Беларуская Служба

Невядомыя факты з жыцця кс. Папялушкі - на выставе з нагоды 40-годдзя са дня яго смерці

16.06.2024 10:19
«Праўда і свабода. Айцец Ежы Папялушка» – пад такой назвай у Музеі Варшаўскай архідыяцэзіі працуе выстава пра вядомага польскага святара, забітага камуністамі ў 1984 годзе.
.
.фота: Muzeum Archidiecezji Warszawskiej

Фотаздымкі, запісы і фрагменты пропаведзяў распавядаюць пра жыццё святара, яго сям’ю, сяброў, а таксама паказваюць яго дзеянні ў часы «Салідарнасці» і ваеннага становішча, аж да мучаніцкай смерці.

Як распавядае Польскаму радыё куратар выставы Лукаш Касоўскі, аповед пра выставу з розных перыядаў ягонага жыцця вядзе сам ксёндз Ежы Папялушка, а таксама Служба бяспекі, якая сачыла за святаром:

-То бок гаворка пра даносы на ксяндза. Адначасова мы чытаем словы, якія ксёндз прамаўляў падчас пропаведзяў, чытаем нататкі, якія ён рабіў. А пад імі даносы на яго. Папялушку трэба знішчыць, забіць. Спадзяюся, што падвойны характар аповеду, разбежнасць паміж яго словамі і тым, што рыхтуюць яго забойцы, ствараюць на выставе пэўную напружанасць, якая мае сваю каштоўнасць.

Як дадае Лукаш Касоўскі, вялікую каштоўнасць маюць таксама малавядомыя здымкі і копіі рэчаў з сямейнага дома ў Акопах:

-Той, хто там быў, ведае, якая мэбля стаяла ў доме святара, абрусы, падсвечнікі, гэта ўсё тут ёсць. Удалося аднавіць раздзел жыцця святара – падарожжы. Хто ведае, што ксёндз Ежы пяць разоў ездзіў у Амерыку, аб’ездзіў усю краіну, добра яе ведаў? Вашынгтон, Нью-Ёрк, Філадэльфія. Хто ведае, якую касету ён уключаў у аўтамабілі? Боб Марлей, які ў нас гучыць як фонавая музыка.

Катажына Саборак, звязаная з парафіяй на варшаўскім Жалібажы на працягу 40 гадоў, удзельнічала ва ўсіх святых Імшах за Радзіму, якія цэлебраваў ксёндз Ежы, а таксама была натарыўсам у працэсе беатыфікацыі. Яна падкрэслівае, што цяжка апісаць велізарнасць дабра, якое зрабіў ксёндз Ежы Папялушка:

-Гэта тысячы людзей, якія прыходзілі на імшы за Айчыну. Касцёл заўсёды быў поўным. Ацэньвалася, што гэта былі 10-20 тысяч на святой Імшы. Гэта выклікала вялікае здзіўленне тагачасных уладаў. Ксёндз Ежы быў здольны даць надзею, супакоіць узбуджаныя сэрцы, угаварыць людзей, каб са злом яны змагаліся дабром. Ён неяк гэта рабіў.

На выставе «Праўда і свабода» можна пабачыць творы сучаснага мастацтва, пазычаныя з польскіх музеяў і прыватных збораў, якія адпавядаюць выставе. На выставе таксама прадстаўлены запісы сведкаў і сяброў ксяндза Ежы, сабраныя Музеем ксяндза Ежы Папялушкі, а таксама арыгінальныя фанаграмы, падрыхтаваныя спецыяльна для выставы.

Выстава ў Музеі Варшаўскай архідыяцэзіі будзе даступная да 3 лістапада. Яна была падрыхтавана ў сувязі з 14-годдзем беатыфікацыі ксяндза Папялушкі і ў год святкавання 40-годдзя яго смерці.

ав

Больш на гэтую тэму: Багацце веры