Беларуская Служба

Дыскусія вакол кнігі Быкава на польскай мове: яго прагнозы спраўджваюцца не толькі ў адносінах Беларусі

27.06.2023 17:13
Польскі чытач знойдзе згадкі і пра польскіх пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў. Тэма вайны таксама закранула Польшчу, цікава пазнаць іншую перспектыву ўспрымання вайны.
Аўдыё
  • "Доўгая дарога дадому" - дыскусія ў Польскім Пэн-клубе
 :   (),      .   .
Удзельнікі дыскусіі: Аляксандр Распапоў (злева), Андрэй Хадановіч і перакладчыца кнігі В. Быкава Яанна Бернатовіч. фота: БСПР/Наталля Грышкевіч

У Польскім Пэн-клубе адбылася чарговая дыскусія з цыклу «Гасцінная Варшава – беларуская літаратура». На гэты раз тэмай гутаркі стала польскае выданне аўтабіяграфіі Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому». 

Ваенны вопыт Васіля Быкава спарадзіў складаную, бескампрамісную прозу. У вайне, апісанай Быкавым, няма нічога рамантычнага, кожную вайну аўтар называе пеклам. У пасляваенныя часы яму таксама давялося змагацца з савецкай цэнзурай, але разам з тым ён здолеў стаць вялікім аўтарытэтам, голасам Беларусі ў свеце. З пытаннем, ці проза Быкава будзе цікавая польскаму чытачу, мы звяртаемся да аднаго з удзельнікаў дыскусіі – Аляксандра Распапова, дацэнта Факультэту сучасных моваў Познаньскага ўніверсітэту.

- Гэта слуп культуры, літаратуры і свядомасці беларусаў, існуюць адпаведныя ўмовы на зацікаўленасць палякаў гісторыяй Беларусі. Апроч таго, што гэта гісторыя выбітнага пісьменніка, гэта таксама гісторыя краіны. Польскі чытач знойдзе згадкі і пра польскіх пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў. Тэма вайны таксама закранула Польшчу, цікава пазнаць іншую перспектыву ўспрымання вайны.

«Доўгая дарога дадому» – апошні твор Васіля Быкава – стаў яго творчым запаветам, а прагнозы, якія рабіў аўтар пад канец 20-га і на пачатку 21-га стагоддзя, аказваюцца правільнымі. Яго прадбачанні спраўджваюцца не толькі ў адносінах Беларусі, – адзначае паэт Андрэй Хадановіч.

- Кніжка датычыць усяго рэгіёну, Быкаў паказвае, як мы звязаныя, але не ўсё залежыць ад нашага жадання жыць у сваім, утульным, годным, свабодным доме. У Быкава часта з’яўляюцца пасіўныя канструкцыі – не «я нешта зрабіў», а «з намі было зроблена». Кніга горкая, гэта цвярозае пахмелле пасля ўсякіх ідэй пра «канец гісторыі» Фукуямы. На жаль, гісторыя не скончылася, мы маем вялізную суседку, Расію. Быкаў гаворыць, што імперскія праекты не скончаныя. Быкаў вельмі рана адчуў момант, што Расія скідвае сваю дэмакратычную маску і паказвае імперыяльную прыроду. З другога боку, ён бачыў нараджэнне нашага кішэннага таталітарызму.

Перадпрэм’ерны продаж кнігі Васіля Быкава пачаўся 22 чэрвеня, а прэм’ера польскага выдання – 7 ліпеня.

нг