Беларуская Служба

Даследчык: У даваеннай Польшчы частка праваслаўных вагалася паміж рускай і беларускай ідэнтычнасцямі

04.01.2024 14:20
Улады даваеннай РП абмяжоўвалі дзейнасць выданняў прарасійскай арыентацыі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Сулаўка пра СМІ ў даваеннай РП.
 .
Ілюстрацыйнае фота.pixabay.com

У даваеннай Польшчы выходзілі выданні на розных мовах. Сёння, калі многія беларусы, аддаюць перавагу СМІ рускай мове, можа быць цікава, што былі такія і тады, амаль сто гадоў таму. Тады ж, што яшчэ больш цікава, стаяла пытанне і аб пагрозах з боку Расіі Польшчы і аб будучыні незалежнасці Беларусі і Украіны. Малады польскі вучоны Адам Сулаўка даследуе рускі і рускамоўны друк у даваеннай Польшчы, у т.л. на заходнебеларускіх землях у яе складзе. Гэта праца не толькі аб працы СМІ, але і аб настроях тагачаснага польскага грамадства, якое складалася не толькі з уласна палякаў, але і з рускамоўнай дыяспары. Прычым да яе належалі не толькі рускія, але і частка ўкраінцаў, беларусаў.

Колькі ўсяго рускамоўных выданняў налічвалася ў Польшчы да 1939 года?

Адам Сулаўка:Выходзіла каля 250 выданняў. Іх чытачамі былі не толькі этнічныя рускія, але і беларусы і ўкраінцы, якія жылі на ўсходніх рубяжах даваеннай Польшчы, а таксама русіфікаваныя яўрэі. Наогул, трэба сказаць, што некаторыя рускія эмігранты не прызнавалі той парадак, які быў усталяваны ў Еўропе па выніках Версальскага міру. Яны не прымалі ні савецкага, ні польскага грамадзянства. І калі гаварыць аб рускай эміграцыйнай прэсе, то яна займала бескампрамісную пазіцыю ў адносінах да СССР. Руская эміграцыя ўспрымала ўлады СССР як акупацыйны рэжым у Расіі. Натуральна, рускамоўны эміграцыйны друк павінен быў быць лаяльны ў адносінах да Польшчы — і такога кшталту перыёдыка працягвала існаваць. У адваротным выпадку такога кшталту выданні закрываліся. Былі таксама выданні, якія фінансаваліся II аддзяленнем Генеральнага штаба Войска Польскага (ваенная разведка. — Рэд.). Гэта і дазваляла гэтым выданням існаваць працяглы час.

Адам Сулаўка расказаў, якія погляды былі ўласцівы аўтарам і чытачам польскіх рускамоўных выданняў, якія выходзілі да Другой сусветнай вайны.

Адам Сулаўка:Пераважная большасць рускіх у Польшчы былі адданыя ідэі г.зв. трыадзінага рускага народа, якая адмаўляла існаванне асобных беларускага і ўкраінскага народаў. Аднак былі і выданні, якія падтрымлівалі ідэю незалежнай Украіны, зрэшты, як і Беларусі. Аднак, як я ўжо сказаў, большасць рускіх эмігрантаў лічыла ўсходнія землі Польшчы «спрадвечна рускімі». Адпаведна, улады Польшчы спрабавалі абмяжоўваць дзейнасць выданняў такога кшталту. Віленскі ваявода Людвік Бацяньскі (у 1935–1939 гг. «праславіўся» антылітоўскімі і антыбеларускімі акцыямі. — Рэд.), у прыватнасці, абмяжоўваў дзейнасць гэтых выданняў у падкантрольным яму ваяводстве. А ў канцлагер у Бярозе-Картузскай (цяпер Бяроза ў Беларусі. — Рэд.) за свае сімпатыі да СССР быў адпраўлены адзін з вядучых рускіх публіцыстаў у даваеннай Польшчы Дарафей Бохан (ураджэнец Мінска, які ўдзельнічаў таксама ў беларускім літаратурным жыцці. — Рэд.). Але, што цікава, Бохана ў 1939 годзе арыштавала НКУС.

Дарэчы, лёс Бохана паказальны. Будучы польскім грамадзянінам, у 1941 годзе ён быў вызвалены з савецкага палону, уступіў у рады арміі генерала Андэрса, з якой сышоў у Іран. У 1942 годзе загінуў у Тэгеране.

Вяртаючыся да часоў даваеннай Польшчы, трэба сказаць, што пры неспрыяльнай палітыцы ў адносінах да беларусаў, украінцаў, літоўцаў улады РП пільнавалі, каб ідэі рускага імперыялізму таксама асабліва не распаўсюджваліся. Адам Сулаўка прыводзіць прыклад іншых дзеянняў улад Польшчы да органаў друку на рускай мове.

Адам Сулаўка:Польскія ўлады ўплывалі на друкарні, каб тыя не друкавалі такіх выданняў. А, напрыклад, у Пінску выданне “Под небом Полесья” забаранілі друкаваць, і яно, здаецца, вымушана было друкавацца ў Беларускай друкарні імя Францішка Скарыны ў Вільні. Там выйшлі адзін ці два нумары.

Адам Сулаўка, вывучаючы рускамоўны друк даваеннай Польшчы, заўважыў, што шэраг беларускіх дзеячаў актыўна публікаваліся ў праваслаўных выданнях.

Адам Сулаўка:Праваслаўная інтэлігенцыя ў той час знаходзілася ў падвешаным стане паміж рускай і беларускай ідэнтычнасцямі. У гэтым плане цікавы прыклад Барыса Каверды. Ён вучыўся спачатку ў беларускай гімназіі ў Вільні, а потым перайшоў у рускую — па матэрыяльных прычынах.

У 1927 годзе Каверда забіў у Варшаве паўпрэда СССР у Польшчы Пятра Войкава. Бацькі Барыса паходзілі з украінскамоўнага сяла Катлы ў Бельскім павеце (цяпер у Падляшскім ваяводстве), але ён лічыў сябе рускім. Пры гэтым, валодаючы беларускай мовай, працаваў у рэдакцыі віленскай антыкамуністычнай газеты «Беларускае слова».

Адам Сулаўка дадае, што ў даваеннай Польшчы рускую мову выкарыстоўвалі таксама пратэстанцкія цэрквы. Вучоны прыводзіць прыклад аднаго з выданняў баптыстаў.

Адам Сулаўка:Яно выдавалася па-руску, але адрасавалася перш за ўсё насельніцтву на ўсходніх землях Польшчы — беларускаму і ўкраінскаму (на Валыні). Праўда, улады з падазрэннем ставіліся да пратэстантаў, бо тыя распаўсюджвалі пацыфісцкія ідэі, супраціўляліся ваеннай службе, таму іх часам абвінавачвалі ў тайных сімпатыях да камунізму, хаця ніякімі камуністамі яны не былі.

Гаворачы аб тым, якія настроі панавалі ў рускамоўнай прэсе і звязаных з ёй коламі ў даваеннай Польшчы, Адам Сулаўка рэзюмуе, што гэта былі манархісцкія погляды.

Адам Сулаўка:Яны марылі аб аднаўленні былой Расійскай імперыі — «адзінай і непадзельнай». Былі таксама прыхільнікі дэмакратыі, але яны займалі хутчэй за маргінальнае месца.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Рыхтуецца да выхаду кніга пра палякаў на Усходзе, у т.л. у Беларусі

28.12.2023 15:59
Ośrodek Karta і Dom Spotkań z Historią сабралі ўспаміны палякаў за ўсходняй мяжой РП у выніку 35 экспедыцый у 7 дзяржаў, у т.л. у РБ.