Беларуская Служба

У Славінскім нацыянальным парку можна пачуць «пявучыя выдмы»

11.08.2023 09:17
Балтыйскія пляжы вядомыя выдмамі.
Аўдыё
  • У Славінскім нацыянальным парку можна пачуць «пявучыя выдмы»
.
Выдмы. Ілюстрацыйнае фотаSinousxl/pixabay.com/CC0

Самы вялікі ў Еўропе пас рухомых выдмаў знаходзіцца ў Славінскім нацыянальным парку каля Лэбы. Гэта ўнікальная прыродная з'ява. Выдмы дасягаюць 30-40 метраў, а хуткасць іх руху можа складаць да 10м у год. Больш таго, у Славінскім парку ёсць «пявучыя выдмы».

На Зямлі ёсць амаль 40 месцаў, дзе можна пачуць «пяючых выдмы»: адно з іх – Славінскі нацыянальны парк. Феномен «пяючых выдмаў» зʼяўляецца вынікам спалучэння адпаведных умоў надворʼя і спецыфічнай структуры пяску, якія выклікаюць рэзананс і вібрацыю, што прыводзіць да ўтварэння розных гукаў.

Пра механізм узнікнення гэтай з’явы расказвае біёлаг з Славінскага нацыянальнага парку Міхаліна Панчкоўска:

-Насамрэч механізм узнікнення з’явы вельмі просты. Павінны паявіцца прынамсі два элементы: вецер і пясок. Прычым наяўнасць ветру – гэта абавязковы элемент, каб выдмы можна было пачуць. Калі нехта быў на выдмах, асабліва ў ветранае надвор’е, то бачыў, што гэтыя часціцы пяску вандруюць. Яны перамяшчаюцца з рознай хуткасцю, у залежнасці ад нахілу схілу, ад таго, як дзьме вецер і гэтак далей. Такая вандруючая пясчынка не ў стане зайграць, але калі іх безліч, мільёны, то ўзнікае акустычная хваля. Мікрахвалі гэтых часціц, якія накладаюцца адна на другую, узмацняюцца. Трэба яшчэ ўзгадаць дождж. Падчас дажджу найлепш чуваць, як выдмы спяваюць. Але найбольш ідэальнай парой году, каб паслухаць спеў выдмаў, з’яўляецца зіма. Для мяне асабіста Балтыйскае мора найбольш прыгожае зімой. Гэта сапраўдная паэзія.

«Пяючыя выдмы» выдаюць самыя розныя гукі: свішчуць, пішчаць, нават стогнуць, некаторыя кажуць, што нават брэшуць.

Марскія прыбярэжныя выдмы – гэта тып выдмаў, які развіваецца на пясчаных узбярэжжах. У асноўным прыбярэжныя выдмы маюць парабалічную форму. Больш старыя, добра ўстойлівыя выдмы зʼяўляюцца месцам росту прыбярэжнага хваёвага лесу.

Абавязкова трэба памятаць, што нельга хадзіць па выдмах. У нацыянальных парках вызначаныя спецыяльныя сцежкі. Найбольшую небяспеку для выдмаў уяўляе менавіта чалавек. Ён вытоптвае расліннасць, аслабляючы бераг мора, робячы яго ўразлівым для ветру, эрозіі і вады. Тут растуць як рэдкія расліны, якія знаходзяцца пад строгай аховай (напрыклад, марскі падуб), так і шматлікія віды жывёлы, асабліва птушак. Акрамя таго, пасля гэтага застаецца шмат смецця, якое потым разносіцца ветрам, а абнаўленне гэтай тэрыторыі займае шмат часу, працы і сродкаў, адзначаюць эколагі.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце