Блог «Па просту» на сайце isokolka.eu вядзе Галіна Радуха. Яго мэта – захаваць мову, успаміны, традыцыі, звычаі ды абрады найстарэйшых жыхароў Сакольшчыны і Дуброўшчыны, што на Беласточчыне.
Час не стаіць на месцы. Найстарэйшыя жыхары нас пакідаюць, і разам з імі – гісторыя жыцця, цяжкай працы і радасці штодзённага дня. Запісаць гэтыя гісторыі вырашыла Галіна Радуха, жыхарка вёскі Астраўкі, што ў гміне Дуброва Беластоцкая. Яна пачала запісваць абрады, традыцыі, аповеды і ўспаміны людзей. Блог «Па просту» вядзецца на мове, якой карысталіся і карыстаюцца жыхары Сакольшчыны і Дуброўшчыны.
«Пачалося з таго, што я хацела запісаць і захаваць мову, успаміны, традыцыі, звычаі ды абрады найстарэйшых жыхароў Сакольшчыны і Дуброўшчыны ад забыцця. Хацела паказаць людзям мову, прыпомніць яе, вярнуць у публічную прастору», – кажа Галіна Радуха.
«Блог існуе ўжо некалькі гадоў, і калі я праглядаю тэксты, то бачу, што мае найстарэйшыя героі ўжо не жывуць. А я заўсёды хацела, каб наша гісторыя засталася для нашчадкаў, каб маладыя пакаленні ведалі, як цяжка працавалі іх прадзеды, якое ў іх было жыццё, якія абрады, традыцыі», – зазначае аўтарка блога.
«Маладыя яшчэ разумеюць, але штораз менш размаўляюць «па-просту». Да кожнага тэксту я старалася замясціць нейкі фотаздымак, чорна-белы, ці то з архіва жыхароў, ці свайго. Блог выклікаў пазітыўны і шырокі водгук сярод карыстальнікаў сайта», – падкрэслівае жанчына.
поўная размова з аўтаркай блога – слухайце аўдыёфайл
З Галінай Радухай размаўляла Анна Пятроўская.