Беларуская Служба

Быў аўтар «Мазуркі Дамброўскага» скандалістам? Адказ знойдзеце ў Музеі нацыянальнага гімна ў Бэндоміне

03.05.2024 12:02
Музейная ўстанова ў Бэнтоміне быў заснаваная ў 1978 годзе, як першы ў свеце музей гімна.
Аўдыё
  • Музей нацыянальнага гімна Польшчы
Музей нацыянальнага гімна ў Бэндоміне https://www.facebook.com/tpmhn

Кім быў аўтар словаў польскага гімна Юзэф Выбіцкі і чаму ён выклікаў скандал? У якіх акалічнасцях узнік тэкст «Песні польскіх легіёнаў у Італіі»? Чаму гераіня песні – Бася плакала? Чаго зайздросцяць палякам французы? На гэтыя і іншыя пытанні можна атрымаць адказ у невялікай вёсцы Бэндомін(Będomin) у Паморскім ваяводстве, дзе размяшчаецца Музей нацыянальнага гімна Польшчы.

Музей нацыянальнага гімна Польшчы размяшчаецца ў шляхецкай сядзібе з канца XVII і пачатку XVIII стагоддзяў у Бэндоміне, то бок у месцы, дзе 29 верасня 1747 года нарадзіўся Юзэф Руфін Выбіцкі (Józef Rufin Wybicki) – аўтар словаў польскага гімна.

Гэта даволі маладая музейная ўстанова, заснаваная ў 1978 годзе, як першы ў свеце музей гімна, расказвае куратар установы Малгажата Ганьска(Małgorzata Gańska):

- Першапачаткова тут планаваўся біяграфічны музей, прысвечаны Юзэфу Выбіцкаму, пазней гэтыя планы памяняліся і ўзнікла ідэя стварэння іншай музейнай установы, тады выключнай у сусветным маштабе, то бок музея нацыянальнага гімна. Наш музей не мае характары традыцыйнага мастацкага музея. Гэта гістарычны музей, які паказвае ідэю песні – спачатку жаўнерскай, якая пазней стала нацыянальным гімнам.

Юзэф Выбіцкі /Autorstwa Nieznany - Józef Wójcicki: Twórca Hymnu Narodowego Józef Wybicki, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=12219693 Юзэф Выбіцкі /Autorstwa Nieznany - Józef Wójcicki: Twórca Hymnu Narodowego Józef Wybicki, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=12219693

У навейшай частцы аб’екта – адрамантаванай на пачатку XX стагоддзя пасля ранейшага пажару – паказаныя лёсы «Мазуркі Дамброўскага». У старэйшай – арыгінальнай, паказаная экспазіцыя, датычная Юзэфа Выбіцкага і яго часоў:

- Юзэф Выбіцкі не павінен атаясамлівацца выключна з адной, канкрэтнай песняй, якая засланіла іншыя яго дасягненні. Мы паказваем Выбіцкага, як гаспадара, вядомага юрыста. Выбіцкі займаўся таксама геаграфіяй. Быў аўтарам адной з першых публікацый на тэму ўвядзення ў Польшчы банкнотаў. Удзельнічаў у археалагічных раскопках у Пампеях. Ён вывучаў права і эканоміку ў Лейдэнскім універсітэце. Шмат чытаў і самастойна пашыраў свае веды. Ён ведаў таксама замежныя мовы, у тым ліку французскую, з якой перакладаў кнігі на польскую мову. Быў вельмі начытаным чалавекам.

У Юзэфа Выбіцкага было захапляльнае жыццё – маштабу галівудскага фільма, кажа куратар музея Малгажата Ганьска:

- Юзэф Выбіцкі быў двойчы жанаты. Абедзве жонкі былі ягонай вялікай любоўю. Са сваёй першай жонкай Кунегундай Дрвэнскай (Kunegunda Drwęska) ён пазнаёміўся ў Берліне. Гэта было каханне з першага погляду. Аднак Кунегунда была старэйшая за яго на 17 гадоў і ў яе не было пасагу. Нягледзячы на гэта Выбіцкі пажаніўся на ёй насуперак сваёй маці, чым выклікаў вялікі скандал. Аднак шлюбная ідылія працягвалася ўсяго 2,5 года. Кунегунда памерла, будучы цяжарнай. Яго другой жонкай была Эстэра Веруш-Кавальска(Estera Wierusz-Kowalska). У іх было трое дзяцей. Калі прускія ўлады прысудзілі Выбіцкага да смяротнага пакарання, ён быў вымушаны зʼехаць за мяжу. З сям’ёй сустрэўся толькі пасля 12 гадоў разлукі.

Пасля смерці першай жонкі Выбіцкі аддаў маёнтак у Бэндоміне ў арэнду, пасяліўся ў Познані, дзе працаваў пісьменнікам. У 1781 годзе разам з другой жонкай набыў маёнтак Манечкі (Manieczki) у Вялікапольшчы, а праз два гады прадаў Бэндомін. Пасля падзення паўстання Касцюшкі, Выбіцкі з’ехаў у Парыж, дзе хадайнічаў за стварэнне польскага войска у Францыі. Што ведаем пра акалічнасці ўзнікнення песні?:

- Ёсць дзве версіі. Адна рамантычная, паводле якой Юзэф Выбіцкі прыехаў у Рэджо-Эмілія, пабачыў польскіх жаўнераў і пад уплывам эмоцый напісаў «Песню польскіх легіёнаў у Італіі». Паводле другой, больш праўдападобнай версіі, стваральнік легіёнаў генерал Ян Генрык Дамброўскі, з якім Выбіцкі сябраваў, шыкаў спосаб на абʼяднанне жаўнераў. Паколькі ў большасці жаўнеры былі непісьменныя, запамінальная песня давала перавагу і шанец на абʼяднанне польскіх жаўнераў у Італіі.

У Польшчы было шмат папулярных патрыятычных песень. Чаму тады ў 1927 годзе «Мазурка Дамброўскага», як пазней назвалі «Песню польскіх легіёнаў у Італіі» была прызнаная нацыянальным гімнам? Паводле Малгажаты Ганьскай, на гэта паўплывалі некалькі фактараў:

- Гэта адбылося пасля Майскага перавароту (збройнага захопу ўлады ў Польшчы, які здзейсніў Юзаф Пілсудскім- рэд.). У яго выніку да ўлады ў Польшчы прыйшлі былыя легіянеры, якія лічылі сябе спадкаемцамі генерала Яна Генрыка Дамброўскага. Гэтая падзея падзяліла польскае грамадства. І тут зноў «Мазурка Дамброўскага» павінна была аб’яднаць палякаў. Па прычыне палітычных асацыяцыяў, гэта не маглі быць «Першая брыгада» ці «Рота». У сваю чаргу ««Песня польскіх легіёнаў у Італіі» была настолькі старой і вядомай палякам, што толькі яна выконвала ўсе патрабаванні гімна.

Копія рукапісу «Песні польскіх легіёнаў у Італіі»/Autorstwa Józef Wybicki (1747–1822) - https:\/\/www.anthem.pl/, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=3680272 Копія рукапісу «Песні польскіх легіёнаў у Італіі»/Autorstwa Józef Wybicki (1747–1822) - https:\/\/www.anthem.pl/, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=3680272

«Песня польскіх легіёнаў у Італіі» з самага пачатку падвяргаўся розным зменам. Паколькі песня была забаронена акупацыйнымі ўладамі падзеленай Польшчы, то яна распаўсюджвалася, перш за ўсё, у вуснай форме. Яе вывучалі напамяць, а пазней то забывалі, то перакручвалі тэкст. Напрыклад, фрагмент: «Яшчэ Польшча не памерла…» быў заменены сказам: «Яшчэ Польшча не загінула…». Яшчэ ў часы легіёнаў з песні зніклі дзве звароткі і больш не вярнуліся ўжо ў афіцыйную версію. Мянялася таксама чарговасць зваротак. Канчаткова, у 1926 годзе адмысловая камісія Міністэрства рэлігійных веравызнанняў і народнай асветы распрацавала тэкст гімна, які абавязвае па сённяшні дзень.

Хоць «Песні польскіх легіёнаў у Італіі», якая ўзнікла ў 1797 годзе, зараз ужо 227 гадоў, то ейны тэкст надалей хавае некалькі таямніцаў, кажа Малгажата Ганьска:

- Мы пастаянна задумоўваемся над звароткай пра Чарнецкага. Тое, што генерал Стэфан Чарнецкі перасякае мора – гэта ў гістарычным аспекце зразумелае. Тут гаворка ідзе пра тое, што генерал кінуўся на шведскія войскі, якія атакавалі дацкую выспу Альс у 1658 годзе. Тым не менш мы не можам знайсці яго вяртання ў Познань. Выбіцкі дадаў Познань па настальгіі, або раней была нейкая легенда, пра якую мы проста не ведаем. Для нас гэта застаецца загадкай. Некаторыя таксама задумоўваюцца над «Басяй і ейным бацькам». Паводле адных – плача Бася. Паводле другіх – ейны бацька, які расчуліўся, пачуўшы барабаны польскага войска. Ці Бася плакала б убачыўшы прыгожых польскіх жаўнераў? Думаю, што не. Яна б радавалася.

Што здзіўляе наведвальнікаў Музея нацыянальнага гімна?:

- Найчасцей яны здзіўлены, што Выбіцкі напісаў шэсць зваротак, а зараз афіцыйны гімн Польшчы мае іх толькі чатыры. Некаторыя былі перакананыя, што зваротак насамрэч было 20, бо яны чыталі траверсіі песні, у рамках якіх да арыгіналу дапісвалі дадатковыя звароткі, якія праслаўлялі розныя гістарычныя постаці. Людзей здзіўляе само існаванне такога музея. Калі нас наведвалі групы турыстаў з Францыі, то яны нам страшна зайздросцілі, што ў нас ёсць свой Музей нацыянальнага гімна. Трэба таксама дадаць, што не кожны гімн мае настолькі доўгую і цікавую гісторыю і традыцыю, як польскі.

- дадала куратар Музея нацыянальнага гімна ў Бэндоміне Малгажата Ганьска.

Нагадваем, «Песня польскіх легіёнаў у Італіі» – гэта нацыянальны сімвал, да якога трэба ставіцца з пашанай. Слухаем гімн стоячы. Мужчыны з непакрытай галавой, хіба што яны ў мундзіры. Гімн трэба спяваць правільна – не перакручваючы слоў. Ёсць абавязковая мелодыя гімна, якой трэба прытрымлівацца – тут няма месца імправізацыі.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Упершыню ў гісторыі Палац Рэчы Паспалітай у Варшаве адкрываецца для наведвальнікаў (ВІДЭА)

12.04.2024 21:30
Пасля адмысловай мадэрнізацыі ў палацы можна будзе пазнаёміцца з унікальнымі калекцыямі  Нацыянальнай бібліятэкі.