Беларуская Служба

Адам Замойскі: Вільня — бастыён Захаду

09.11.2023 15:53
Мацей Радзівіл напомніў, што Вільня вельмі важная для беларусаў.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Канферэнцыя ў Вільні.
 ,  ,        .
Лукаш Сапега, Адам Замойскі, Мацей Радзівіл і рэктар Віленскага ўніверсітэта Рымвідас Пятраўскас.https://www.valdovurumai.lt/lt/nuotrauku-galerija/i/8521/valdovu-rumuose-vykstancioje-istorijos-konferencijoje--zymiausi-istorikai-lietuvos-didziosios-kunigaikstystes-didiku-palikuoniai/#gallery-26

«Вільня і яе супольнасці ў ХІІІ — XXI стагоддзях: сем вякоў гісторыі суіснавання ў горадзе. У сувязі з 700-годдзем першага ўпамінання Вільні ў гістарычных крыніцах» — міжнародная навуковая канферэнцыя пад такой назвай прайшла 25-27 кастрычніка ў Вільні, у Нацыянальным музеі «Палац уладароў Вялікага Княства Літоўскага» пры арганізацыйнай падтрымцы Інстытута гісторыі Літвы, Віленскага ўніверсітэта і многіх іншых навуковых устаноў Літвы, а таксама Польшчы.

Сярэдневяковая літоўская дзяржава ўзнікла на руінах старажытнай Русі. Пазней гэты момант стала выкарыстоўваць маскоўская дзяржава, адваёўваючы ў Літвы землі сучасных Беларусі і Украіны. Па іроніі лёсу, сёння, як і 700 гадоў таму, калі была заснавана Вільня, граніца з «рускім светам» праходзіць фактычна за яе прадмесцямі. Як і даўней, Вільня іграе ролю цэнтра супрацьстаяння рускай экспансіі, якую сёння ўвасабляюць РФ і прамаскоўскі рэжым у РБ. Як у мінулым Літва вызваляла і абараняла ад татар землі Украіны, так сёння яна стала хабам для падтрымкі Украіны ў змаганні з былымі рускімі «братамі», а сёння — агрэсарамі з маскоўскага боку.

У міжнароднай навуковай канферэнцыі «Вільня і яе супольнасці ў ХІІІ — XXI стагоддзях» прынялі ўдзел нашчадкі магнацкіх родаў ВКЛ і Польскага каралеўства — Мацей Радзівіл, Адам Замойскі і Лукаш Сапега, якія напомнілі пра ролю Вільні ў мінулым і паразважалі пра яе значэнне ў нашы дні. Мадэратарам размовы пра мінулае і сучаснасць Вільні быў вядомы літоўскі гісторык, рэктар Віленскага ўніверсітэта Рымвідас Пятраўскас.

Лукаш Сапега напомніў пра палітычна-ваенную ролю Вільні ў перыяд Рэчы Паспалітай — ва ўнутранай і знешняй палітыцы ВКЛ.

Лукаш Сапега: — Ва ўсіх войнах з Расіяй (а таксама са Швецыяй — за Лівонію) удзельнічала літоўскае войска. І рашэнні ў значнай ступені прымаліся ў Вільні — вялікімі літоўскімі канцлерамі. І таму невыпадкова Вільня ў сярэдзіне XVII ст. была моцна знішчана расійскімі войскамі — тады загінула больш за палову яе насельніцтва. А перад гэтым Вільня была разбурана ў выніку сур’ёзнага пажару. І пасля насельніцтва Вільні не дасягнула ранейшай колькасці, якая была да польска-расійскай вайны, — ажно да ХІХ ст. У часы Рэчы Паспалітай гэты горад не змог адрадзіцца пасля шматлікіх войн і знішчэнняў.

І ў той жа час Вільня іграла значную ролю ў вайсковым плане.

А што датычыць маёй сям’і, то вайна за панаванне ў ВКЛ у другой палове XVII ст. Сапегамі вялася з Вільні. Спачатку тут будавалі палацы тагачасныя гегемоны ў Літве — Пацы, а потым Сапегі, да бітвы пад Алькенікамі (Валькінінкай) у 1703 г.

Такім чынам, роля Вільні мне бачыцца ў палітычна-ваенным сэнсе.

Адам Замойскі выказаў думку пра тое, што на Захадзе Вільня дастаткова нядаўна замацавалася ў вобразе бастыёна Захаду. Але так было і даўней.

Адам Замойскі: — Вільня іграла істотную ролю ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. як месца, дзе фарміраваліся найважнейшыя палітычныя рухі гэтага рэгіёна: і польскія, і літоўскія, і яўрэйскія, і беларускія, і камуністычныя. І ўсё гэта “кісла” ў гэтым рэгіёне. Вільня звязвала паміж сабой Польскае каралеўства, г. зв. Кангрэсоўку, і Расійскую імперыю. Сюды прыязджалі і тут праязджалі і рускія, і палякі, яўрэі мелі тут сувязі з усім светам. І так тут фарміраваліся розныя палітычныя дактрыны, якія потым вызначалі падзеі ва ўсім рэгіёне былой Рэчы Паспалітай, а таксама мелі вялікі ўплыў на Расійскую імперыю.

Думаецца, што Вільня была свайго роду пераходным пунктам, мостам, і гэта роля да яе можа вярнуцца. Гэта, вядома, было абумоўлена тым, што тут была вялікая мешаніна людзей. Вільня была магнітам для ўсёй тэрыторыі былога ВКЛ.

І таму, можа, у сувязі з тым, што мы жывём у вельмі нестабільны час і з улікам таго, што адбываецца ў Расіі і Беларусі, і можа мець розныя вынікі, Вільня магла б стаць важнай базай.

Нашчадак літоўскіх князёў, грамадзянін Польшчы Мацей Радзівіл, добра вядомы і ў Беларусі, у Вільні падчас дыскусіі звярнуў увагу на ролю гэтага горада ў лёсе Беларусі.

Мацей Радзівіл:Вільня вельмі важная для беларусаў, чыя свабода ўжо даўно абмежавана, а цяпер знішчаецца іх нацыянальная ідэнтычнасць.

Так, у Беларусі стала небяспечнай прафесія гісторыка — і не толькі даследчыкаў найноўшай гісторыі, але і старажытнай. Ужо склалася пэўная група гісторыкаў з Беларусі, якія не могуць вярнуцца ў сваю краіну, бо ім пагражае турма. І ў сувязі з гэтым перад намі, палякамі і літоўцамі, стаіць важная задача.

У апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі назіраецца цікавасць да старажытнай гісторыяй, якая прыцягвае гэту краіну не толькі да Літвы і Польшчы, але ўвогуле да Захаду.

Дарэчы, калі мы зірнём на карту, то заўважым, што ўсходняя граніца Беларусі больш-менш супадае з граніцай Рэчы Паспалітай да яе першага падзелу. Сёння існуе пагроза таго, што гэта граніца можа ўпасці. Бо Беларусь з’яўляецца краінай з няпэўнай незалежнасцю, але ўсё ж незалежнай. І ў гэту незалежнасць трэба інвеставаць. А ў літоўцаў, як мне здаецца, ёсць больш магчымасцей для гэтага, бо ў іх (з беларусамі. — Рэд.) няма такіх супярэчнасцей, якія былі ў гісторыі паміж палякамі і ўкраінцамі.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Выпускнік Варшаўскага ўніверсітэта: Вывучэнне балцкіх моў — ключ да беларускай тутэйшай культуры

22.09.2023 13:01
22 верасня ў Літве і Латвіі адзначаецца Дзень адзінства балтаў, да якіх належаць і продкі беларусаў.

Гісторык Яраслаў Грыцак: Каб утварылася Украіна, зрэшты, як і Беларусь, Расія, павінна была быць зруйнавана старажытная Русь

28.09.2023 15:02
Вядомы ўкраінскі гісторык Яраслаў Грыцак лічыць, што ўкраінцам мала галушак і песень — ім патрэбна ўласная культура і дзяржава.