Бясплатнае наведванне пастаянных і часовых выстаў, адукацыйныя сустрэчы, лекцыі, канферэнцыі, майстар-класы і музейныя заняткі – усё гэта чакае наведвальнікаў польскіх каралеўскіх рэзідэнцый у лістападзе. У рамках акцыі «Бясплатны лістапад» паглядзець свае калекцыі запрашаюць дзевяць музейных установаў у краіне.
Ужо ў 12-ы раз на працягу ўсяго лістапада можна бясплатна наведаць каралеўскія рэзідэнцыі па ўсёй Польшчы. У сёлетняй акцыі «Бясплатны лістапад», арганізаванай Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны, бяруць удзел дзевяць музейных установаў у краіне.
У Каралеўскім замку ў Варшаве на працягу лістапада можна будзе бясплатна наведаць, між іншым, каралеўскія апартаменты, палац Пад Бляхай; паглядзець выставу: «Паштоўкі з відам замка»і карціну Тыцыяна «Партрэт юнака».
Дырэктар Музея Каралеўскія Лазенкі ў Варшаве Марыянна Атмяноўска(Marianna Otmianowska) запрашае наведаць дзве часовыя выставы ў летняй рэзідэнцыі караля Станіслава Аўгуста:
- У Кадэцкім вучылішчы можна паглядзець выставу: «Маціа Прэці. Адкрываем барочныя таямніцы Мальты», прысвечаную жывапісу XVII стагоддзя, а ў Аранжарэі – выставу скульптуры XX стагоддзя, аўтарства Марыі Папы-Расткоўскай пад загалоўкам» Аб’яцанне шчасця». Дарэчы гэта таксама тытул скульптуры, якую нам перадала сям’я скульптаркі.
Музей Каралеўскія Лазенкі таксама прапануе бясплатна наведаць: Палац на востраве з Каралеўскай карціннай галерэяй, Старую аранжарэю з Каралеўскім тэатрам, Каралеўскую скульптурную галерэю і Галерэю польскай скульптуры, Палац Мышлевіцкіх і Музей палявання і верхавой язды.
«У мінулым годзе да ініцыятывы далучыліся замкі ў Квідзыне і Штуме – то бок філіялы Музея замка ў Мальбарку», – нагадала намесніца дырэктара па маркетынгу і адміністрацыі Замкавага музея ў Мальбарку Агнешка Кавальска(Agnieszka Kowalska):
- У Штуме і Квідзыне мы прапануем паглядзець нашыя пастаянныя выставы, інтэр’ер замкаў. Дадаткова ў Штуме можна паглядзець дзве археалагічныя выставы. Для наймалодшых мы падрыхтавалі адукацыйную прапанову, якая набліжае гісторыю замкаў і ўсяго рэгіёну.
У сваю чаргу сам Замкавы музей у Мальбарку запрашае на галоўную часовую выставу года пад назвай « Nigra crux mala crux. Чорна-белая легенда Тэўтонскага ордэна»:
- Выстава тычыцца міфаў, стэрэатыпаў, якія ўзніклі вакол Тэўтонскага закона і самога замку ў Мальбарку. Сёлета гэта самая буйная часовая выстава. Дадаткова можна паглядзець выставу пад адкрытым небам: «Сям'я Вазаў у Мальбарку». Яна расказвае пра візіты караля Жыгімонта ў рэзідэнцыі.
Намеснік дырэктара Музея палаца караля Яна ІІІ Сабескага ў Вілянаве Пётр Гураец(Piotr Górajec), заахвочвае наведаць гістарычныя сад, парк і сам палац з каралеўскімі апартаментамі:
- Галоўная прываблівасць, гэта магчымасць бясплатна наведаць палац і парк. Апрача таго запрашаем наведаць часовую выставу, прысвечаную татарскай літаратуры, якая прымеркаваная да 340-годдзя бітвы пад Венай.
Каралеўскі замак на Вавелі ў рамках сёлетняй акцыі прапануе наведаць часовую экспазіцыю «Вобраз залатога стагоддзя», кажа намеснік дырэктара музейнай установы Пётр Рабей(Piotr Rabiej):
- Выстава прадстаўляе шырокую панараму мастацкай, літаратурнай і навуковай культуры ў Польшчы XVI стагоддзя пад уладай двух апошніх Ягелонаў. Мы паказваем шэраг экспанатаў, якія з’яўляюцца шдэўрамі жывапісу, залатарства, скульптуры, ілюстрацыі. Будзе таксама магчымасць убачыць зблізку знакамітыя «вавельскія галовы», якія былі зняты спецыяльна для гэтай выставы са столі замкавай Парламенцкай залы.
Дадаткова можна наведаць пастаянныя экспазіцыі: Скарбніцу, Збройную палату і Каралеўскія палаты.
Выставу пад загалоўкам «Сальніцы – маленькія шэдэўры мастацтва» можна паглядзець падчас бясплатнай экскурсіі па Жупным замку ў Вялічцы.
Дырэктар Нацыянальнага музея ў Познані Томаш Лэнцкі(Tomasz Łęcki) запрашае на спецыяльныя экскурсіі:
- Што трэба ведаць пра каралеўскі замак у Познані? Наогул трэба ведаць, каторы з двух замкаў у Познані – гэта каралеўская рэзідэнцыя. Шмат мы даведаемся падчас адмысловых экскурсіяў у экскурсавода Міхала Блашчыньскага.
Дырэктар Замкавага музея ў Сандомежы Мікалай Гетка-Кэніг(Mikołaj Getka-Kenig) падкрэсліў, што «Бясплатны лістапад» – гэта вельмі патрэбная акцыя:
- Лістапад традыцыйна быў такім «мёртвым» месяцам. Аднак цягам трох апошніх гадоў, калі мы ўдзельнічаем у акцыі, у лістападзе замак наведвае натоўп турыстаў, якія пры нагодзе наведваюць таксама горад Сандомеж.
З падрабязнай праграмай «Бясплатнага лістапада» можна пазнаёміцца на сайтах асобных музейных установаў.
Упершыню акцыя «Бясплатны лістапад» была арганізаваная Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны ў 2012 годзе. У 2020 годзе ў сувязі з пандэміяй COVID-19 яна праходзіла цалкам анлайн.
Нагадваем, па арганізацыйных прычынах колькасць людзей, якія адначасова могуць наведаць дадзены абʼект або выставу можа быць абмежаваная, таму варта раней пазнаёміцца з правіламі наведвання паасобных установаў. У некаторых музеях за карыстанне аўдыягідам прыйдзецца заплаціць.
IAR/аз