22 чэрвеня, у 20-ую гадавіну смерці Васіля Быкава, у Польшчы пачынаецца перадпрэм’ерны продаж апошняй кнігі пісьменніка ў перакладзе на польскую мову. «Доўгая дарога дадому» – аўтабіяграфічная аповесць, якая ахоплівае амаль цэлае жыццё аўтара – ад дзяцінства да незалежнай Беларусі і ўлады Лукашэнкі. Яна закранае вялікі пласт беларускай рэчаіснасці, трапна аналізуе працэсы, якія адбываліся ў Савецкім Саюзе з часоў калектывізацыі да перабудовы і развалу СССР.
Вокладка польскай верcіі аўтабіяграфіі Васіля Быкава.
Мы пагутарылі з перакладчыцай кнігі Яаннай Бернатовіч (Joanna Bernatowicz). «Доўгая дарога дадому» была першай кнігай народнага пісьменніка Беларусі, якую яна прачытала.
- Тады мне было яшчэ вельмі складана чытаць на беларускай мове, а Быкаў піша так проста і так захапляльна, што я вельмі хутка яе прачытала. І ўжо тады падумала пра пераклад. Мяне ўразіла, што ў лёсе аднаго чалавека, пісьменніка Васіля Быкава можна ўбачыць усю гісторыю Беларусі 20-га стагоддзя. Пераклад кнігі на польскую мову важны, таму што яна можа патлумачыць польскаму чытачу складаную, неадназначную беларускую гісторыю, чаму Беларусь такая, а не іншая. Між іншым паказана, што ў Беларусі засталося шмат савецкіх дзеячаў, якія зрабілі палітычныя кар’еры.
Альгерд Бахарэвіч сказаў калісьці пра прозу Быкава: гэта як гадзіннікавая бомба. Напружанне, якое будуе Быкаў, сапраўды напамінае чаканне на выбух. Я ўзялася за пераклад у 20-ым годзе, пасля пратэстаў у Беларусі. Тады мне здавалася, што кніга надзвычай актуальная, а калі пачалася вайна ва Украіне, я падумала, што яна цяпер яшчэ больш актуальная. Кожная вайна таксама дрэнная, у Быкава не было ніякіх ілюзіяў наконт вайны, ён называў яе пеклам. Ваенная проза Быкава напісана з экзістэнцыйнага пункту гледжання. Калі мы будзем паказваць кнігу на прэзентацыях, я буду падкрэсліваць ваенны перыяд жыцця Быкава, яго перажыванні.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле
нг