Польская крымінальная кінакамедыя «Ва-банк» – вядомы і любімы фільм не толькі ў Польшчы, але і за яе межамі. Кінакарціну пра прыгоды Генрыка Квінты можна глядзець не раз, бо фільм прыцягвае сцэнаром, тэмай і, канешне, ігрой акцёраў. Сёння ў гістарычнай рубрыцы раскажам пра Яна Махульскага, які ў «Ва-банку» выканаў галоўную ролю – менавіта ён сыграў Генрыка Квінту.
20 лістапада мінула 15 гадоў з дня смерці Яна Махульскага – вядомага польскага акцёра, тэатральнага рэжысёра, педагога, заснавальніка і дырэктара варшаўскага «Тэатру Ахоты». Але шырокую вядомасць Махульскаму прынеслі два фільмы: «Ва-банк» і яго працяг – «Ва-банк-2».
Дарэчы, рэжысёрам згаданых двух фільмаў з’яўляецца сын Яна Махульскага Юльюш. Ён зняў шмат вядомых у Польшчы і за яе межамі кінакарцін, перш за ўсё – кінакамедый.
Leonard Pietraszak (z lewej) w filmie "Vabank II" w reż Jana Machulskiego, 1985 r. Fot. Forum
Нарадзіўся Ян Махульскі 3 ліпеня 1928 года ў Лодзі. У 1954 годзе скончыў у родным горадзе факультэт акцёрскага майстэрства – у вядомай Лодзінскай вышэйшай кіна- і тэатральнай школе. У 1971 годзе закончыў рэжысуру ў Варшаўскай дзяржаўнай тэатральнай школе. Махульскі сыграў каля 70 тэатральных і 45 роляў у кіно. Ён здымаўся ў вядомых польскіх фільмах, якія атрымлівалі ўзнагароды не толькі ў Польшчы, але і на замежных фестывалях.
У 1981 годзе акцёр упершыню сыграў у фільме свайго сына, кінарэжысёра Юліюша Махульскага. Гэта быў менавіта «Ва-банк», у якім Ян Махульскі выканаў ролю ўзломшчыка сейфаў Генрыка Квінты. Пазней ён не раз выконваў ролі ў фільмах свайго сына: «Кінгсайз», «Дэжа-вю», «Кілер» і іншых.
Juliusz Machulski
Сучаснікі ўспамінаюць Яна Махульскага як вельмі прыемнага і пазітыўнага чалавека, з вялікім пачуццём гумару, які да кожнай асобы адносіўся з павагай. Яго таксама любілі студэнты, бо вядомы акцёр і рэжысёр шмат гадоў быў дэканам Акцёрскага факультэту ў Лодзінскай вышэйшай дзяржаўнай кіна, – тэле- і тэатральнай школе, якую ён сам некалі закончыў.
Аматарам тэатру Ян Махульскі вядомы перш за ўсё амбітнымі праектамі, якія ён рэалізаваў у якасці рэжысёра. У 1970-80 гады ён быў рэжысёрам класічных твораў тэатральнага мастацтва: «Антыгоны», «Гамлета», «Сон у летнюю ноч». Больш за тое, Махульскі таксама пісаў драматычныя творы, якія пазней пераносіў на дошкі тэатру.
Дарэчы, не толькі сын Юльюш звязаны з кінамастацтвам. Яго жонка Галіна Махульска была актрысай. У 1990-я гады сямейная пара адкрыла ў Варшаве акцёрскую школу, якая рыхтавала артыстаў тэатру і кіно.
Памёр Ян Махульскі 20 лістапада 2008 года ад сардэчнага прыступу ў Варшаве ва ўзросце 80 гадоў. На яго пахаванні іграла музыка з фільму «Ва-банк-2» – пахавальны марш і рэгтайм.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл