Беларуская Служба

«Граф Фрэдра» – выстава ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве

30.06.2023 11:01
На выставе паказаныя ўнікальныя экспанаты з прыватных калекцый спадчыннікаў і сваякоў выдатнага прадстаўніка польскай літаратуры.
Аўдыё
  • «Граф Фрэдра» – выстава ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве
Аляксандр Фрэдра Autorstwa Szajnok, Teodor (1833-1894) - Polona.pl, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=132294052

У год Аляксандра Фрэдры, які быў устаноўлены з нагоды 230-годдзя з дня нараджэння выдатнага камедыйнага пісьменніка, Нацыянальная бібліятэка ў Варшаве запрашае на незвычайную выставу, на якой прадстаўлены, сярод іншага, рукапісы, графіка, фатаграфіі і прадметы, звязаныя з адным з найвыдатнейшых прадстаўнікоў польскай літаратуры.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве доктар Тамаш Макоўскі(Tomasz Makowski) падкрэслівае, што многія з экспанатаў можна будзе ўбачыць упершыню:

- Выстава створана не толькі з калекцый Нацыянальнай бібліятэкі, але, што незвычайна, з прыватных калекцый спадчыннікаў і сваякоў Аляксандра Фрэдры. Напрыклад, Фонд сям'і Шаптыцкіх пазычыў для гэтай выставы шмат прадметаў, якія не дэманструюцца штодня. Гэта, напрыклад, крэсла графа Фрэдры, яго каштоўная пячатка і розныя віды рукапісаў.

Нашчадак Аляксандра Фрэдры, старшыня Фонду сямʼі Шаптыцкіх Мацей Шаптыцкі(Maciej Szeptycki) звярнуў увагу на арыгінальнае крэсла пісьменніка:

- На выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы можна пабачыць шмат асабістых рэчаў пісьменніка. У першую чаргу варта ўспомніць пра любімае крэсла Аляксандра Фрэдры, якое стаяла ў яго пакоі ў сядзібе ў Хараншчызне ў Львове – у гэтым доме і ў гэтым пакоі, у якім 15 ліпеня 1876 года памёр Аляксандр Фрэдра. Згаданае крэсла ў спадчыне атрымаў зяць Фрэдры. Пазней яго перадавалі з пакалення на пакаленне і такім чынам яно захаваўся да нашых часоў і зараз мы можам яго паглядзець на выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Як дадаў Мацей Шаптыцкі, выстава таксама прадстаўляе два, важныя для пісьменніка экспанаты:

- Варта згадаць таксама пра два іншыя экспанаты, якімі, здаецца, Фрэдра ганарыўся больш, чым сваімі камедыямі. Гэта ягоныя медалі за баявыя заслугі. Нагадваю, Фрэдра загадаў напісаць у сваёй эпітафіі: «жаўнер» і «паэта», канчаткова сям’я вырашыла напісаць на надмагіллі: «напалеонскі жаўнер» і «бацька польскай камедыі». На выставе можна ўбачыць залаты ордэн Virtuti Militari, які Аляксандр Фрэдра атрымаў у 1812 годзе, і ордэн Ганаровага легіёна.

Прапраўнучка пісьменніка, прафесар Барбара Наганоўска(Barbara Naganowska) нагадвае пра лёс некаторых экспанатаў. Яна паясняе, што, на самой справе, у Фрэдры былі два любімыя крэслы. Тое, якое мы бачым на выставе, прайшло грунтоўную кансервацыю:

- Другое трэсла атрымала сям’я сына Яна Аляксандра. Калі ўнучка Аляксандра выйшла замуж за Пятра Шамбэка, то яно апынулася ў Семянавіцах у Вялікапольшчы. У тамтэйшым палацы былі выдатныя калекцыі карцінаў, зброі іг.д. Гітлераўскія войскі абрабавалі палац. Некалькі гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны зычлівыя асобы перадалі маме некалькі выратаваных з палаца рэчаў, сярод якіх было менавіта крэсла Аляксандра Фрэдры, якое мы зараз можам глядзець на выставе.

Граф Аляксандр Фрэдра герба Боньча нарадзіўся 20 чэрвеня 1793 года ў Сурохаве. Атрымаў хатнюю адукацыю. Неўзабаве сямʼя пераехала ў Бенькову-Вішню, а пасля смерці маці ў 1806 годзе Аляксандр разам з бацькам пераехаў у Львоў.

У 1809 годзе ён уступіў у войска Княства Варшаўскага. Праз тры гады ўдзельнічаў у паходзе Напалеона на Маскву. У 1815 годзе, пасля адстаўкі Напалеона, вярнуўся ў Бенькову-Вішню, дзе апекаваўся радавым маёнткам. У 1840-х гадах Фрэдра з сямʼёй пасяліўся ў Львове.

Фрэдра лічыцца найвыдатнейшым польскім пісьменьнікам-аўтарам камедый, мэмуарыстам і паэтам, аўтарам афарызмаў. Яго творы, якія адлюстроўваюць паўсядзённае жыццё шляхты ХІХ стагоддзя, назаўсёды ўвайшлі ў канон польскай літаратуры і тэатральнага рэпертуару. У іх пісьменнік паказвае каларытныя тыпы характараў, па-майстэрску малюе іх псіхалагічныя партрэты, выкарыстоўвае жывую і разнастайную польскую мову.

Некаторыя сказы з твораў Фрэдры ўвайшлі ў гутарковую мову і выкарыстоўваюцца і сёння, нагадаў рэжысёр і акцёр Ян Энглерт(Jan Englert):

- Калі творы літаратуры на працягу некалькіх сотняў гадоў застаюцца ў рэпертуары тэатраў, то значыць яны надалей актуальныя. Сумнявацца можна, выключна, адносна актуальнасці формы і стылю.

Нагадваем, да 220-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Фрэдра ў 2013 годзе, па ўсёй Польшчы адбылося Нацыянальнае чытанне яго твораў.

Сучаснікі крытыкавалі Аляксандра Фрэдру за тое, што яго творчасць заставалася чужой праблемам рамантызму, абвінавачвалі яго ў касмапалітычнасці і адсутнасці нацыянальнага духу. Па гэтай прычыне на працягу некалькіх гадоў ён не публікаваў сваіх твораў.

Аляксандр Фрэдра быў таксама ўдзельнікам палітычнага і грамадскага жыцця краіны. Удзельнічаў у напалеонаўскай кампаніі, быў дэпутатам Галіцыйскага нацыянальнага парламента і дэпутатам Львоўскай нацыянальнай рады; прыкладаў намаганні для будаўніцтва першай чыгуначнай лініі ў Галіцыі, арганізаваў Таварыства пазямельнага крэдыту і Галіцыйскую ашчадную касу. Быў членам Таварыства сяброў навукі і Акадэміі навукі. Аляксандр Фрэдра памёр у 1876 годзе. Ён быў пахаваны ў радавой крыпце касцёла ў Рудках пад Львовам.

Дзякуючы выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы мы можам пазнаёміцца з малавядомымі фактамі з жыцця аўтара «Помсты» – не толькі крытычнага назіральніка сацыяльных і маральных змен трох літаратурных эпох, але і вопытнага напалеонаўскага жаўнера, узорнага бацькі і гаспадара. Выставу «Граф Фрэдра» можна глядзець да канца жніўня.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Запрашаем на выставы з цыклу: «Не марнуйце незалежнасці – срэбра Фонду нацыянальнай абароны»

16.06.2023 11:01
У 16 музеях у Польшчы прэзентуюцца каштоўныя прадметы, ахвяраваныя палякамі на ўзбраенне арміі перад Другой сусветнай вайной.