Беларуская Служба

Даследчык: Палякі ў Сібіры з’явіліся больш за 400 гадоў таму, гэта ў т.л. выхадцы з тэрыторыі сучаснай Беларусі

20.06.2024 14:37
20 чэрвеня на навуковай канферэнцыі «30-годдзе камісіі па даследаванні гісторыі Сібіры Польскай акадэміі навук» адбылася прэзентацыя кнігі Syberia i Polska – miejsca wspólne w literaturze i historii.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". П.Глушкоўскі пра Беларусь і Сібір.
20     30-            Syberia i Polska  miejsca wspólne w literaturze i historii.
20 чэрвеня на навуковай канферэнцыі «30-годдзе камісіі па даследаванні гісторыі Сібіры Польскай акадэміі навук» адбылася прэзентацыя кнігі Syberia i Polska – miejsca wspólne w literaturze i historii.https://mieroszewski.pl/

20 чэрвеня ў Варшаве, у Інстытуце гісторыі імя Тадэвуша Мантэйфеля Польскай акадэміі навук, прайшла навуковая канферэнцыя «30-годдзе камісіі па даследаванні гісторыі Сібіры Польскай акадэміі навук».

Сустаршыня камісіі па даследаванні гісторыі Сібіры Польскай акадэміі навук Пётр Глушкоўскі ў інтэрв’ю Беларускай секцыі Польскага радыё ў сувязі з правядзеннем у Варшаве навуковай канферэнцыі, прысвечанай 30-годдзю камісіі, звярнуў асобую увагу на беларуска-польска-сібірскія сувязі ў мінулым і ў навуковым асяроддзі ў нашы дні.

Пётр Глушкоўскі: — Палякі ў Сібіры прысутнічаюць не толькі ў апошнія два стагоддзі — з ХІХ і ХХ стст. Палякі ў Сібіры з’явіліся больш за 400 гадоў таму. У той час, калі Іван Грозны пакараў Сібір, а паходы туды аганізоўваў Ярмак, адбываліся войны з польска-літоўскай дзяржавай — Рэччу Паспалітай, якія працягваліся пры наступных маскоўскіх царах. І многія з нашых землякоў, якія траплялі ў маскоўскую няволю, ссылаліся ў Сібір — з XVIXVII стст. Натуральна, гэта тады не мела такога масавага характару, як у XIX ст., пасля Лістападаўскага, Студзеньскага паўстанняў. А паколькі ў Сібір ссылаліся перш за ўсё асобы з усходніх зямель Рэчы Паспалітай, то і сярод іх было многа выхадцаў з тэрыторый сучасных Беларусі, Украіны, а таксама з Інфлянт (Лівоніі, або Латгаліі. — Рэд.).

Syberia i Polska – miejsca wspólne w literaturze i historii («Сібір і Польшча — агульныя месцы ў літаратуры і гісторыі») — прэзентацыя кнігі пад такой назвай адбылася раніцай 20 чэрвеня падчас навуковай канферэнцыі «30-годдзе камісіі па даследаванні гісторыі Сібіры Польскай акадэміі навук». Выданне ўбачыла свет дзякуючы варшаўскаму Цэнтру дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага ў супрацоўніцтве з Мемарыяльным музеем Сібіры і Варшаўскім універсітэтам. Сярод укладальнікаў кнігі — Пётр Глушкоўскі (разам з Магдаленай Дамброўскай, Мацеем Вырвам і Марцінам Звольскім). Кніга прадстаўляе міждысцыплінарны погляд на складаныя адносіны паміж Польшчай і Сібір’ю, паказваючы іх шматмернасць як у гістарычным, так і ў культурным кантэксце.

Кніга складаецца з даследаванняў амаль трыццаці гісторыкаў, літаратуразнаўцаў, культуролагаў, музыказнаўцаў і этнографаў, якія прапануюць комплексны падыход да сібірскай праблематыкі. Аўтары з розных галін навукі ахапілі часта складаныя і балючыя моманты гісторыі польска-сібірскіх сувязей. У манаграфіі падкрэсліваецца важнасць калектыўнай памяці і індывідуальнага вопыту для аналізу гісторыі Польшчы і Сібіры.

Праўда, як адзначае Пётр Глушкоўскі, калісьці плённае супрацоўніцтва вучоных Польшчы, Расіі і Беларусі па вывучэнні Сібіры сёння ўскладнілася.

Пётр Глушкоўскі: — Камісія па даследаванні гісторыі Сібіры Польскай акадэміі навук запрашае да супрацоўніцтва даследчыкаў з іншых краін. Як я ўжо гаварыў, гісторыя палякаў у Сібіры закранае не толькі Польшчу, але і Беларусь, Украіну, Літву і перш за ўсё Расію. Аднак у сучаснай складанай сітуацыі камісія не хацела б супрацоўнічаць на ранейшых умовах з Расіяй. Аднак на канферэнцыі прысутнічала даследчыца з Омска Святлана Муліна, якая мае “Карту паляка” і ўжо на працягу многіх гадоў супрацоўнічае з камісіяй, яе артыкулы перакладаліся на польскую мову, зрэшты, і яна сама дасканала валодае польскай мовай. Святлана Муліна даследуе, у прыватнасці, штодзённае жыццё палякаў у Сібіры ў святле сучаснай расійскай гістарыяграфіі, пра што расказала на канферэнцыі.

Як прыклад вучонага з Расіі, які цяпер працуе ў Польшчы і займаецца сібірскай праблематыкай, прывяду Кюнэй Такасаеву (Такахай), каардынатара польска-сібірскай даследчай групы на факультэце Artes Liberales Варшаўскага ўніверсітэта. Яна падзялілася сваім поглядам на тое, як з 2022 года (пасля поўнамаштабнай агрэсіі РФ і яе саюзніцы РБ супраць Украіны. — Рэд.) даследаваць Сібір — ва ўмовах, калі польскія даследчыкі не могуць наведваць Сібір, сустракацца з расійскімі вучонымі. І ў сувязі з гэтым прапануецца карыстацца архівамі ва Украіне, Казахстане, да якіх мы маем лепшы доступ.

А ў зборніку, які рыхтуецца ў сувязі з 30-годдзем камісіі па даследаванні гісторыі Сібіры Польскай акадэміі навук, мы плануем апублікаваць артыкул праф. Вячаслава Шведа, які паходзіць з Гродна і цяпер працуе ў Варшаўскім універсітэце, пра ссыльных з тэрыторыі Беларусі пасля Студзеньскага паўстання.

Пётр Глушкоўскі адзначае, што на працягу апошняга часу многія даследчыкі з краін Усходняй Еўропы перабраліся ў Варшаву і тут працуюць, а сярод іх і тыя, хто вывучае польска-сібірскія адносіны, у т.л. выхадцы з самой Сібіры.

Пётр Глушкоўскі: — Напрыклад, гэта літаратуразнавец Святлана Паўленка, якая цяпер працуе ў Гданьскім універсітэце і вывучае сучасную літаратуру пра Сібір. Такіх асоб з іншых краін, якія супрацоўнічаюць з камісіяй па даследаванні гісторыі Сібіры Польскай акадэміі навук, многа, аднак аснову складаюць гісторыкі, філолагі і этнолагі з польскіх ВНУ і іншых устаноў. Аднак шматгадовы старшыня камісіі праф. Вуйцік не раз падкрэсліваў, што мы заўсёды адкрыты да супрацоўніцтва з даследчыкамі з Усходу, а таксама запрашаем вучоных з Захаду, якія па аб’ектыўных прычынах радзей займаюцца польска-сібірскімі сувязямі і прысутнасцю палякаў у Сібіры.

Пётр Глушкоўскі спадзяецца, што з часам наладзяцца адносіны і з даследчыкамі з Беларусі.

Пётр Глушкоўскі: — Яшчэ нядаўна на пасяджэнні камісіі прыязджалі нашы калегі з Гродна і Мінска, напрыклад, праф. Слівоўская, спадар Радзюк і інш. Але цяпер па аб’ектыўных прычынах гэта супрацоўніцтва абмежавана, хаця не так моцна як з Расіяй, аднак яно ўжо не такое плённае, як было раней.

Але сапраўды, тэм, якія важныя для Беларусі, Украіны, а таксама для Літвы многа.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Працы Камісіі па даследаванні гісторыі Сібіры Польскай АН закранаюць і гісторыю беларусаў

04.04.2024 15:37
8 красавіка ў Варшаве адбудзецца чарговае пасяджэнне Камісіі па даследаванні гісторыі Сібіры пры Польскай акадэміі навук.

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы выдаў кнігі па гісторыі польскіх нацыянальных раёнаў у БССР і УССР

16.05.2024 15:20
Кніга Marchlewszczyzna 1925-1935. Polski rejon narodowościowy na sowieckiej Ukrainie тэматычна працягвае працу Dzierżyńszczyzna 1932–1937. Rejon skazany na likwidację.

Варшаўскі беларусіст даследуе Арменію

13.06.2024 14:14
Прафесар Варшаўскага універсітэта Андрэй Масквін на стажыроўцы ў Арменіі вывучае старажытныя і сучасныя культурныя традыцыі гэтай краіны.