Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: Дам'ян Сікорскі напісаў песню пра бацьку і сына

20.07.2023 17:58
Гэта кампазіцыя пра двух Антонаў - бацьку аўтара і яго сына. 
Аўдыё
Damian Sikorski z winylem The Best Of Będzie Głośno
Damian Sikorski z winylem "The Best Of Będzie Głośno!"Kamil Jasieński/Czwórka

Дам'ян Сікорскі (Damian Sikorski) – музыкант, які спрабуе цяпер выкарыстаць свой талент у крыху іншым амплуа. Дагэтуль ён быў басістам і журналістам Польскага радыё (Першага каналу (Jedynka) і моладзевага Чацвёртага каналу (Czwórka PR)), а нядаўна пачаў сольную карʼеру. Свой другі сінгл пад загалоўкам «Тата» Дамʼян прысвячае свайму бацьку і свайму сыну.

«Я даўно збіраўся напісаць гэтую песню, у мяне была ўнутраная патрэба, я адчуваў, што для мяне важна напісаць песню пра свайго тату, якога няма ўжо ў жывых, а таксама прысвяціць яе сыну. Гэтае жаданне наспявала ўва мне, пакуль не зʼявілася ідэя ўвогуле заняцца сольнай творчасцю», – сказаў музыкант у эфіры музычнай перадачы Польскага радыё.

Дам’ян Сікорскі згадваў, што яго бацька вельмі любіў музыку – ён сам граў на гармоніку, спяваў і паслядоўна падтрымліваў сына ў яго музычнай адукацыі і дзейнасці. А песня прысвечана двум Антонам – дзеду і ўнуку. Бацька музыканта, Антон, памёр некалькі гадоў таму, а сыну, таксама Антону, цяпер тры гады.

«Я – тата... Гэта самае цудоўнае, што здарылася са мной у жыцці. Мой тата быў выдатным бацькам. Ён прывіў мне любоў да музыкі, сёння я тлумачу свайму сыну, што музыка – гэта адзінае пачуццё, якое мы можам пачуць не толькі ўнутры, але таксама праз вушы. На жаль, яны не паспелі пазнаёміцца. Але я напісаў песню «Тата»», – распавёў Дамʼян Сікорскі.

Калі музыкант пісаў тэкст гэтай песні, ён быў упэўнены, што выконваць яе зможа таксама Міхал Кавалёнэк (Michał Kowalonek). На думку аўтара, ён найлепш зможа перадаць эмоцыі, якія ўтрымліваюцца ў гэтым тэксце.

Baw się tak dobrze jak ja Ostatnie słowa wypowiedziane W mej głowie wspomnienia mam Wczoraj i dziś przychodzą nowe Wiem, że nie tylko ja Czekałem na drobny szczęścia dar I smutek z uśmiechem wciąż jest Echa podróży zmieniły kształt

Widzę wielki świat Pójdę gdzie tylko chcesz Będę obok stał Przed Tobą drugi plan Teraz widzisz nas Radość wypełnia czas tak dziś wygląda w tym oknie lustra blask

Do Ciebie podobny tak jest ma szczery uśmiech niebieski wzrok Znów biegnie ma piękny swój cel Wciąż myślę gdzie, a ty to wiesz Co byś powiedział mi Jakbyś z nami spędził dzień Już nigdy nie dowiem się Scenariusz nowy napisał wers

Атрымлівай задавальненне, як я. Апошнія сказаныя словы. У маёй галаве засталіся ўспаміны. Учора і сёння надыходзяць новыя. Я ведаю, што не толькі я адзін чакаў маленькага падарунка шчасця. І сум разам з усмешкай усё яшчэ застаецца. Рэха падарожжа змяніла форму.

Я бачу вялікі свет. Я пайду ўсюды, куды толькі ты захочаш. Я буду побач стаяць. Перад табою другі план. Цяпер ты бачыш нас. Радасць напаўняе час, вось як гэта выглядае сёння ў акне – ззянне люстэрка.

Ён такі падобны да цябе. У яго шчырая ўсмешка і блакітны позірк. Ён зноў бяжыць, у яго свая прыгожая мэта. Я ўсё яшчэ думаю, дзе, а ты гэта ведаеш. Што б ты сказаў мне, як бы ты правёў з намі дзень. Мы ўжо ніколі не даведаемся. Сцэнар напісаў новы радок.

Baw się tak dobrze jak ja – атрымлівай задавальненне, як я. Тут гаворка ідзе пра апошнія словы бацькі аўтара, які жадаў яму пражыць таксама добрае і задавальняючае жыццё, як ён сам. Гэтае словазлучэнне – baw się dobrze – вельмі часта гучыць з вуснаў палякаў. Як правіла так кажуць, калі жадаюць камусьці добра правесці час, скажам, на вечарынцы або ў падарожжы, але не толькі. Усюды, дзе можна добра правесці час.

Pójdę gdzie tylko chcesz – куды толькі хочаш. Тут я хачу толькі нагадаць, што, калі карыстацца вельмі правільнай літаратурнай мовай, то лепш сказаць dokąd (idziesz), калі гаворка ідзе пра напрамак. Але ў гутарковай мове людзі вельмі часта карыстаюцца выразам дзе (gdzie idziesz – куды ідзеш).

Niebieski wzrok – блакітны позірк. Тут гаворка, зразумела, ідзе пра колер вачэй – блакітны. На польскай мове ёсць таксама сінонімы слова блакітны (niebieski) – błękitny, што беларусы, канешне, зразумеюць, але ёсць таксама іншы, цікавейшы выраз – modry. Гэтае слова часцей ужываецца ў дыялектах польскай мовы, і ў залежнасці ад рэгіёну, яно можа азначаць або блакітны, або фіялетавы колер.

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы