, былі прадаваныя, а атрыманыя сродкі прызначаныя на ўзбраенне арміі. Нашая выстава мае асаблівы характар, яна спалучае ягелонскую нумізматыку, творы залатарскага мастацтва з XVI-XIX стагоддзяў і прадметы штодзённага выкарыстання, напрыклад срэбраныя сумачкі.

Віцэ-прэм'ер, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Гліньскі(Piotr Gliński) падкрэсліў, што выстава «Не марнуйце незалежнасці – срэбра Фонду нацыянальнай абароны» – гэта ўрок патрыятызму:

- Патрыятызм зараз патрэбны Польшчы, як хлеб і вада. Перад абліччам пагрозы з Усходу і разлому нашай нацыянальнай супольнасці знутры, трэба вучыцца патрыятызму ад нашых продкаў, якія не паленаваліся прапанаваць Радзіме свае найкаштоўнейшыя сувеніры і прадметы.

Цыкл выставаў «Не марнуйце незалежнасці – срэбра Фонду нацыянальнай абароны» рэалізаваны за кошт сродкаў Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны. Артэфакты з Фонду нацыянальнай абароны можна паглядзець, між іншым, у Каралеўскім замку на Вавелі, Паўночным інстытуце імя Войцеха Кентшыньскага ў Ольштыне, Музеі Другой сусветнай вайны ў Гданьску, Музеі сілезскіх Пястаў у Бжэгу, Нацыянальным музеі ў Любліне, Цэнтры гісторыі ў Вроцлаве, Сілезскім музеі ў Катавіцах і Музей Юзэфа Пілсудскага ў Сулеюўку.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Галерэя «Кардэгарда» запрашае на выставу ўнікальных твораў геніяльнага іканапісца Ежы Навасельскага

02.06.2023 13:40
На выставе можна паглядзець 18 карцінаў, частка якіх многія гады не паказвалася ў публічнай прасторы.