Беларуская Служба

Адна з самых старых выяў «Пагоні» знойдзена ў Вільні

14.03.2024 15:56
Гід Агата Садоўская праводзіць экскурсію па падзямеллі Палаца ўладароў Вялікага княства Літоўскага ў Вільні.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Садоўская пра палац ВКЛ у Вільні.
           .  XV .
Гатычная кафля з раскопак у Ніжнім замку ў Вільні з выявай «Пагоні». Сярэдзіна XV ст.https://www.valdovurumai.lt/lt/savaites-eksponatai/i/8572/gotikinis-koklis-su-vilniaus-zemes-herbu/

Віленскі Палац уладароў Вялікага княства Літоўскага — музейны комплекс, у якім адлюстравана агульная гісторыя Літвы і Беларусі, Польшчы і Украіны, усіх тых тэрыторый, на якія з гэтага месца распаўсюджвалася ўлада польска-літоўскіх манархаў з XV ст.

Палац вялікіх князёў літоўскіх, або Ніжні замак у Вільні з’яўляўся рэзідэнцыяй кіраўнікоў польска-літоўскай дзяржавы да першай паловы XVII ст., пакуль не быў пашкоджаны падчас маскоўскай акупацыі, якая доўжылася шэсць гадоў. А ў самым пачатку XIX ст. новыя, расійскія ўлады Вільні загадалі палац знесці. Адбудавалі яго праз 200 гадоў. Бадай, многія з вас тут бывалі. Аднак, мабыць, далёка не ўсе.

Экскурсавод музейнага комплексу Агата Садоўская прапануе прайсці па некаторых адноўленых пакоях палаца, каб убачыць арыгінальныя рэчы, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак.

Агата Садоўская: — Мы не ведаем, ці была тут рэзідэнцыя вялікага князя Вітаўта, але ёсць згадка пра тое, што магчыма ён тут рыхтаваўся да сваёй каранацыі, якая была прызначана на 1430 г. Але ўжо ў часы вялікіх князёў Аляксандра, Жыгімонтаў Старога і Аўгуста тут дакладна была іх рэзідэнцыя. І падмуркі гэтага палаца адкрыты падчас раскопак, і мы можам іх убачыць і дакрануцца да іх у нашай экспазіцыі.

Як мы можам пераканацца, гэтыя сцены вельмі тоўстыя. У той час, трэба сказаць, гэта было не модна. Аднак палац будаваўся ў вільготным месцы. Побач цякуць рэкі Вілія і Вільня, таму зямля тут балоцістая. Хаця гэта надавала данай тэрыторыі пэўныя дадатковыя ўмовы пры абароне ад захопнікаў.

Аднак адначасова трэба было абараніць палац ад дэструктыўнага ўплыву вады, таму і будаваліся такія моцныя муры.

З XVI ст. таксама захаваліся рэшткі замкавага вадаправода і каналізацыі, што было навінкай у тагачаснай Вільні. Мы жартуем, што гэта самы “салодкі” з нашых экспанатаў. Чаму, вы спытаеце. А таму, што для кансервацыі гэтых драўляных артэфактаў выкарыстоўваўся цукровы сіроп — больш за дзве тоны.

Прыродныя ўмовы ўскладнялі будаўніцтва каменнага палаца на гэтай тэрыторыі. І таму будаўнікі павінны былі ў балота ўбіваць тоўстыя глыбокія палі, якія захаваліся да нашых дзён.

Агата Садоўская: — Палі ўбіваліся ў балоцістую глебу так глыбока, пакуль не дасягалі цвёрдага грунту. І на гэтай аснове ўзводзіўся каменны палац. Па той прычыне, што палі трымаюць канструкцыю палаца, археолагі не капалі ніжэй за палі, баючыся парушыць баланс грунту. Таму па гэтай прычыне на сённяшні дзень частка падмуркаў палаца не даследавана. Але, можа, у будучыні з’явіцца тэхналогія, якая дазволіць гэта зрабіць.

Падчас раскопак, якія вяліся ў канцы ХХ ст., перад адбудовай палаца, археолагі знайшлі многа каштоўных экспанатаў, якія дазволілі аднавіць многія дэталі інтэр’ера рэзідэнцыі.

Агата Садоўская: — Археолагі знайшлі, напрыклад, 25 тысяч фрагментаў кафляў.

А вось звярніце ўвагу на кійкі, якія знайшлі археолагі. Спачатку не было зразумела, чаму яны служылі. Аднак сучасныя тэхналогіі дазваляюць высветліць дату, калі дрэва было ссечана. Гэта адбылося ў XIV ст. Гэтыя кійкі, як лічаць даследчыкі, былі атрыбутамі язычніцкай веры. Літва, як вядома, была ахрышчана ў канцы XIV ст. А кійкі людзі захавалі да “лепшых часоў”. Што цікава, знойдзены роўна 100 кійкоў. Падобных знаходак датаваных іншымі стагоддзямі няма. Таму гэта можа быць яшчэ адзін доказ прыналежнасці кійкоў да язычніцкіх часоў. Хаця некаторыя з гэтым не згодны.

Але вернемся да калекцыі кафляў. На адну з іх, познегатычнага перыяду звярнула асаблівую ўвагу экскурсавод.

Агата Садоўская: — Гэта ўнікальная кафля. На ёй адлюстраваны герб Літвы. І гэта адна з найбольш старажытных яго выяў — не на пячатцы ўладара ВКЛ, а на творы мастацтва.

Значную археалагічную калекцыю складае абутак. Пра тое, як ён захаваўся, мы даведваемся ад гіда.

Агата Садоўская: — Большая частка абутку была знойдзена ў смеццевых ямах. Там жа былі знойдзены пярсцёнкі і іншыя ўпрыгажэнні, а таксама кнігі і кафлі. Мабыць, непатрэбныя рэчы выкідваліся ў такія ямы, спадзеючыся, што хтосьці іх калісьці вычысціць. Сярод абутку трапіліся боты, якія падобны да тых, што меў на сабе вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст, калі ва ўзросце дзевяці гадоў каранаваўся на польскага караля.

Сярод знаходак вылучаецца таксама відэлец, звязаны з эпохай Жыгімонта Аўгуста.

Агата Садоўская: — Праўдападобна, на землі былой Рэчы Паспалітай першы відэлец прывезла з Італіі Бона Сфорца, маці Жыгімонта Аўгуста. Знойдзены падчас раскопак відэлец з’яўляецца адным з самых старых на землях ВКЛ.

Навінкай у палацы ў XVI ст. была лазня. У лазні ж працаваў цырульнік. І яго прылады якраз знойдзены археолагамі, а цяпер выстаўляюцца ў музейнай экспазіцыі.

Агата Садоўская: — Цырульнік, апрача таго, што галіў бароды, пускаў кроў. Кровапусканне, паводле гістарычных крыніц, рэкамендавалася штомесяц, асабліва мужчынам, бо лічылася, што жанчына і так “ачысціцца”. Але ў працэсе кровапускання часам людзі паміралі. А ў адной пісьмовай крыніцы гаворыцца пра тое, што нельга пускаць кроў пад пахамі, бо чалавек памрэ — але не ад страты крыві, а ад смеху.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Мацей Радзівіл расказаў у Вільні, як Расія пазбавіла яго продкаў і сваякоў уладанняў у Нясвіжы

02.11.2023 16:53
Мацей Радзівіл выступіў на міжнароднай навуковай канферэнцыі «Вільня і яе супольнасці ў ХІІІ — XXI стагоддзях: сем вякоў гісторыі суіснавання ў горадзе. У сувязі з 700-годдзем першага ўпамінання Вільні ў гістарычных крыніцах».

Мікеланджэла ў Вільні, Гродне і Варшаве: Мастацтвазнаўцы зрабілі сенсацыйныя адкрыцці

25.01.2024 16:01
Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika выдаў працу пра дзейнасць у Рэчы Паспалітай італьянскага мастака Мікеланджэла Палёні.