Беларуская Служба

43 гады таму, 21 верасня 1980 г., на Польскім радыё аднавілася трансляцыя святых Імшаў

22.09.2023 14:28
Пасля больш чым 30-гадовага перапынку радыё вяло прамую трансляцыю набажэнства з касцёла святога Крыжа ў Варшаве.
Аўдыё
  • 43 гады таму, 21 верасня 1980 г., на Польскім радыё аднавілася трансляцыя святых Імшаў
.
.Fot. Polskie Radio

Сёння кожную нядзелю на Першай праграме Польскага радыё можна слухаць святую Імшу, а таксама ў важныя касцельныя ўрачыстасці а 9-й гадзіне. Кожны тыдзень трансляцыю слухае ад 5 да 6 мільёнаў чалавек.

Польскае радыё вяшчала Імшы з 1927 году. Неўзабаве пасля вайны, у 1949 годзе, камуністычныя ўлады забаранілі вяшчанне. Гэта было настолькі важнае пытанне для шырокай грамадскасці, што аднаўленне радыётрансляцыі святых Імшаў стала адным з патрабаванняў, сфармуляваных бастуючымі рабочымі Гданьскай суднаверфі ў жніўні 1980 г. і ўключаных у жнівеньскія пагадненні. 15 верасня 1980 г. адпаведныя дакументы падпісалі прадстаўнікі епіскапату і Камітэта па справах радыё і тэлебачання «Польскага радыё і тэлебачання». Па рашэнні прымаса Стэфана Вышынскага трансляцыя Імшы вялася з касцёла св. Крыжа ў сталіцы, і так застаецца дагэтуль.

43 гады таму, 21 верасня 1980 г., вернікі, сабраныя перад радыёпрыёмнікамі, пачулі абвестку:

-Мы спалучаемся з касцёлам св.Крыжа на вуліцы Кракаўскае прадмесце ў Варшаве, адкуль мы будзем трансляваць Імшу, якую адпраўляе ксёндз біскуп Ежы Мадзалеўскі.

У гаміліі, прамоўленай 21 верасня 1980 г., дапаможны біскуп Варшаўскай архідыяцэзіі Ежы Мадзалеўскі (памёр у 1986 г.) падкрэсліў важнасць трансляцыі святой Імшы як сродку камунікацыі ў служэнні чалавеку:

-Касцёл св. Крыжа ў Варшаве, а з ім Польшча – ад Балтыйскага мора да Татраў, ад усходніх межаў да Одры і Нысы – перажывае важную гадзіну – гэта трансляцыя святой Імшы і божага слова.

Рашэнне пра трансляцыю Імшы па радыё было зацверджана ўказам прымаса ў 1980 годзе. Імшу ад пачатку прымаў варшаўскі касцёл святога Крыжа (з 2002 г. – базіліка). У 2015 годзе тагачасны пробашч парафіі ксёндз Зыгмунт Роберт Бердыхоўскі казаў, што кардынал Стэфан Вышынскі невыпадкова абраў гэты храм:

-Касцёл св. Крыжа мае свае традыцыі і гэта было вырашальным. Таксама тое, што ўжо перад вайной Імша транслявалася адсюль, таксама пасля вайны да 1949 году. Важная таксама лакалізацыя касцёла – цэнтр гораду. Напэўна ўсё гэта паўплывала на выбар храма для трансляцый.

У 25-ю гадавіну вяртання імшы на Польскае радыё, у гаміліі, прамоўленай у базыліцы св. Крыжа, біскуп Юзэф Завіткоўскі (памёр у 2020 г.) нагадаў абставіны перадачы 21 верасня 1980 г.:

-Тая нядзеля стала вялікім праслаўленнем Бога. Людзі кленчылі дома, у шпіталях, у аўтобусах. Малілася цэлая Польшча, бо з бязбожнага радыё гучала малітва: Езу, змяні гэты сумны час. Мы хочам Бога ў кнізе, у школе.

У 40-ю гадавіну аднаўлення трансляцыі святых Імшаў на Польскім радыё ў 2020 г. галоўны рэдактар рэдакцыі каталіцкіх праграм Польскага радыё ксёндз Анджэй Маеўскі падкрэсліў, што з’яўленне ў 1980 годзе святой радыёімшы стала знамянальнай падзеяй:

-Трэба разумець, што ў той час не было СМІ. Грамадскія СМІ былі адзінымі ў тагачаснай Польшчы. Таму радыё слухала велізарная колькасць людзей. Акрамя таго, гэта 1980 год – не было інтэрнэту, пануе цэнзура. Таму гэта быў глыток свежага паветра, які паявіўся ў эфіры Польскага радыё.

На працягу многіх гадоў радыёімшы цэлебраваў біскуп Юзаф Завіткоўскі, таксама паэт і кампазітар, аўтар тэкстаў вядомых касцельных песень, у тым ліку «Добры Пан, як хлеб». З 1980 па 2006 г. прапаведаваў у касцёле св. Крыжа каля 140 гамілій.

У 2006 годзе Польскае радыё выдала альбом «Kochani moi», у якім сабраны дыскі з гаміліямі біскупа Юзэфа Завіткоўскага 1980-2005 гг.

Традыцыя радыёімшаў у Польшчы налічвае 96 гадоў, бо з 3 мая 1927 г. нядзельныя імшы трансляваліся з познанскай катэдры. З адкрыццём Ватыканскага радыё ў 1932 годзе Польскае радыё пачало трансляваць папскія благаслаўленні.

слухайце аўдыё

ав

Больш на гэтую тэму: Багацце веры