Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: «Прама ў цішыню» Яна Маеўскага

14.09.2023 16:51
Артыст маладога пакалення Ян Маеўскі стаў вядомы шырокаму колу гледачоў дзякуючы выступам у папулярных музычных тэлешоу.
Аўдыё
Jan Majewski w Studiu PR im. Agnieszki Osieckiej
Jan Majewski w Studiu PR im. Agnieszki OsieckiejCezary Piwowarski/Polskie Radio

Нягледзячы на малады ўзрост, Ян Маеўскі (Jan Majewski) паспеў ужо паўдзельнічаць у шматлікіх музычных конкурсах і фестывалях. Ян – вельмі таленавіты падлетак, яшчэ вучань. Ён вучыцца ў сярэдняй школе ў Радаме, сваім родным горадзе.

Артыст маладога пакалення Ян Маеўскі стаў вядомы шырокаму колу гледачоў дзякуючы выступам у папулярных музычных тэлешоу, між іншым, «Шанец на поспех» і «Голас Польшчы».

З сінглам «На самай справе, гэта добра», напісаным разам з Аняй Вышконі, ён прайшоў кваліфікацыю на конкурс «Дэбюты» на 60-м Конкурсе польскай песні ў Аполі і ў выніку атрымаў прыз сімпатый гледачоў, а таксама ўзнагароду ў катэгорыі «Дэбюты».

На пачатку верасня выйшаў новы сінгл Яна пад назвай «Горкі смак». Як напісана ў афіцыйным апісанні: «Гэта песня пра разрыў адносінаў і звязаныя з ім эмоцыі, пра непатрэбныя словы, якія мы гаворым, і пра тое, што, нягледзячы на цяжкія моманты, час не спыняецца, трэба проста прывыкнуць да новай рэальнасці«.

Ян яшчэ не выдаў уласнага поўнага кампакт-дыску, але выйшла ўжо некалькі паасобных кампазіцый. «Пакуль я выдаў некалькі сінглаў, але працую над сваім дэбютным альбомам, які ўжо гатовы і выйдзе прыкладна ў другой палове кастрычніка», – заявіў Ян у эфіры Польскага радыё.

Таленавіты вакаліст набірае ўсё большае кола прыхільнікаў. Аднак, аказваецца, што музыка – не адзінае яго захапленне. Ян любіць ездзіць на кросавых матацыклах. Так што, нягледзячы на нявінны выгляд, у яго жылах цячэ гарачая кроў.

А я прапаную вашай увазе песню Яна, якая называецца «Прама ў цішыню» (Prosto w ciszę). Тэкст напісалі Ян Маеўскі і Пётр Радзё (Piotr Radzio), музыку – Пётр Радзё.


I znów po drugiej nie mogę spać, bo w głowie krąży milion spraw.

Nieznośny gwar straconych szans.

Chciałbym trafić wprost do miejsca, gdzie będę sam.

Odetchnę wreszcie tam, zamknę oczy i wsłucham się prosto w ciszę.

Ucieka noc, za oknem świt.

Nie zasnę już, tak będę tkwić.

Myśli stos na kolejne dni.

Zostawię tu i pójdę do miejsca gdzie będę sam.

Odetchnę wreszcie tam.

Zamknę oczy i wsłucham się w kolejny dzień.

Znów mi braknie tchu, oczy wlepia we mnie tłum.

Uciekam w noc jak najdalej stąd…

І зноў пасля другой я не магу спаць, таму што мільёны рэчаў кружляюць у маёй галаве, невыносны шум страчаных магчымасцяў, я хацеў бы адразу трапіць у такое месца, дзе я буду адзін, я нарэшце ўздыхну там з палёгкай, заплюшчу вочы і прыслухаюся проста да цішыні. Ноч сыходзіць, світанак за акном. Я больш не засну, так буду ляжаць. Куча думак на наступныя дні. Я пайду адсюль, у месца, дзе я буду адзін. Я нарэшце ўздыхну там з палёгкай. Заплюшчу вочы і буду слухаць чарговы дзень. Я зноў задыхаюся. Вочы натоўпу глядзяць на мяне. Я ўцякаю ў ноч, як мага далей адсюль...

 

Po drugiej nie mogę spać – я пасля другой не магу спаць. Гаворка ідзе, зразумела, пра ноч, другую гадзіну ночы, калі ў чалавека бяссонніца і ён не можа заснуць. Хаця, можна дапусціць, што хтосьці спіць у дзень і не можа спаць а другой гадзіны дня, гэта для яго нармальны час, калі ён звычайна спіць, але тут гаворка ідзе пра ноч.

Gwar straconych szans – шум страчаных магчымасцяў. Думаю, кожнаму з нас вядомае гэтае пачуццё, калі мы разважаем, што маглі б зрабіць, але не зрабілі і страцілі выдатную магчымасць. Гэта асабліва характэрна для людзей у маладым узросце. А я хачу яшчэ звярнуць увагу на слова gwar. Яно азначае шум, мноства галасоў, якія гучаць адначасова, зліваюцца. Але ёсць таксама выраз gwara, які мае зусім іншае значэнне. Гэта адна з разнавіднасцяў дыялекту. У польскай мове ёсць абодва гэтыя словы – і dialekt, і gwara. Не ўсе іх адрозніваюць, часта яны ўжываюцца практычна як сінонімы, хаця семантычная розніца ўсё ж такі ёсць. Gwara – гэта нешта меншае, чым дыялект, gwara можа быць, скажам у адной вёсцы, у адным невялікім рэгіёне, гэта хутчэй беларуская рэгіянальная гаворка. А dialekt – больш маштабная з’ява.

Tak będę tkwić – так затрымаюся, буду заставацца ў адным месцы.

Odetchnę wreszcie tam – я ўздыхну ў канцы канцоў там. Тут маецца на ўвазе «уздыхну з палёгкай», таксама можна сказаць «супакоюся, пачну спакайней жыць».

нг

 

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы