Беларуская Служба

Сёлета Катынскі музей адзначае сваё 30-годдзе

21.07.2023 14:01
Катынскі музей быў створаны дзякуючы намаганням колаў, звязаных з Катынскімі сем'ямі і ініцыятыве Музея Войска Польскага ў Варшаве.
Аўдыё
  • Сёлета Катынскі музей адзначае сваё 30-годдзе
Катынскі музей Autorstwa Adrian Grycuk - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=107387295

Катынскі музей адзначае 30-годдзе сваёй дзейнасці. Установа была заснаваная 29 чэрвеня 1993 года, а ейнай першай сядзібай быў Форт IX у варшаўскім раёне Чарнякаў(Czerniaków). З 2015 года музей размяшчаецца ў Варшаўскай цытадэлі.

Катынскі музей – першая ў свеце музейна-даследчая ўстанова, якая дакументуе Катынскае злачынства, то бок расстрэл 22 тысяч польскіх ваеннапалонных і вязняў, якія ў 1939-1940 гадах утрымліваліся ў савецкіх лагерах і турмах.

Выключнае значэнне музейнай установы падкрэслівае, між іншым, біскуп Войска Польскага Веслаў Ляховіч(Wiesław Lechowicz):

- Катынскі музей служыць нашай ідэнтычнасці шляхам ажыўлення памяці пра тое, што адбылося на «нечалавечай зямлі» 83 гады таму. Гэта доказ таго, што памяці нельга знішчыць. Многія пакаленні палякаў зрабілі мэтай свайго жыцця клопат пра памяць аб Катынскім злачынстве і вызначэнне яго ахвярам належнага месца ў пантэоне выдатных палякаў.

Як кажа шматгадовы дырэктар установы Славамір Фронтчак(Sławomir Frątczak), Катынскі музей выконвае розныя функцыі:

- Музей выконвае сваю асноўную ролю музейнай установы, але таксама гэта дом-рэліквія і доказ злачынства. Без арыгінальных артэфактаў, нашае ўздзеянне было б значна меншым. Гэта таксама Дом Катынскіх сем’яў і на канец – Музей-манумент, які нагадвае: «Memento mori» – інакш: Памятай чалавек, што калі ты забудзеш, то Катынь вернецца!

Пра выключны характар экспанатаў, якія можна паглядзець у Катынскім музеі нагадала старшыня Федэрацыі Катынскіх сем’яў Ізабэла Сарыюш-Скомпска(Izabella Sariusz-Skąpska):

- Памятайце – гэта не нармальныя музейныя экспанаты, але доказы злачынства дабытыя з ямаў смерці ў Катыні, Харкаве, Медным і Быкоўні. Захоўвайце іх ад знішчэння. Катынскае злачынства – гэта каля 22 тысяч асобных гісторый, пра якія трэба клапаціцца; абараняць ад забыцця.

Павал Журкоўскі (Paweł Żurkowski) – дырэктар Музэя Войска Польскага, філіялам якога з’яўляецца Катынскі музей – падкрэсліў, што ўстанова заўсёды будзе клапаціцца пра памяць ахвяраў Катынскага расстрэлу:

- Мы з жалем сцвярджаем, што гэта пастаянная барацьба за памяць аб ахвярах Катынскай разні; за тое, каб яна не была скажаная. Дастаткова ўспомніць пра ўрачыстасці на месцы пахавання забітых палякаў. Паколькі польскія памятныя знакі на месцы заціраюцца, Музей Войска Польскага і Катынскі музей абавязаныя працягваць гэтую памяць.

Нагадваем, вясной 1940 года па загадзе Сталіна і вышэйшых уладаў Савецкага Саюза, супрацоўнікі НКУС забілі больш за 22 тысячы палякаў, якія трапілі ў палон пасля агрэсіі Чырвонай Арміі супраць Польшчы ў верасні 1939 года. Сярод іх былі афіцэры, паліцыянты, дзяржаўныя чыноўнікі і навукоўцы… Усе яны былі пахаваныя ў безыменных магілах у Катыні, Медным, Харкаве і Быкоўні пад Кіевам і, магчыма, у Курапатах у Беларусі.

Музей з’яўляецца важным месцам для сем’яў забітых, кажа дачка забітага ў Катыні Рышарда Урбаньскага Эва Дэнга(Ewa Denga):

- Для мяне гэта вельмі важнае месца. Я перадала тут усе дакументы, здымкі – усё, што ў мяне засталося пасля бацькі. Музей – гэта сімвалічная магіла майго бацькі, тым больш, што я ў Катыні не пабывала. Таму для мяне гэта вельмі кранальнае месца, неабходнае наступным пакаленням. Я вельмі шчаслівая, што такі музей існуе.

У падобным тоне выказваецца Эва Баяноўска-Бурак(Ewa Bojanowska-Burak), дачка забітага ў Катыні Шымона Баяноўскага:

- Мне было два гады, як пачалася вайна. Я не памятаю бацькі. Таму згаданы музей мне з ім знаёміць. У музеі знаходзяцца дакументы, шмат здымкаў з сямейных архіваў. Можна сказаць, што тут – у Катынскім музеі я бачу свайго бацьку амаль на кожным кроку.

Катыньскі музей быў створаны дзякуючы намаганням колаў, звязаных з Катынскімі семʼямі і ініцыятыве Музея Войска Польскага ў Варшаве. Ён размяшчаецца ў Капаніры Варшаўскай цытадэлі.

На двух выставачных узроўнях прадстаўлены каля 30 тысяч экспанатаў, у тым ліку магільныя артэфакты, знойдзеныя падчас эксгумацыйных работ у Катыні, Медным, Харкаве і Быкоўні, а таксама памятныя рэчы, фотаздымкі і архівы, перададзеныя семʼямі ахвяр Катынскага расстрэлу.

Абʼект размешчаны ў парку плошчай у 3,5 гектара, цэнтральнай кропкай якога зʼяўляецца пляц. На тэрыторыі музея знаходзіцца таксама Катынская эпітафія – гэта 15 дошак з імёнамі ахвяраў злачынства, ад якой цягнецца манументальная лесвіца. Ад будынка музея да Катынскай эпітафіі вядзе Алея адсутных, дзе стаяць пустыя пастаменты з назвамі прафесій загінулых, што зʼяўляецца сімвалічным ушанаваннем іх памяці.

Катынскі музей – гэта першы здадзены ў эксплуатацыю музейных абʼект з некалькіх, запланаваных у Варшаўскай цытадэлі.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Гібы – месца ўшанавання памяці ахвяраў Аўгустоўскай аблавы(ФОТА)

14.07.2023 10:45
Гісторыкі мяркуюць, што магілы палякаў могуць знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.