Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: песня Вольгі Бочар «Na balkonie»

09.11.2023 15:19
Тэкст кампазіцыі напісаў славуты польскі паэт Юліян Тувім.
Аўдыё
  • Музычны ўрок польскай мовы.
Olga Boczar.
Olga Boczar.Foto: Materiały prasowe

Сёння я прадстаўляю вашай увазе Вольгу Бочар (Olga Boczar) – польскую вакалістку, якая выконвае джаз, флейтыстку, кампазітарку, аўтарку тэкстаў, педагога. Нарадзілася ў 1989 годзе ў горадзе Кросна, закончыла факультэт джазу Музычнай Акадэміі ў Катавіцах. З кастрычніка 2015 – выкладчыца па спецыяльнасці «Джаз і папулярная музыка» на факультэце музыкі ўніверсітэту ў Жэшаве. У 2017 годзе абараніла доктарскую дысертацыю на факультэце вакалу і акторскага майстэрства Універсітэту музыкі імя Фрыдэрыка Шапэна. У 2015 годзе выйшаў яе дэбютны альбом, за які Вольга была прадстаўленая на прэмію «Фрыдэрык».

У канцы кастрычніка 2023 года пяснярка выпусціла кампакт-дыск «Я дыхаю» («Oddycham»), у прыватнасці, з песнямі на вершы Юліяна Тувіма. У альбом таксама ўвайшлі аўтарская песня музыканткі і інтэрпрэтацыя старой габрэйскай кампазіцыі.

«Я дыхаю» – трэці альбом Вольгі Бочар, але першы, у якім яна выкарыстала паэзію вядомага польскага аўтара. Праўда, ідэя стварэння альбома, звязанага з польскай паэзіяй, была ў яе даўно. Пасля доўгіх пошукаў выбар спыніўся на творчасці Юліяна Тувіма.

«Прыгода з запісам кампазіцый на вершы пачалася з адной песні. Я не думала, што гэта будзе цэлы альбом, прысвечаны Тувіму, – распавяла Вольга ў эфіры Першай праграмы Польскага радыё. – Я пачала з таго, што запісала песню пад назвай «На балконе». Пазней я вырашыла паспрабаваць іншыя песні. У выніку атрымаўся цэлы альбом», – дадала пяснярка.

Артыстка прызнаецца, што ў музыцы для яе заўсёды вельмі важныя тэксты. «Калі я слухаю песні, калі шукаю тэксты пад запіс, то звяртаю ўвагу на такія, якія мяне нейкім чынам кранаюць сваім словам. Але я таксама спрабую сама пісаць тэксты», – адзначыла Вольга. А мы слухаем і разбіраем песню «На балконе».

Stoję na balkonie,

Załamałem dłonie
I w kwietniowym niebie
Szary wzrok mój tonie.
Bzy mi zapachniały,
Żale mnie owiały,
Twarz mi ojedwabia
Wiew znieruchomiały.
Zmierzch się wiewem żali,
Żeśmy się rozstali,
Przymkniętymi oczy
Widzę ciebie w dali:
Stoisz na balkonie,
Załamałaś dłonie
I w kwietniowym niebie
Modry wzrok twój tonie.

Я стаю на балконе, заламаў далоні. А ў красавіцкім небе шэры зрок мой тоне. Бэз мне пачаў пахнуць, шкадаванне мяне агарнула. Мой твар стаў шаўкавісты ў затрыманым веянні паветра. Змрок скардзіцца вецярком, што мы рассталіся. З заплюшчанымі вачыма я бачу цябе ў далечыні. Ты стаіш на балконе, заламала далоні. А ў красавіцкім небе твой блакітны позірк тоне.

Тэкст гэтай кампазіцыі належыць пяру вядомага польскага паэта Юліяна Тувіма. Паэт, хоць нарадзіўся ў габрэйскай сям’і, па-майстэрску валодаў польскай мовай, у тым ліку ў гэтай кампазіцыі ёсць выразы, якія нават могуць быць незразумелыя або не да канца зразумелыя чалавеку, які жыве ў Польшчы, не кажучы ўжо пра кагосьці, для каго польская мова з’яўляецца замежнай. Юліян Тувім вядомы перш за ўсё сваімі сатырычнымі тэкстамі, аднак на яго творчасць вялікі ўплыў аказваў стан здароўя паэта. Доўгі час, практычна да канца жыцця, ён пакутаваў ад дэпрэсіі, агорафобіі (боязь адкрытай прасторы, боязь пакідаць дом), а таксама алкагалізму. Дарэчы, у гэтай кампазіцыі заўважаецца сум аўтара. Пры гэтым яна вельмі прыгожая і паэтычная, асабліва ў выкананні Вольгі Бочар.

Załamałem dłonie – я заламаў далоні. Часцей гэтае словазлучэнне ўжываецца з выразам рукі (załamać ręce, załamywać ręce – быць у роспачы, пакутаваць ад чагосьці).

Twarz mi ojedwabia – вось тут прыклад крэатыўнай творчасці аўтара. Ojedwabiać – robić jedwabną, pokrywać jedwabiem – рабіць шаўкавістым (твар).

Zmierzch się wiewem żali – змрок вецярком скардзіцца. Wiew – гэта паветраны паток, а іншае значэнне – адчувальная прысутнасць чагосьці нематэрыяльнага.

Modry wzrok twój tonie – твой блакітны позірк тоне. Выраз modry мае ў польскай мове некалькі значэнняў. Пераважна гэта азначае ярка-блакітны або цёмна-блакітны, але ў адным з рэгіёнаў Польшчы, у Старахавіцах на поўдні краіны, гэтым словам называюць чорны колер.


Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы