Сёння я хачу вам прадставіць музыкантку, якая ўзяла сабе псеўданім Брыска (Bryska або з малой літары bryska), сапраўднае імя Габрыэла Новак-Скірпан (Gabriela Nowak-Skyrpan). Дзяўчына нарадзілася ў студзені 2001 г. у Варшаве. Сама піша музыку і тэксты сваіх кампазіцый.
Брыска нейкі час жыла ў Вялікабрытаніі, закончыла Лонданскую музычную школу. У 2021 годзе яна падпісала першы кантракт з кампаніяй Magic Records, хутка выйшаў яе дэбютны сінгл пад псеўданімам Брыска. Песня называлася «Наіўна». А вялікую папулярнасць ёй прынесла кампазіцыя «Паніка». У красавіку 2022 года яна выпусціла студыйны альбом пад назвай «Мая цемра». Таксама ў 2022 годзе пяснярка запісала сінгл «You Were In Love», выкарыстаны ў саўндтрэку да фільма «365 дзён: гэты дзень». Песня заняла высокія месцы ў хіт-парадах у Польшчы, Кеніі, Бэніне, Сенегале, Румыніі, Францыі і Канадзе і заняла 97-е месца ў спісе Shazam Top 200 Global.
Музыкантка запісвае песні ў жанрах індзі-поп, сінт-поп і электронная музыка. У музычных кліпах да сярэдзіны 2021 года яна не паказвала свайго твару і не раскрывала імя і прозвішча, што тлумачыла сваёй інтравертнасцю.
Брыска – артыстка, якая праз музыку дае выхад сваім эмоцыям. Гэта свайго роду аўтатэрапія, якая дапамагае ёй пераадолець унутраных дэманаў. Дзяўчына не скрывае, што доўгі час яна змагалася з дэпрэсіяй. Цяжкі перыяд яе жыцця быў звязаны перш за ўсё з пандэміяй. Тады яна жыла ў Вялікабрытаніі, у выніку пандэміі страціла працу, не была ў стане далей утрымліваць сябе ў Брытаніі, ёй прыйшлося вярнуцца ў Польшчу. І тады пачаўся чорны перыяд, з якога яна паступова выходзіць. У тэкстах яе песень сутыкаюцца крайнія эмоцыі. З аднаго боку ёсць радасць, з іншага сум, каханне і адзінота.
Нядаўна Брыска казала ў інтэрв'ю, што музыка – гэта для яе спосаб мець зносіны са светам, але і неяк дапамагчы сабе, таму што для яе музыка заўсёды была спосабам вызвалення негатыўных эмоцый. А я прапаную вам кампазіцыю, якая называецца «Цукар», дзе таксама слодыч суседнічае з горыччу.
W świecie gdzie każdy oblewa swe życie polewą z lukru. Ja już nie pamiętam jak smakuje szczęście. Czy jest z cukru. Mówią mi żem słodka, ale to jest ściema. Bo radość od dawna mi się nie uśmiecha. Powiedz mi czemu ja, czemu ty ciągle udajemy, że jest okej. To nie my, to nie ja, to nie ty. Cukrem zajadamy się, w sumie czemu nie. W sumie czemu nie, cukrem zajadamy się. W sumie czemu nie. Laboratorium na przedmieściu Townsville. Jak w atomówkach. Cukier, słodkości i różne śliczności. Polewa z lukru. Mówią mi żem słodka, ale to jest ściema. Bo radość od dawna mi się nie uśmiecha...
У свеце, дзе кожны пакрывае сваё жыццё глазурай, я ўжо не памятаю, які смак у шчасця, ці яно зроблена з цукру. Мне кажуць, што я салодкая, але гэта хлусня, таму што радасць мне даўно не ўсміхалася. Скажы мне, чаму я, чаму ты ўвесь час робім выгляд, што ўсё ў парадку. Гэта не мы, гэта не я, гэта не ты. Мы абʼядаемся цукрам, а чаму б і не. У канцы канцоў, чаму б і не. Лабараторыя на ўскраіне Таунсвіля. Як у фільме «Суперкрошкі». Цукар, цукеркі і розныя прыгажосці. Глазура з цукру. Мне кажуць, што я мілая, але гэта хлусня. Бо радасць мне даўно не ўсміхаецца...
Кażdy oblewa swe życie polewą z lukru – кожны палівае сваё жыццё глазурай з цукру. Выраз oblewać значыць як абліваць, паліваць, так і святкаваць з алкаголем нейкую важную падзею. Напрыклад: jutro oblewamy u mnie zdaną sesję – заўтра святкуем у мяне з нагоды здадзенай сесіі.
Jak smakuje szczęście – які смак у шчасця. Звярніце ўвагу на дзеяслоў, якога няма ў беларускай мове ў дадзеным значэнні. Беларускае «смакаваць» значыць інакш «каштаваць». А ў польскай мове smakować можа значыць «мець нейкі смак».
Mówią mi żem słodka, ale to jest ściema – гавораць мне, што я салодкая, але гэта хлусня. Ściema – так у моладзевым жаргоне кажуць пра нешта, што на самой справе хлусня або не да канца праўда.
Cukrem zajadamy się, w sumie czemu nie – цукрам мы аб’ядаемся, а чаму б і не. Словазлучэнне w sumie у дадзеным выпадку не мае ніякага важнага значэння, яго можна перакласці як «у прынцыпе», «агулам».
Atomówki – так па-польску называецца амерыканскі мультсерыял для дзяцей, які ёсць у расійскім перакладзе і называецца «Суперкрошки». Гэта фільм пра дзяўчынак, якія маюць суперздольнасці, дзякуючы чаму змагаюцца са злачыннасцю ў горадзе Таунсвіль.
нг